Аднойчы ўвечары Адэля з’явілася ў такім выглядзе, што я ажно за сэрца схапілася. Брудная воўначка намоклая, капыткі аблепленыя брудам, выгляд няшчасны.
— Што з табою, Адэлька? Ты цэлая?– жахнулася я.
— Цэлая… Але мне тэрмінова трэба памыцца, — гаротна прабляяла прыяцелька.
Я падхапіла авечачку на рукі, занесла яе ў лазенку. Напусціла цёплай вады, дадала пахучай пены, зняла з вушка кліпсу, якая ззяла трыма вялікімі рознакаляровымі стразамі, і пачала мыць пакутніцу.
— Што здарылася?
— Мы сёння з Малімонкай хадзілі на далёкі лужок…
— Зноў «самаволка»?
— Не! Нас гаспадыня выправіла. Маўляў, там расце вельмі сакавітая канюшынка. Мы пайшлі, цэлы дзень пасвіліся, а пад вечар лінуў дождж. Такіх лужын наліло! Калі вярталіся дадому, Малімонка стала даводзіць, што яна праз любую пераскочыць. І праўда, яна вельмі спрытна скача. Але ж задаецца! Я падумала, што і мне трэба паспрабаваць, бо вельмі Малімонцы нос падцерці хацелася.— Адэля з задавальненнем падстаўляла свае бачкі пад струмень вады і шаравалася вяхоткай. — Разагналася, скочыла – і якраз у сярэдзіну лужыны. А там дно такое гразкае! Стаю ў лужыне – ні назад ні ўперад. Адчуваю, як ножкі засмоктвае, ад страху слова вымавіць не магу. А Малімонка крычыць: «Вылазь! Досыць у гразі боўтацца, ты ж не парася!» Калі зразумела, што я ў бяду трапіла, забегала, замэкала. А навокал – ні душы! Ну, думаю, скончылася мая гісторыя. Феніта ля камедыя! – трагічным голасам дадала Адэля.
— Дык як ты вызвалілася? – пацікавілася я спачувальна.
— Пашчасціла! Праз некалькі хвілін падышлі два дзядзькі ў высокіх рыбацкіх ботах. Яны выцягнулі мяне адным махам. Ах, спадарыня Наталля, з тае пары, як вы пачалі пісаць пра мяне кніжку, чаго я толькі ні нацярпелася. Раней жыла сабе ціха і спакойна, ніякага клопату не ведала. А цяпер у якія толькі небяспечныя ці недарэчныя здарэнні ні трапляю, і сама прыкрае, што яшчэ даводзіцца пра іх усяму свету расказваць.
Адэля і «Грынпіс» (казка)+ аўдыё
— Нешта я не прыпомню нічога асаблівага апрача пагроз цёткі з ветдактарамі.
— Бо я вам не ўсё расказала. А на мінулым тыдні мяне ледзь сабака не пакусаў.
— А-ёй, як жа гэта?
— Я ішла паўз плот, за якім сядзеў сабака. Я пабачыла ланцуг на яго шыі і стала насміхацца, што магу гуляць вольна, а ён навязаны.
— Дарэмна ты гэта зрабіла, Адэля.
— Так, не варта было чапаць яго. Ён груба заявіў, што не ў гуморы і не хоча са мной гаварыць. Я не стрымалася і паказала яму язык. А ён як кінецца на мяне! Добра, што ланцуг стрымаў. Шчасце, што яго гаспадар здагадаўся навязаць. З такім характарам толькі і навязваць!
— Але ж твае паводзіны таксама вартыя асуджэння.
— Як вы можаце параўноўваць? Я яго толькі крышку падражніла, а ён адразу кусацца. А ўсё вы вінаватая са сваёй кніжкай! Калі што яшчэ здарыцца – гэта будзе на вашым сумленні.
— Дык кіньма мы гэтую задумку! Жыві сабе зноў спакойна, без турбот.
