Штогод з 1988 па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню. Сёлета мерапрыемствы і ініцыятывы дня накіраваныя на супрацьдзеянне маркетынгавым хітрыкам тытунёвых кампаній, якія яны выкарыстоўваюць для ўключэння маладога пакалення ва ўжыванне тытунёвай і нікацінавай прадукцыі.
Пра тое, колькі людзей паляць у нашай краіне, якія меры прымаюцца для таго, каб знізіць колькасць курцоў, як рэгулюецца продаж цыгарэт, у тым ліку электронных, напярэдадні Сусветнага дня супраць тытуню распавяла загадчыца аддзялення грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман.
Хітры ход. Хітрыкі маркетолагаў тытунёвых кампаній
Спажыванне тытуню, паводле інфармацыі СААЗ, штогод з'яўляецца прычынай смерці каля 7 млн чалавек ва ўсім свеце. Калі ж не рабіць ніякіх захадаў па стрымліванні курэння, гэтая лічба можа дасягнуць 8 млн у год.
Кожны год СААЗ вызначае тэму Сусветнага дня без тытуню. На гэты раз у цэнтры ўвагі – маркетынгавыя хады, якія выкарыстоўваюць тытунёвыя кампаніі, каб уцягнуць моладзь у тытунекурэнне. «Ужо шмат дзесяцігоддзяў тытунёвыя кампаніі ўжываюць вытанчаныя і цынічныя метады ўключэння моладзі ва ўжыванне тытунёвай і нікацінавай прадукцыі і выдаткоўваюць на гэта значныя рэсурсы. З унутранай дакументацыі такіх кампаній можна даведацца пра тое, што яны вярбуюць новае пакаленне аматараў тытуню пры дапамозе цэлага шэрагу ўсебакова вывучаных і старанна вывераных прыёмаў, ад дызайну прадукцыі да маркетынгавых кампаній, закліканых забяспечыць прыток новых, маладых спажыўцоў на змену мільёнам людзей, якія штогод паміраюць ад звязаных з тытунём хваробаў», – гаворыцца на сайце СААЗ.
Якія ж хітрыкі выкарыстоўваюць тытунёвыя кампаніі, каб павялічыць колькасць спажыўцоў тытуню, у прыватнасці, за кошт маладога пакалення? Вольга Бартман распавяла пра самыя папулярныя.
- Выкарыстанне ў тытунёвых вырабах разнастайных дадаткаў, смакаў і пахаў (фруктовых, цукровай ваты, жавальнай гумкі).
- Пры афармленні ўпакоўкі выкарыстоўваецца цікавы дызайн, які прыцягвае ўвагу. Тытунёвыя вырабы могуць выпускацца ў выглядзе цукерак, флэш-картаў, іншых прадметаў.
- З'яўленне на рынку новых відаў тытунёвай прадукцыі, якая пазіцыянуецца як «менш шкодная» або «больш чыстая», пры адсутнасці аб'ектыўных навуковых дадзеных і даследаванняў у абгрунтаванне падобных сцвярджэнняў.
Узровень распаўсюджанасці курэння ў Беларусі
Па словах Вольгі Бартман, у нашай краіне па дадзеных СТЕПС-даследавання, якое прайшло ў 2016-2017 гадах, паляць 29,6% насельніцтва. Пры гэтым доля мужчын складае 48,2%, жанчын – 12,8%. Большасць тых, хто паліць, адзначана ва ўзросце 30-44 гады (32,3%). А вось былых курцоў больш за ўсё зафіксавана сярод насельніцтва ва ўзросце 60-69 гадоў.
Як правіла, маладыя людзі пачынаюць паліць у 16-17 гадоў, дзяўчыны – на год пазней. Сярод тых, хто паліць, больш распаўсюджаныя фабрычныя цыгарэты, доля тых, хто выкарыстоўвае іншыя віды тытунёвых вырабаў, складае каля 1%.
Кожны пяты рэспандэнт, паводле даследавання, падвяргаецца пасіўнаму курэнню дома альбо на працы.
Якія меры прымаюцца ў нашай краіне?
Першы глабальны дакумент (Дэкрэт Прэзідэнта РБ «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў») быў прыняты ў нашай краіне ў 2002 годзе, яшчэ да таго, як Беларусь далучылася і ратыфікавала Рамачную канвенцыю СААЗ па барацьбе супраць тытуню.
