Штогод 14 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. Чаму менавіта ў гэты дзень? Каб адказаць на пытанне, трэба зазірнуць на 150 гадоў таму.
14 чэрвеня 1868 года ў Вене ў сям'і юрыста, доктара права, выдаўца газеты Леапольда Ландштэйнера нарадзіўся хлопчык – будучы вялікі Карл Ландштэйнер. Ён бліскуча скончыў школу і паступіў на медыцынскі факультэт Венскага ўніверсітэта. І ўжо ў студэнцкія гады пачаў навуковую дзейнасць. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1891-1896 гг., стажыраваўся ў Цюрыху, Варцбургу, Мюнхене.
Групы крыві і Нобелеўская прэмія
Вярнуўшыся, Ландштэйнер разгарнуў бурную дзейнасць. Яго цікавіла ўсё: клінічная гематалогія, імуналогія, лабараторная дыягностыка, імунахімія, гісталогія, інфекцыйныя захворванні. Ва ўсе гэтыя раздзелы навукі ён зрабіў значны ўнёсак.
Яго адрознівалі арыгінальнасць навуковага мыслення, даследчая ініцыятыўнасць, скрупулёзнасць у працы, нястомнасць у дасягненні мэты і неверагодная працавітасць. І ўсё ж такі імя яго набыло шырокую вядомасць у 1900-1901гг. – пасля адкрыцця «груп крыві чалавека», за што ён быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй у 1930 годзе.
Гэта была першая антыгенная сістэма чалавека, названая пасля «Антыгенная сістэма АВО». Яе адкрыццё азначала ўзнікненне новага раздзелу навукі – імунагематалогіі, паклала пачатак трансфузіялогіі, стала асновай для бяспечнага пералівання крыві і, у наступным, кампанентаў крыві (эрытрацытаў, плазмы, трамбацытаў, гранулацытаў і інш.).
Але вернемся ў 1900 год... Малады Ландштэйнер праводзіў, здавалася б (з сучаснага пункту гледжання), просты эксперымент: змешваў эрытрацыты адных людзей з сыроваткай крыві іншых. Пры гэтым у адных выпадках адзначалася аглюцынацыя (склейванне эрытрацытаў), а ў іншых – не. Для гэтых гістарычных доследаў была выкарыстаная кроў 6 супрацоўнікаў лабараторыі, у тым ліку самога Карла Ландштэйнера. Нагадаю, што адрозніваюць 4 групы крыві, якія ўтвараюцца пэўнымі спалучэннямі антыгенаў А і В і антыцеламі-ізааглютынінамі альфа і бэта. Так, адрозніваюць першую групу О (I), другую А (II), трэцюю В (III) і чацвёртую АВ (IV).
«За» маму ці «за» тату?
У народзе прынята лічыць, што дзіця атрымлівае ў спадчыну ці групу бацькі, ці групу маці. Гэта не так. Дзіця атрымлівае ў спадчыну адзін антыген ад маці і адзін антыген ад бацькі, бо «група крыві», спрошчана кажучы, складаецца з двух антыгенаў.
Так, першая група – гэта 00, другая – АА або А0, трэцяя – ВВ або В0 і чацвёртая – АВ. Здаецца, проста. Пераліваюць толькі сумяшчальную кроў. Гэта, перш за ўсё, аднагрупная і кроў донара першай групы, якая лічыцца ўніверсальнай. Пераліванні крыві і кампанентаў крыві ратавалі і ратуюць мільёны жыццяў.
Гісторыя «рэзус-фактару»
Ужо будучы нобелеўскім лаўрэатам, Карл Ландштэйнер разам са сваім вучнем Аляксандрам Вінерам адкрыў у 1940 г. «рэзус-фактар» – найважнейшы антыген сістэмы Рэзус, які таксама ўлічваецца ў абавязковым парадку пры гематрансфузіях. Акрамя таго, Ландштэйнер адкрыў яшчэ антыгенныя сістэмы МNSs і P, якія істотнага значэння пры пераліванні крыві не маюць, але выкарыстоўваюцца ў параўнальнай антрапалогіі, судовай медыцыне.
Літаральна да апошняй хвіліны свайго жыцця Ландштэйнер займаўся даследаваннямі і памёр за працоўным сталом з прабіркай у руцэ ў 1943 годзе. Дзень нараджэння гэтага вялікага вучонага – 14 чэрвеня – стаў Сусветным днём донара крыві, калі мы з глыбокай павагай і падзякай прыгадваем выдатнага вучонага, ушаноўваем ганаровых донараў, здаём кроў бязвыплатна, удзельнічаем у розных акцыях, прымеркаваных да гэтага знакавага дня.