Вось за што люблю розныя народныя святы, дык гэта за тое, што даведваешся пра іх ды падчас іх шмат чаго цікавага і карыснага. І штосьці нават на неўсвядомленым узроўні пачынаеш пераймаць. Альбо хаця б падзівішся. А ўжо калі свята вялікае і значнае... Такое, як 14 кастрычніка...
Пакроў, Пакровы, Пакрова, Пакравы, Трэцяя Прачыстая, Пакроў Прасвятой Багародзіцы... Нават самае элементарнае ведаецца і памятаецца пра свята здаўна. Напрыклад, што ад гэтага дня нельга чапаць зямлю. Хаця калі прыходзіць чарговая хваля бабінага лета, ну дзе ж ты не скарыстаешся гэтымі пагоднымі дзянькамі? Памуляешся, але за рыдлёўку возьмешся...
Ну, а самае яскравае – «Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, як карова». А чаго раве? Бо не засватаная. Час вяселляў жа...
І калі на Харытонаў дзень мы павінны былі злавіць зайца (памятаеце?!), дык на Пакроў – вавёрку! Таксама каб паглядзець, выліняла яна ўжо ці не. Калі так, дык восень будзе добрая... Хм... А нічога, што палову яе, каляндарнай, мы пражылі ўжо?!
Лепей няхай надвор’е на Пакровы распавядзе нам пра будучую зіму. Хаця многія прыкметы і спрадвечныя назіранні ў наш час, на жаль, не працуюць.
Ну вось возьмем хаця б гэта: «Якая пагода на Пакровы, такая і на Раство». Што, прабачце??? Плюс 20 нам на Раство??? Я супраць!!! 🙂 А вы???
Не, дайце нам нарэшце зіму класічную: са снегам ды маразамі! Заказваем!!!
Так, глядзім, што там па народных прыкметах яшчэ цікавае ёсць. «Якія Пакровы, такая і зіма». Таксама не натхняе... «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу». Ой, ну як жа так?! Каляды без снегу?! Няхай бы наадварот. Тады б мы самі зафіксавалі б новую прымету...
«Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны». Плюс 20 на ўвесь сезон?! Ну, толькі калі менавіта столькі. Тады няхай сабе... 🙂 А калі меншы плюс... Тады лепей невялікі мінус. Узімку.
Карацей, столькі тут прыкметаў ды назіранняў! І такія яны часам супярэчлівыя... Калі ўсе тут пералічваць, дык атрымаецца вялі-і-і-і-іізны матэрыял. І ўсё ж назіраем 14 кастрычніка за надвор’ем. Раптам што і спраўдзіцца?!
А я пакуль напішу яшчэ некалькі найбольш яскравых назіранняў ды кіраўніцтва да дзеяння нашых продкаў: «На Пакровы дай сена карове», «Пакроў – апошні дзень збору пладоў і грыбоў: груздоў і рыжакоў», «Пакроў, напалі хату без дроў!», «Прыйшла Пакрова – усохла дуброва», «Святая Пакрова, пакрый зямлю лісточкам, а галоўку – вяночкам», «Пакровы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць».
А што ж за «запяканне вуглоў», папытаецеся вы. А вось таксама цікавы звычай. Нашы продкі на Пакроў пяклі бліны, прычым для ўсёй сям’і. І лічылі, што сямейнікі тады ўдала перазімуюць. Блінамі быццам «запякалі вуглы». Ведама ж, у кут іх ставіць-вешаць-прымацоўваць не трэба... 🙂 А вось з’есці з асалодай – самае тое! Так што ва ўсіх нас яшчэ ёсць час настроіцца, падрыхтавацца, знайсці новыя адмысловыя рэцэпты цеста на бліны ці скарыстацца правераным рэцэптам.
А дзяўчаты на Пакроў могуць нават паваражыць! Напрыклад, назбіраць у прыпол пабольш апалага лісця і вытрасці яго. Куды лісце паляціць, у той бок і замуж ісці.
Альбо спячы перад сном і з’есці салёны блін. Каб прысніўся суджаны і напаіў вадой... Ну, а калі не напоіць, давядзецца самім уставаць сярод ночы ды піць ваду! 🙂 Бо салёныя стравы – яны такія...
Здаўна лічыцца, што ў гэты дзень Прасвятая Багародзіца накрывае ўсіх нас сваім покрывам, бярэ пад апеку. Я чамусьці ўжо не першы год уяўляю сабе гэтае дзеянне, як з неба тое покрыва апускаюць на зямлю. І вось хочаце – верце, хочаце – не, але сапраўды на душы робіцца светла і хораша... А яшчэ калі ўлічыць, што 14-га мы віншуем самых дарагіх і любімых – нашых матуляў...
Святла, цеплыні, душэўнай шчодрасці ўсім нам на Пакровы і ў Дзень маці! Няхай пабольш будзе нагод для радасці!