Штогод 4 лютага ўвесь свет адзначае Дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі. На працягу многіх гадоў вялікую актуальнасць праблеме забяспечваюць устойлівая тэндэнцыя да росту колькасці выпадкаў анкапаталогіі, якія наноў выяўляюцца, і верхнія пазіцыі ў спісе вядучых прычынаў заўчаснай смяротнасці.
Пра тое, якая сітуацыя з захваральнасцю склалася ў Беларусі, як выбудаваная нацыянальная сістэма прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння раку, аб праблемах і дасягненнях айчынных анколагаў напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з ракавымі захворваннямі распавёў намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Віктар Кахнюк.
Захваральнасць расце, смяротнасць зніжаецца
Зараз на дыспансерным уліку ў анколагаў знаходзіцца 318 тысяч чалавек (дадзеныя па выніках 2019 года). З іх звыш 160 тысяч маюць рэмісію захворвання 5 і больш гадоў. Гэтая лічба супастаўная з еўрапейскімі значэннямі і сведчыць пра тое, што эфектыўнасць лячэння ракавых захворванняў у Беларусі знаходзіцца на сусветным узроўні.
Па словах Віктара Кахнюка, на працягу апошніх 5 гадоў колькасць выпадкаў анказахворванняў, якія наноў выяўляюцца, штогод павялічваецца прыкладна на тысячу. Не стаў выключэннем і 2019 год. Калі ў 2018-м дыягназ упершыню быў выстаўлены 48.900 пацыентам, дык у 2019-м іх лік ушчыльную наблізіўся да 50 тысяч (49.930 чалавек).
Таксама стабільна нязменнай на працягу апошніх гадоў застаецца структура захворвання. Сярод мужчынскага насельніцтва найбольш распаўсюджаныя:
- рак прастаты;
- рак лёгкага;
- каларэктальны рак (рак тоўстай кішкі).
У жанчын тройка самых распаўсюджаных відаў анкапаталогіі выглядае наступным чынам:
- рак малочнай залозы;
- каларэктальны рак;
- рак маткі.
Разам з тым, большасць новых выпадкаў анкапаталогіі атрымліваецца выявіць на ранніх стадыях (0-1-2 ступені), калі эфектыўнасць тэрапіі практычна заўсёды імкнецца да 100% і ў пацыента ёсць рэальны шанц на доўгае і здаровае жыццё. Напрыклад, летась 67% новых выпадкаў злаякасных утварэнняў выяўленыя на ранняй стадыі развіцця. І гэты паказчык штогод павялічваецца.
Уласна кажучы, ранняй дыягностыкай абумоўліваецца, з аднаго боку, рост колькасці анкалагічных захворванняў (за апошнія 10 гадоў ён склаў 15%), з другога – зніжэнне смяротнасці ад раку (за той жа перыяд яна ўпала прыкладна на 2%).
Раней – лепей
Паколькі злаякасныя пухліны і новаўтварэнні застаюцца адной з вядучых прычынаў заўчаснай смяротнасці мужчын і жанчын ва ўсім свеце, уключаючы Беларусь, ранняя дыягностыка пакуль уяўляецца адзіным і самым надзейным спосабам у корані змяніць сітуацыю.
Так, у 2019 годзе скрынінг па раку малочнай залозы прайшлі 75 тысяч жанчын (на 24% больш, чым у 2018-м). У 379 выяўленыя злаякасныя новаўтварэнні. Больш чым у 90% з іх (344 чалавекі) скрынінгавая мамаграфія дазволіла выявіць хваробу на ранняй стадыі – 0-1-2 ступені.
У скрынінгавыя абследаванні па раку прадсталёвай залозы былі ўцягнутыя 138 тысяч мужчын. Выяўлена 884 выпадкі раку, з іх 80,7% – на ранняй стадыі.
На прадмет наяўнасці каларэктальнага раку абследавана 30 тысяч чалавек. 82% з выяўленых выпадкаў захворвання – на ранняй стадыі.
Курс на развіццё
І ў цэлым развіццё анкалагічнай службы Беларусі не стаіць на месцы. Па словах эксперта, асноўным метадам лячэння пухлінных утварэнняў застаецца хірургічны. Штодня ў краіне выконваецца каля 350 аперацый (уключаючы абласныя і міжраённыя анкадыспансеры). Пры гэтым да 100 аперацый у дзень праводзяць непасрэдна ў РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава.
У развіцці хірургічнай службы асноўны акцэнт робіцца на:
- пашырэнні паказанняў да камбінаваных аперацый (калі рэзекцыі падвяргаецца хворы орган і размешчаны побач, на які распаўсюджваецца пухліна);
- пашырэнні паказанняў да аперацый, якія захоўваюць органы;
- развіцці эндаскапічных малаінвазіўных умяшанняў, якія істотна палягчаюць і скарачаюць працяг пасляаперацыйнага і рэабілітацыйнага перыядаў;
- рабатызаванай хірургіі;
- будаўніцтве новых карпусоў (напрыклад, хірургічнага корпуса на базе РНПЦ, паколькі развіццё атрымалі новыя напрамкі: нейраанкалогія, верцебраанкалогія і інш.);
- вырашэнні кадравых пытанняў, якія закранаюць неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, здольных працаваць на сучасным абсталяванні па найноўшых тэхналогіях.
У сферы прамянёвай тэрапіі актыўна вырашаецца пытанне аснашчэння клінік самымі сучаснымі лінейнымі паскаральнікамі для забеспячэння поўнага апрамянення пухліны з мінімальным уздзеяннем на здаровыя тканкі.
Асноўная тэндэнцыя хіміятэрапеўтычнага лячэння заключаецца ў індывідуалізацыі лячэння пацыента шляхам падбору лекавых хіміяпрэпаратаў на падставе малекулярна-генетычнага профілю пухліны. Гэта дазваляе прызначаць пацыенту лячэнне, якое дае максімальны тэрапеўтычны эфект і ў разы павышае шанцы на выздараўленне.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!