Site icon Слушна

Суп вітаем, ухваляем, варым і ядзім!

Ці любіце вы суп так, як люблю яго я?! 🙂 Нарадзіўшыся ў СССР, мы з братам фактычна выраслі на супах. Нашы бацькі-настаўнікі стараліся карміць і выхоўваць нас правільна. Магу сказаць, што ў іх гэта атрымалася! 🙂

Суп. Міжнародны дзень супу. Карысць першага для дзяцей.

І зараз, дзе б я ні знаходзілася, не ўяўляю свайго дня без першага. А чаму менавіта сёння ўзгадала пра гэта?! Так, вы правільна здагадаліся. 5-га красавіка мы святкуем… Міжнародны дзень супу! Таму суп у нас – фактычна імяніннік! Хаця і не нарадзіўся ў пэўны дзень, як той жа мабільнік.

А ў вас які суп любімы?! У мяне, таксама з дзяцінства, – малочны з грэчкай. І праз столькі гадоў любоў да яго не прайшла! 🙂 Гатуецца вельмі лёгка. Толькі трэба варон не лічыць, а сачыць, каб малако не ўцякло.

Ужо некалькі гадоў услед за сям’ёй брата ў пярэдадзень Новага года мы стараемся прыгатаваць грыбны суп. Хаця, бывае, і не атрымліваецца захаваць традыцыю. То грыбоў свежых у лядоўню не паклалі, бо не знайшлі патрэбных маладзенькіх без чарвячкоў у сезон… То дзень працоўны 31-га снежня, як гэтым разам. Куды ўжо ўвечары грыбны суп есці?! Усё ж цяжкаватая страва…

Ну, і ў сезон, калі ўжо на дачы пойдуць свае агуркі, так смачна есці «кефірны суп»… М-м-м-м-м-м! Хіба параўнаецца вырашчаная самім гародніна з куплёнай?!

Вось такі мой топ-3 супоў. А ваш?!

Памятаю, як год-два таму давялося пачуць такое меркаванне. Ад моладзі: «Супы – гэта для бедных». Пасмяялася. Ведама ж, для такіх багатых, як яны, бургеры ды іншы фастфуд – самае тое. А вось цяпер давайце задумаемся: а за што з іх страўнік скажа вам «дзякуй»?!

Да таго ж, ва ўсе часы лічылася, што арганізм чалавека, які хварэе, найлепш падтрымліваць курыным булёнам. Меркаванне гэтае склалася яшчэ тады, калі мяса было, так бы мовіць, натуральным, без антыбіётыкаў (ці чым там яшчэ зараз «кормяць» тых птушак)?!

А зараз, калі раяць зварыць курыны булён (зрэшты, і мяснога датычыцца), абавязкова нагадваюць: трэба крыху паварыць мяса, а тады першую ваду зліць. У ёй і павінны застацца шкодныя рэчывы ды іншае. А тады ўжо заліваць ваду ўласна для супу. Нескладана, а для здароўя відавочная карысць, ці не так?!

Таксама з дзяцінства памятаю такое: «Не будзеш есці суп – кішкі зліпнуцца». 🙂 Праўда ці не – не правярала. А суп ела і ем з ахвотаю. Гатаваць таксама падабаецца.

Эх, ёсць яшчэ адзін любімы суп, але рэцэпт не дам, і не прасіце! 🙂 Бо ён даволі такі… нагрузачны. І гатую я яго вельмі рэдка. З курыцы і памідораў, з даданнем сулугуні і сухарыкаў у кожную талерку. Памідоры лепей браць закручаныя ў слоікі – лягчэй скурку здымаць. Але свежыя таксама можна, толькі абліць кіпнем.

Мне калісьці гэты рэцэпт прапанавала жонка брата, папярэдне запрасіўшы на дэгустацыю. Во дзе смаката! Як і ўсё тое, што шкоднае! 🙂 Але ж мы пра карысць супу як першага ўвогуле…

Калі гэта страва лёгкая, з гародніны, дык яна і спажываецца лёгка, і вітаміны, зноў-такі, аж пішчаць, нягледзячы на цеплавую апрацоўку. Гарачы суп добра сагравае, таму ў халодны перыяд года ён проста незаменны для нас!

І шмат намаганняў не трэба прыкласці, каб яго з’есці. І наесца ім можна настолькі, каб не спажыць затым шмат тлустага, калі з яго складаецца другое. І абмен рэчываў ён паляпшае. Так што і для аматараў сагнаць лішнюю вагу суп – самае тое! Вядома ж, размова не пра тлусты ды наварысты. Усё павінна быць у меру, нагадваюць дыетолагі, як і з любой ежай.

Але калі вы ўсё ж не аматар супу і не прывучаныя да яго з дзяцінства, праз сілу есці першае не трэба! Толькі таму, што «карысна». Прытрымлівацца звыклага рэжыму харчавання і добра сябе адчуваць – вось галоўнае.

І напрыканцы не магу не прыгадаць вельмі смачны суп у адной з кавярняў Нясвіжа – фірмовы, у хлебнай «талерцы». Прыехала я ў свой любімы горад мінулай восенню – на пару дзён. А тут і дождж пайшоў, і холад наляцеў… І як жа насамрэч сагрэў той суп! І якой смачнай была «накрыўка» – хлебная скарынка! Вось такое першае я б хацела згатаваць сама. Ды, баюся, не здолею…

А як жа раяць адсвяткаваць сёння Міжнародны дзень супу?! Вядома ж, прыгатаваць яго. І пажадана – не штодзённы, а які-небудзь арыгінальны. І-і-і-і-і-і… Смачна есці! 🙂

Exit mobile version