— Вы мне такое прапаноўваеце?— ускіпела Адэля. – Усе мае сябры чакаюць выхаду кніжкі, дый некалькім выдаўцам я ўжо слоўца замовіла.
Я ледзь не звалілася ў ванну ад нечаканасці.
— Адэля, мы дамаўляліся, што не будзем языком мянташыць! Ты зусім не ўмееш трымаць слова!
— Гэта вы не ўмееце слова трымаць. Паабяцалі кніжку напісаць, а цяпер ледзь што – адразу ў кусты! Мала таго, што мяне падводзіце, дык і пра славу сваю ані не дбаеце. Усё я мушу!
Я аж знямела. Выходзіць, што ўсё гэта дзеля маёй славы робіцца?!
— Ведаеш, Адэлька, — цвёрда пачала я, — дзякуй табе за клопаты, але я сама неяк са сваімі справамі разбяруся. І заўваж – не так ужо я прагну славы. Буду лепш пра баброў дапісваць.
— Цьфу! Каму цікавыя тыя бабры? Іх нават з Чырвонай кнігі выкінулі. Несучасная тэма. І пра сакрэтнасць мы даўно дамаўляліся, я пра гэта ўжо забылася. А будучых чытачоў варта падрыхтаваць да выхаду кнігі, даць адно-два інтэрв’ю, наладзіць прэзентацыю…
— Адэля, скуль такая дасведчанасць у выдавецкіх справах? – не стрымалася я.
— А што ж! Сярод разумных людзей жыву. І наогул, па цяперашнім часе нельга спаць у шапку. Трэба ўпарта ісці да сваёй мэты. Я абавязкова стану знакамітай. І пісаць кніжку пра мяне вы не кінеце. Вунь ужо колькі напісалі, а цяпер кідаць? Думаеце, я не ведаю, што вы таксама асоба ўпартая?!
Адэля ўрэшце выбралася з ванны, загарнулася ў ручнік. Яна была такая мізэрная ў сваім намоклым футрачку, што я не магла стрымацца ад шкадавання, узяла ў рукі фен і павяла яе ў мяккае крэсла перад люстэркам – сушыцца. Адэля мне разоў пяць нагадала, каб я ні ў якім разе не тарганула яе воўначку. Я асцярожна высушыла і расчасала яе, накарміла яечняй ды салатай, напаіла гарбатай з ліпавым мёдам і малінавым сочывам, пачаставала смачнымі смятаннікамі.
Скончыўшы вячэру, Адэля павесялела. Яна расцягнулася на канапе і папрасіла:
— Падайце, калі ласка, тэлефон. Трэба гаспадыні патэлеванаваць, супакоіць.
— Алё, пані Гэлена, я сёння ў такую гісторыю трапіла, — пачала скардзіцца Адэля, як толькі гаспадыня ўзяла слухаўку, — такога жаху нацярпелася, так напакутвалася. Малімонка ўжо расказала? Так, цяпер са мной усё добра. Ведаеце, мне спадарыня Наталля прапанавала ў яе нанач застацца. Дык вы за мяне не турбуйцеся. Дамовіліся? Заўтра на працы буду ў час. Дабранач.
Прыгоды Адэлі. Візіт Малімонкі і Даліктусі (казка)+аўдыё
Адэля паклала слухаўку і засмяялася:
— Бачыце, як цудоўна! Мы з вамі можам цэлы вечар спакойна абмяркоўваць свае справы. Мне няма куды спяшацца. І наогул, нядрэнна было б перабрацца да вас на колькі дзён ці нават тыдняў, каб вы маглі глыбей сягнуць у мой нутраны свет. Але думаю, гаспадары не пагадзяцца мяне адпусціць.
Я паспешліва запэўніла Адэлю, што мне стае матэрыялу і што няма патрэбы так турбавацца. Уладкавала прыяцельку ўва ўтульным крэсле, сама села на канапе, і мы сапраўды гадзіны дзве вельмі прыемна пагаманілі пра сёе-тое. Уначы мой салодкі сон раптам быў перарваны гучным шэптам:
— Вы спіцё?
