Амаль сто дзяцей з сардэчна-сасудзістымі і анкалагічнымі захворваннямі аздаровяцца ў ДРАЦ «Надзея» і НДЦ «Зубраня». Беларускі дзіцячы фонд па традыцыі адкрывае на базе цэнтраў рэабілітацыйныя змены.
– Мы хочам, каб дзеці зразумелі, што жыццё радаснае, не падобнае на тое, якое яны бачылі з акна палаты. Новыя сябры, стасункі і асабістая гісторыя поспеху робяць адпачынак непаўторнай прыгодай, – адзначае каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч. – Асаблівасць зменаў у тым, што дзеці адпачываюць без бацькоў. Для большасці гэта першы вопыт самастойнага жыцця. Яны робяцца больш упэўненымі і незалежнымі, развіваюць навыкі самаабслугоўвання. Паляпшэнні і набытыя ўменні маюць доўгатэрміновы эфект і станоўча ўплываюць на паводзіны дзіцяці дома.
Змена «Вясёлыя сардэчкі» адкрылася 22 ліпеня і працягнецца па 1 жніўня. На базе «Надзеі» аздаровіцца 41 дзіця з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Беларускі дзіцячы фонд, кардыёлагі і педагогі, абапіраючыся на сучасныя рэабілітацыйныя магчымасці «Надзеі», распрацавалі спецыяльны курс. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія тут адпачываюць, атрымліваюць фіта-, арома- і спелеатэрапію, займаюцца ЛФК, на трэнажорах, ходзяць па «Сцежцы адчуванняў», шпацыруюць па лесе, катаюцца на роварах, купаюцца ў возеры.
Праходзяць футбольныя і валейбольныя матчы, турніры па настольным тэнісе. Арганізуюцца экскурсіі, інтэлектуальныя заняткі, конкурсы, гульні, майстар-класы і гурткі па інтарэсах. Гештальт-тэрапеўт распрацавала аўтарскую праграму псіхалагічнай падтрымкі дзяцей.
Змена «Вясёлка надзеі» распачнецца 23 ліпеня і будзе доўжыцца па 9 жніўня. На базе «Зубраняці» аздаровяцца дзеці, якія перанеслі анкалагічныя захворванні. Сёлета на Нарачы адпачнуць 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны будуць наведваць інтэрактыўныя пляцоўкі і інтэлектуальны цэнтр, займацца ў гуртках. Таксама ў іх распараджэнні – ровары і ролікі, басейн і батут. Чакаецца экскурсія па Нарачанскім коле.
Фота забяспечана Юліяй Капцэвіч.