Site icon Слушна

Сумнік канадскі. Знішчаць нельга вырошчваць?!

Ну, і дзе тут па аналогіі з вядомым філалагічным прыкладам паставіць коску, запытаецеся вы. Вось і ў мяне самой – пытанне. Бо ў памяці той час, калі мы з мамай захацелі вырошчваць гэтую вельмі прыгожую сонечную расліну на кветніку ля нашай шматпавярхоўкі ў Чэрвені. Тады ж пачулі і яе назву – сумнік (па-руску – «золотарник») канадскі.

Яшчэ гадоў 10-15 таму яго з задавальненнем вырошчвалі на дачных сядзібах ды прысядзібных участках, зразалі на букеты. Залатымі плантацыямі заслужана (здавалася б!) любаваліся. І – ах! Тэрыторый, запоўненых ім, усё большала і большала… Каранямі сумніку глушылася ўсё вакол… І аказаўся ён такім жа ворагам, як баршчэўнік Сасноўскага! Вось табе і прыгажун…

Сумнік канадскі. Расліна-захопнік.

І хаця гэтая інфармацыя даволі актыўна распаўсюджваецца ў СМІ ўжо не першы год, аматараў сумніку (не магу пазбавіцца ад асацыяцый са словам «сум»), я гляджу, не менее… Нават у мінскім метро бачыла людзей з букетамі (спадзяюся, не набытымі ў пераходах?! Бо гандляваць такім… Хм… 🙁 ).

На тэрыторыі нашага дачнага таварыства некалькі пустых участкаў, спрэс ім занятых. У вёсцы майго дзяцінства колькі гадоў таму ля ўчастка добрай знаёмай таксама было ўсё жоўтае… І большая частка нашых астраўскіх могілак ужо таксама жаўцее ў сезон.

А вось той куст, які мы з мамай калісьці пасадзілі пад акном, не выжыў у першую ж зіму. Ці то вымерз, ці то вымак… Таму распаўсюджвання ля нас сумнік канадскі, да нашай радасці, не атрымаў…

Чым жа ён такі шкодны?! Як кажуць, ды няхай ім свойская жывёла ласуецца, з’ядае падчыстую. Але ж во – не есць. Практычна паўтараецца гісторыя з баршчэўнікам Сасноўскага, які ў свой час і спрабавалі вырошчваць з гэтай жа мэтай…

Дык вось сумнік канадскі вельмі хутка захоплівае новыя тэрыторыі, бо кожны куст можа даць да 100 тысяч штук насення. І ўсходжасць яго высокая – да 95%. Уяўляеце сабе тэмпы распаўсюджвання і маштабы?!

А самае непрыемнае – гэта тое, што карані сумніку канадскага выпрацоўваюць такія ядавітыя рэчывы, якія падаўляюць іншыя расліны. Побач перастаюць расці нават кусты! А пасля знікаюць насякомыя, птушкі… Застаецца адзін захопнік.

Расце сабе і расце… Ніхто яго не есць… На вялікіх нічыйных тэрыторыях нават не скошваюць… Зрэшты, на многіх уласных – таксама, таму праблема і не знікае.

А вось калі сумнік канадскі скасіць 3-4 разы за сезон… І асабліва – перад выспяваннем насення… Ды правільна ўтылізаваць… Глядзіш – і адваявалі б паціху тэрыторыі назад… На якіх з-за гэткай прыгажосці нават насычэнне кіслародам глебы змяншаецца. А значыць, пагаршаецца яе структура.

Да ўсяго, пылок гэтай расліны з’яўляецца алергенным. Гэтак пішуць у адных крыніцах. А ў іншых – што ён мае супрацьалергенныя ўласцівасці. Вось і паспрабуй разбярыся… Ва ўсялякім разе, як кажуць, любуйцеся, нюхайце, але – з асцярогай. А на кветнікі – ні-ні!

Але чаму ж тады такая назва матэрыялу з коскай пад пытаннем – «Знішчаць нельга вырошчваць»? Ну, паколькі сумнік на пэўных тэрыторыях ужо вырас… Трэба хаця б слова ў абарону сказаць. Бо па меркаваннях спецыялістаў гэтая расліна ўсё ж мае і лекавыя ўласцівасці. Як і яе разнавіднасць – сумнік звычайны. Але мяжа паміж шкоднасцю і карысцю тут такая невялікая…

Як мне падаецца, проста можна ведаць, але – не выкарыстоўваць… Хаця… Тыя ж мухаморы лічацца таксама і ядавітымі, і лекавымі… А сумнік канадскі сярод іншага мае моцныя мачагонныя ўласцівасці, узнаўляе баланс у нырках.

Разам з тым, ён па меркаваннях спецыялістаў здольны павышаць pH мачы, таму яго нельга прымаць людзям з наяўнасцю фасфатных камянёў. А вось пры ўратных і аксалатных камянях сумнік канадскі досыць эфектыўны. Як і пры лячэнні малочніцы.

Цікава, што жывёлы не хочуць спажываць сумнік канадскі ў ежу, а вось пчолы ахвотна збіраюць з яго мёд! І хаця ён гаркаваты на смак і хутка крысталізуецца, затое таксама з’яўляецца лекавым! Прызнацца, ні разу не сустракала такі від мёду. А цікава было б паглядзець і пакаштаваць…

Вось такая не зусім простая гэтая расліна. І ўсё ж, здаецца, шкоднасць яе пераважае… Бо трымаць толькі за прыгажосць і лекавыя ўласцівасці, абядняючы глебу і навакольны раслінны свет… Мабыць, усё ж  не варта. Тым больш, што з 31.12.2016 года сумнік канадскі на тэрыторыі Беларусі занесены ў чорны спіс…

Exit mobile version