Бяда, як вядома, не прыходзіць адна… Учора споўнілася роўна два месяцы, як мы страцілі нашу дарагую любімую мамачку. Я ўжо выплакала ўсе вочы за гэты час, а лягчэй не робіцца ні на грам. Я па-ранейшаму яе чакаю… Яна ж заўсёды да мяне вярталася, а я – да яе…
Напярэдадні было асабліва слёзна і сумотна. Ды яшчэ гэтыя моцныя ліўні з бліскавіцамі і грымотамі. «Ну, палье дачу», – думалася. Усё ж там так суха… Паліло. І заліло. Цалкам. На паўметра, а то і болей. Уся праца апошніх месяцаў, і асабліва – апошняй суботы, калі рабцавалі літаральна не разгінаючыся, – усё пайшло пад ваду.
З самага ранку патэлефанаваў сусед па дачы: «Не хачу цябе засмучаць, але… Бульбы вашай з-пад вады практычна не відаць, трускалкі ўсе пад вадою. Я прыехаў яшчэ а пятай раніцы, паглядзеў – жахнуўся…»
Так жахаліся ўжо мінулай восенню. Калі вада стаяла на нашым участку 2 тыдні. Бульба згніла ўшчэнт. Давялося купляць. Ды добрыя мамачкіны знаёмыя, колішні вучань з жонкай, бясплатна прывезлі сваёй. Так і перазімавалі. Яно-то не столькі ў грашах справа, колькі ў якасці вырашчанага ўласнаручна.
І вось – новае выпрабаванне. Але калі летась я проста спадзявалася, што вада ўбярэцца, дык сёлета вырашыла трохі пазмагацца за сваё. Хаця – марна, мабыць.
Брат завёз нас на дачу на машыне. Малюнак не для слабанярвовых!!! І гэта там, дзе я толькі ў суботу так хорашанька ўсё зрабіла, капусту прапалола-падварушыла…
І гэта не таму вада, што столькі з неба вылілася на ўчастак, не! Проста ў нас ён самы апошні, ля дарогі, на якой – глыбокая яміна, і самы нізкі. Таму з усіх участкаў вада ліецца на дарогу, а адтуль каціць проста да нас…
Неяк даўнавата яшчэ спрабавалі колькі машын зямлі заказаць, каб падняць, падвысіць. Дык, па-першае, дорага, а па-другое… Не маглі затым пазбавіцца доўгі час ад лебяды! Не кажучы пра тое, колькі шкла ды друзу давялося, перабіраючы зямлю, выкінуць…
Але што ж рабіць зараз? Трэба хаця б трохі паспрабаваць адкатаць ваду… Хоць трохі пазмагацца са стыхіяй…
Тэлефаную на нумар «101». Стыхія ўсё ж такі… Можа, выратавальнікі дапамогуць?! Ой, не, спачувае мне жанчына-дзяжурная, такіх паслуг не аказваем. Варта звярнуцца ў сельвыканкам ці ЖКГ. Не варыянт, на жаль…
Набіраю старшыню садовага таварыства – каб прыехаў паглядзець, што ў нас робіцца. І можа што параіць. Праз колькі часу на веласіпедзе пад’язджае. Вохкае, уражаны…
Тэлефаную на нумар уладальніка прыватнай «бочкі», знойдзены братам. Ага, 20 рублёў – адна бочка. Але прыедуць толькі да 14.00. Трымаю ў розуме, як запасны варыянт.
Сусед тэлефануе знаёмаму. Бочка – 18 рублёў. І прыехаць можа да 12.00. Ці раней, калі справіцца. Згаджаемся. Прыехаў значна раней. І пачалося. Бочка (4 тысячы літраў, напаўняецца ледзь не імгненна) – нічога не відаць. Бочка – нічога не відаць. На 10 бочках я вырашыла спыніцца. Трохі вада з той часткі ўчастка, які вышэй, сышла. Уладальнік бочкі, пашкадаваўшы, зрабіў зніжку. Дзякуй яму!
Значыць, 40 тысяч літраў паехалі. Засталося, мо, столькі ж, а мо, і болей. Але і сама вада хаця б паціху ды сыходзіць і выпараецца пад сонцам. Пад моцным сонцам, пад якім у мяне… згарэла шыя. Досыць нечакана… Вось табе і светлая вопратка…
І ўсё б нічога, мы б яшчэ пазмагаліся, але… На ўчора ж зноў паабяцалі разгул стыхіі. І пасля 16.00 лівень пачаў заліваць нам на ўчастак наступныя 40 тысяч літраў. А мо, і болей…
Яшчэ летась многія дачнікі жартавалі, што час перайсці нам на вырошчанне рысу. Яно было б і нядрэнна, але ж… З нашым непрадказальным надвор’ем… Пасадзіш рыс, а тут – засуха…
Сказаць, што ў нас утварылася зона рызыкоўнага земляробства, – гэта не сказаць нічога. Вельмі крыўдна, вельмі балюча… Які ўжо тут клопат пра здароўе… Нервы – на разрыў.
Суседзі падказваюць варыянт: трэба прабіваць свідравіну метраў на 8-10, устаўляць трубы. І вада павінна тады туды сыходзіць. Але ж цана пытання? Зрэшты, будзем шукаць спецыялістаў.
У нас ёсць свідравіна для пітной вады. І колькі гадоў таму я замаўляла яе прабіванне без заезду тэхнікі на ўчастак. Але гэта было ранняй вясной, да пасадак. Зрабілі добра…
Падымаць участак?! Зараз дакладна не, бо можа хоць штосьці з раслінаў ажыве. У нас жа яшчэ кусты ды дрэвы…
Хаця б гэтага мая мілая мамачка не бачыць… А летась усё прыпала на яе нервы…
А ўвечары патэлефанаваў другі сусед па дачы, якога я папрасіла ацаніць маштаб стратаў за дзень. «Ну што табе сказаць, – пачаў. – Прайшоў дождж – і той узровень увесь вярнуўся. І ля хаты таксама затапіла…»
Колькі будзе сёлета яшчэ такіх залеваў – невядома. Але ўраджаю нам не бачыць дакладна. Пад вадой выбраная для пасадкі бульба. Пад вадой найшыкоўнейшыя мамачкіны трускалкі… Цыбуля і буракі, кабачкі і патысоны, памідоры і перцы… А так хацелася ўсё гэта вырасціць. Толькі ў Сусвету і Неба на гэта, па ўсім відаць, свае планы. І ўсё ж якой драбязой яно падаецца ў параўнанні з тым, што няма ўжо з намі маёй любімай мамачкі… ПлАчу…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!