— Ужо не, — незадаволена буркнула я.
— Спадарыня Наталля, зачыніце фортку. Мне дзьме, — капрызлівым тонам заявіла Адэля.
— Ты і сама магла яе зачыніць, — пазяхнула я.
— Магла, але ваша канапа стаіць бліжэй да акна.
Я ўстала і моўчкі зачыніла фортку. «Цяпер мне не хочацца разбіваць сон, — думалася мне, — але пачакай да раніцы, даражэнькая! Я табе патлумачу правілы паводзін!»
А раніцай мяне чакала на стале кава і яйкі, звараныя «ў мяшэчак» і невялічкая пісулька: «Ну і спіце сабе, колькі ўлезе. А бедная авечачка мусіць ледзь свет на работу бегчы».
Некалькі дзён Адэля не паказвалася. Ад яе гаспадыні я ведала, што ўсё добра, проста авечка такі ўбіла сабе ў галаву, што мусіць стаць модным стылістам. Яна цэлыя вечары бавіла разам з Малімонкай і Даліктусяй, абуджаючы іх цікавасць да стыльных строяў, упрыгожванняў і прычосак. Даліктуся выявілася вельмі зацікаўленай асобай, але мусіла штораз кідаць заняткі зараня, бо трэба было яшчэ дабрацца ў сваю вёску. А Малімонка не надта прыслухоўвалася да Адэліных парад — больш захаплялася танцамі. Адэля тэлефанавала мне і скардзілася, што не можа працаваць у такіх умовах: адна заўсёды збягае, другая і пяці хвілін спакойна ўседзець не можа.
Я была пэўная, што Адэля знікла ненадоўга – хутка аб’явіцца. Калі аднойчы позна ўвечары прарэзліва зазвінеў мой тэлефон, я адразу здагадалася, што на сувязі Адэля. І не памылілася.
— Спадарыня Наталля! Ратуйце мяне! Тэрмінова!
— Што здарылася? Можа, трэба «хуткую дапамогу» выклікаць?
— Не трэба! Бяжыце хутчэй да мяне! І захапіце нафталін! Хутчэй! – Адэля кінула слухаўку.
Я замітусілася па пакоі. Нафталін! Што гэта? Нешта нават не памятаю. На ўсялякі выпадак я кінула ў сумачку валяр’янку, карвалол, марганцоўку і нашатыр – практычна ўсё, што трапілася пад руку і подбегам кінулася на помач сваёй прыяцельцы.
Ну і відовішча ўяўляў сабой Адэлін загончык! Вокны і дзверы насцеж, усё параскідана, рэчы на падлозе валяюцца! А Адэля, узброіўшыся лопаўкай, з галёканнем носіцца па пакоі. А за кім носіцца, на каго палюе? Я стала на парозе, баючыся пераступіць, каб не трапіць ваяўнічай авечцы пад руку.
— Адэля! Я думала, цябе ратаваць трэба. А табе нічога не пагражае. Наадварот, ты некаму пагражаеш…
— Гэта вам нічога не пагражае, таму вы такая адважная. Нафталін прынеслі? – не прыпыняючыся пацікавілася Адэля.
— Не знайшла, — прызналася я. – Затое вось карвалол, валяр’янка…
— Што? – заверашчала Адэля. – Ну ўсё! Канец майму хараству і ўнікальнасці! – Яна кінулася на канапку і так загаласіла, што ў мяне ледзь сэрца не абарвалася.
— Адэлька! – я падскочыла да прыяцелькі, — растлумач, што робіцца, ад чаго цябе ратаваць? Дзе твае гаспадары?
— Гаспадароў няма, на госці паехалі. Толькі заўтра вернуцца. А тут хоць касцьмі лажыся – нікому справы няма!