На працягу гэтых гадоў у Дэкрэт Прэзідэнта неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні, якія былі накіраваныя на ўзмацненне жорсткасці мераў супраць тытунекурэння. У прыватнасці, забароненая адкрытая выкладка тытунёвых вырабаў у гандлёвых арганізацыях, а год таму ў дакуменце былі прапісаныя меры, якія тычацца рэгулявання спажывання таксама электронных сістэмаў для курэння і іншых сістэмаў для спажывання тытуню.
Пашыраны таксама шэраг грамадскіх месцаў, дзе курэнне забароненае (пад'езды, ліфты, закрытыя працоўныя памяшканні, аздараўленчыя спартыўныя лагеры, прыпынкі транспарту, метрапалітэн і г.д.). Нельга паліць і ў салоне аўтамабіля ў прысутнасці дзяцей, маладзейшых за 14 гадоў.
Наша краіна таксама выконвае шэраг міжнародных абавязацельстваў, у прыватнасці – патрабаванні да ўпакоўкі тытунёвых вырабаў. Яна павінна быць аформленая папераджальным надпісам у выглядзе карцінкі, утрымліваць інфармацыю, да чаго можа прывесці курэнне. На ўпакоўцы тытунёвых вырабаў таксама паказваецца, што яны ўтрымліваюць мутагенныя і канцэрагенныя рэчывы.
Няма бяспечных сістэмаў для курэння
Электронныя сістэмы для курэння, распавяла эксперт, незалежна ад таго, утрымлівае вадкасць для запраўкі картрыджа нікацін ці не, аднолькава шкодныя. Розныя араматызатары могуць валодаць алергенным і нават канцэрагенным дзеяннем. Акрамя гэтага, часцей за ўсё электронныя цыгарэты выкарыстоўвае моладзь, да чаго таксама прыкладаюць намаганні тытунёвыя кампаніі, робячы акцэнт на тым, што гэта модна і прэстыжна, сказала Вольга Бартман.
90% выпадкаў раку лёгкага выклікае курэнне
Такія лічбы прывяла ў прыклад спецыяліст, распавядаючы пра шкоду курэння. Спажыванне тытуню прыводзіць да развіцця многіх сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Робіцца прычынай абвастрэння хранічных паталогій, прычым часцяком менавіта з-за курэння яны і развіваюцца.
Курэнне негатыўна адбіваецца на жаночым здароўі. Цяжарныя, якія не ў сілах развітацца з гэтай звычкай, наносяць вялікую шкоду свайму будучаму дзіцяці: высокая верагоднасць нараджэння дзіцяці неданошаным, з нізкай масай цела, з затрымкай развіцця.
У людзей, якія палілі непрацяглы час, а затым кінулі, адзначыла Вольга Бартман, на працягу прыкладна 1-1,5 года аднаўляюцца функцыі дыхання і значна зніжаюцца рызыкі анкалагічных захворванняў.
31 мая – добрая нагода адмовіцца ад курэння
Упэўненая Вольга Бартман. Дарэчы, у параўнанні з 2001 годам і перыядам, калі праводзілася СТЕПС-даследаванне, колькасць курцоў знізілася на 12%.
Калі кінуць паліць:
- Ужо праз 20 хвілін пасля апошняй цыгарэты вернецца ў норму сардэчны рытм, артэрыяльны ціск.
- Праз 12 гадзін кісларод у крыві нармалізуецца, а ўгарны газ падае.
- Праз 2-5 тыдняў пасля адмовы ад курэння кашаль, задышка ці адчуванне смылення ў лёгкіх падчас выканання фізічных практыкаванняў пачнуць змяншацца.
- Праз 30 дзён арганізм актыўна аднаўляецца на клеткавым узроўні. Знікаюць сухасць скуры і яе жаўцізна. Паляпшаюцца канцэнтрацыя, памяць і ўвага, узрастае прадукцыйнасць працы.
- Пасля 3-9 месяцаў кашаль, хрыпы і іншыя праблемы з дыханнем знікнуць, аб'ём лёгкіх павялічыцца на 10%.
- Праз 1 год рызыка сардэчнага прыступу знізіцца напалову, а праз 5 гадоў верагоднасць інсульту зробіцца такой жа, як і ў таго, хто не паліць.
- Пасля 10 гадоў, вольных ад курэння, рызыка развіцця раку лёгкага наблізіцца да ўзроўню чалавека, які ніколі не паліў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!