— Ды што здарылася? – Тут ужо я нервова дастала бутэлечку з валяр’янкай і стала разглядацца, шукаючы шклянкі. Шклянка валялася на стале. Схапіла яе, наліла з графіна вады і накапала кропель. Адэля выхапіла шклянку з маіх рук, асушыла адным глытком і зноў заенчыла, абхапіўшы сябе капыткамі.
— Пані Наталля! Вораг! Найстрашнейшы вораг убіўся ў маё жытло і нішчыць усё вакол! Неўзабаве і да мяне дабярэцца.
Я спалохана зірнула на бакі – дзе ён, той вораг, хаваецца? Ухапіла парасон, што валяўся побач (мне ён здаўся больш надзейнай зброяй, чым лопаўка), і зазірнула пад канапку. Нікога. Глыбока ўздыхнуўшы, накіравалася да шафы.
— Стойце! – залямантавала Адэля так прарэзліва, што я нават адскочыла. – Не падыходзьце! Ён там і хаваецца!
Я схапіла тэлефон. Ведаеце, гэта ўжо не жарты. Калі на сумленную авечку поначы нападае вораг, трэба тэрмінова выклікаць міліцыю, а не валяр’янку глыкаць! Рукі калаціліся, і я ніяк не магла патрапіць на патрэбныя кнопачкі.
— Што вы робіце? – пацікавілася Адэля.
— Як што? Міліцыю выклікаю!
— Ой, спадарыня Наталля! Вы яшчэ большая панікёрка, чым я думала! Толькі міліцыі мне тут і неставала. Самі дамо рады.
— Мы з табой удвух бандыта не зловім, — разгубілася я.
— Злавілі б, каб вы нафталіну прынеслі, а так давядзецца з лопаўкай ганяць.
— Адэля! Растлумач мне, што тут адбываецца? Каго мы лавіць будзем?
— Вы заўсёды такая няўважлівая! Я ж сказала – ворага. А найстрашнейшы авечы вораг — МОЛЬ!
— Што? – Ад неспадзёўкі я зачапілася за венік, што валяўся на падлозе і ледзь не расцягнулася побач. Каб не грымнуцца, давялося ўхапіцца за шафу. Дзверцы прыадчыніліся і адтуль сапраўды вылецеў матылёк молі.
— А-ёй! Пагібелі маёй хочаце! Што вы робіце?! — загаласіла Адэля і, падхапіўшы лопаўку, зноў панеслася па пакоі.
Яшчэ не вельмі цямячы, чаму гісторыя набывае такі трагізм, я кінулася на дапамогу.
Лёс «маіх» валёнкаў
Доўга мы ганяліся за матыльком молі. Чулі б вы, які шум і грукат стаяў! Нават Малімонка некалькі разоў падыходзіла да дзвярэй, якія невядома калі зачыніліся, і цікавілася:
— Адэлька! Ці ўсё ў цябе добра?
Адэля прыціскала капыток да вуснаў, даючы мне знак маўчаць, а сама адказвала:
— Дзякую, Малімоначка! Усё нармальна. Гэта мы з паняй Наталляй перастаноўку робім.
Малімонка, супакоеная, ішла да сябе, а Адэля мне шаптала:
— Не ўздумайце нікому прызнацца, што ў мяне моль завялася. Гэта ж такі сорам! Ніхто са мной знацца пасля гэтага не захоча! І зноў, як ні круці, вы вінаватая!
— Што? Зноў я? Адэля, мне надакучыла, што ў сваіх няўдачах ты мяне вінаваціш!
— А каго ж яшчэ, — падперла бакі капыткамі Адэля. – Памятаеце, мінулай зімой хварэлі, бо ў вас мерзлі ногі. Таму са сваёй вясновай воўначкі я заказала для вас у гаспадара валёнкі. Але паколькі ваш дзень народзінаў і зіма яшчэ не скора, я схавала іх у шафу. Трэ было выносіць іх на двор праветрываць часцей, а я, штовечар да вас бегаючы, не паспявала гэтага рабіць. І вось вынік: валёнкі знішчаныя, у мяне поўная шафа молі. Лепш бы я падарыла іх, не чакаючы зімы. А зараз гэтае ненажэрнае стварэнне пагражае мне. Бойся цяпер, каб у футрачка маё не залезла.
— Няўжо такое бывае, каб на жывой авечцы моль заводзілася? – услых задумалася я.
Нездарма ж кажуць: язык мой – вораг мой. Бачылі б вы, што пачалося! Адэля выйшла з сябе: яна галасіла і заломвала ножкі.
— Я ж уся з воўначкі! Прынамсі, маё футрачка! От пасячэ яе моль, тады вы даведаецеся, ці заводзіцца моль на жывой авечцы!
Гэта была істэрыка. Я разумела, што дапамагчы можа толькі адно – халодны душ. Але хто ведае, як авечкі рэагуюць на звычайны для людзей выхад з істэрычнага стану? Таму я дэманстрацыйна спакойна пачала прыбіраць у пакойчыку. Перш-наперш сярод рэчаў, купай наваленых на падлогу, адкапала «свае» валёнкі. Адразу відаць, што да таго, як іх упадабала моль, яны былі прыгожыя – з лёгкім блакітным адценнем, як і Адэліна воўначка, з гламурнай вышыўкай. Якраз такія толькі-толькі пачалі ўваходзіць у моду мінулай зімой, а ў будучым сезоне абяцалі стаць піскам! Ну што ж, не давядзецца мне пафарсіць у цёплых валёнках. Я са шкадаваннем узяла іх і падалася да выхаду:
— Іншага выйсця няма, вынесу на сметнік.
— Што?! – зноў закалацілася Адэля. — Вы ведаеце, колькі воўначкі на іх пайшло! Колькі травіцы я з’ела, каб гэтая воўначка вырасла! Я не дазволю, каб вырабы з маёй воўначкі на сметнік выкідалі! А праца майго гаспадара, які валяў валёнкі, а пані Гэлены, якая вышыўку рабіла! А ваша здароўе!?
— Адэля, — я строга перапыніла яе.– Не ведаю, ці можа завесціся моль у тваім футрачку, але раю ўсё ж пазбыцца валёнкаў.
— Нізавошта! – галасіла Адэля, учапіўшыся ў валёнкі. – Паспрыбуйце пастрыгчыся і здаць валасы ў майстэрню, дзе робяць парыкі. Ці згадзіліся б пасля той парык выкінуць?
Заўвага была вельмі слушнай. Я здалася.
— Добра, Адэля. Я заўтра куплю сродак ад молі і апрацую валёнкі. Насіць іх ужо нельга. Вунь як моль пашчыравала – валёнкі як сіта сталі. Але нешта прыдумаем.
— Выдатна! — ажывілася Адэля. – Забірайце хутчэй і рабіце з імі што заўгодна, толькі не выкідайце! І ідзіце хутчэй са сваімі валёнкамі, бо я ўжо чыста змучылася ад перажыванняў!
Пагоня за Адэлькай (казка)+аўдыё
Праз хвіліну я была на цёмнай начной вуліцы з валёнкамі, больш падобнымі да незвычайных друшлякоў. Дома я хуценька прашмыгнула міма сваёй шафы на балкон (каб моль не падгледзела, дзе я рэчы трымаю!) і падвесіла валёнкі на цвік. Добра пакорпаўшыся сярод бутэлечак з пабытовай хіміяй, я знайшла нешта ад молі і папырскала іх. Забягаючы наперад скажу, што па нейкім часе ў адным валёнку звіла гняздзечка птушачка, а ў другім – восы. І ў мяне адразу дадалося клопатаў з выхадам на балкон. Затое Адэля, бываючы ў мяне, заўсёды ўсцешна паглядала на валёнкі і не забывалася адзначыць, як мне пашанцавала, што маю такую верную і клапатлівую сяброўку, як яна.
https://bel.24health.by/adelchyny-poshuki-svajgo-pryznachennya-kazka/