Site icon Слушна

Прыемнасць + карыснасць. Сёння – дзень каштанавых свечак

Гэты прыродны цуд наўрад ці пакіне каго абыякавым. Каштаны зацвілі! І кожная іх бела-ружовая свечка – бы асобны букет. Цэлым жа дрэвам можна любавацца доўга-доўга. А калі перад вачыма каштанавая алея?! Гэта такі рэлакс!

Свечкі каштанаў. Астравок прыгажосці і рэлаксу.

Я яшчэ памятаю той час, калі ў нашым Чэрвені на вуліцы Барыкіна ўвесну можна было падчас цвіцення каштанаў злавіць свой дзэн. 🙂 А ўлетку не так цярпець ад гарачыні, праходзячы пад ценем іх шатаў.

Цяпер дрэў зусім мала. А вялізных – яшчэ меней. На адным баку доўгай вуліцы каштаны і ўвогуле зрабіліся, так бы мовіць, ахвярамі цывілізацыі. З-за таго, што яны часцяком былі прычынай адключэння вулічнага (і не толькі) асвятлення, ім пачалі не тое што верхавіны зразаць, а добра так абалваньваць.

У выніку дрэвы хварэлі, засыхалі. Іх спілоўвалі, выкарчоўвалі… І цяпер тое веснавое хараство – толькі ў нашай памяці…

Але ёсць, ёсць яшчэ і ў нас сапраўдныя астраўкі некранутай прыроды, дзе можна зараз палюбавацца на каштаны ў свечках. А ў вас ёсць такі астравок?! 🙂

А яшчэ, па патрэбе, можна сабраць іх, каб… палячыцца. Толькі, зразумела ж, у экалагічна чыстай зоне. Загазаваныя вуліцы робяць каштанавыя свечкі непрыдатнымі для выкарыстання ў лекавых мэтах.

Увогуле, свечкі каштана ўтрымліваюць прыродныя біяфлаваноіды, якія не толькі падтрымліваюць імунітэт, але і амалоджваюць арганізм. Для лячэння можна выкарыстоўваць як свежыя, так і высушаныя кветкі.

Што тычыцца настоек, якія раяць рабіць з выкарыстаннем гарэлкі і затым пэўную колькасць кропель прымаць унутр… Я нават не ведаю. І такога раіць дакладна не буду. А вось прымяняць настойку вонкава… Можна і паспрабаваць.

Зразумела, што рэцэптаў у сеціве – шмат. Толькі хочацца нагадаць, што з урачом (па магчымасці) параіцца ўсё ж трэба.

А мяне вось гарбата зацікавіла. Так-так! Лекавая гарбата з каштанавых свечак. Тым больш, што адна з яе ўласцівасцяў – танізуючая. А то ўжо надакучыла ў гэты сезон дажджоў, які, прынамсі, абрынуўся на наш горад у маі, хадзіць соннай мухай…

А яшчэ сцвярджаюць, што гарбата тая палягчае стан пры захворванні печані, абараняе клеткі мозгу, умацоўвае сценкі сасудаў… Штосьці мне ўжо захацелася даведацца, якая ж яна на смак! 🙂

А рэцэпт?! Ды ён немудрагелісты. Жменьку кветак каштана заліць кіпнем і настаяць. Піць па 1-2 шклянкі ў дзень. Праз месяц зрабіць перапынак.

І яшчэ хачу адну свечку паставіць на стале. Як букет. 🙂 Трэба будзе паспрабаваць разжыцца… 🙂

А вас, шаноўныя сябры, ці  натхняюць на штосьці свечкі каштанаў?! У мяне, напрыклад, яны ўзгадваюцца ў песні «Вальс надзеі»:

Свята вясновае пахам мімозы нас заварожыць,

Свечкамі белымі дрэвы каштаны свет упрыгожаць.

Ветрык ласкавы шэптам пяшчотным нас абнадзеіць…

Расчараванне саступіць нарэшце месца надзеі…

А майго тату яны натхнілі калісьці на ўзнёслую прозу.

Уладзімір Адамовіч

КАШТАНАВАЯ МАГІЯ

«А вы любіце гэты цуд прыроды?

Каштаны… Форма. Свечкі, белыя свечкі, свечкі-піраміды… Пах. Колер. Плады. Лекі…

Растуць каштаны – на Барыкіна, на Мінскай, у Сельгастэхніцы. Цвітуць каштаны. Падаюць каштаны. Жывуць! Сваім адметным, незвычайным жыццём. Хораша з імі, спакойна, цёпла… Неверагодна!

Майскія… Восеньскія… У калючай зялёнай шкарлупіне плады. Выспяваюць і падаюць. Нібы круглыя шакаладныя цукеркі.  Лісце… Зялёныя пальчаткі, а ўвосень – іржавыя.

Каштаны, як і куранятаў, па восені лічаць. І раяць:

  • У кішэні насіць тры каштаны, дзе мабільнік.
  • Два-тры каштаны перад маніторам камп’ютара.
  • Каля мікрахвалёўкі.
  • Перабіраць каштаны ў руках.
  • Пяць-шэсць каштанаў пад падушку. Але не больш за дзесяць. Ад стрэсу, неспакойнага сну.
  • Восеньскія каштаны ў кішэні – добры настрой, адчуванне шчасця.

Квітнее каштан на вуліцы Казінца ў Мінску, сніцца беларусу ў Амерыцы. Настальгія… У Францыі каштан – сімвал краіны. Яму прысвечанае нацыянальнае свята.

А як не ўспомніць Кіеў?! Крашчацік. Каштаны. Цвітуць свечкамі. І незабыўны «Кіеўскі вальс» з маёй маладосці:

Снова цветут каштаны,

Слышится плеск Днепра.

Молодость наша,

Ты счастья пора!

У кожнага свае каштаны, свае свечкі, свая маладосць і старасць…»

Таму, калі сёння дазваляе час, а галоўнае – надвор’е, гайда дзівіцца на каштанавыя свечкі! З Вас – фота каштанаў у квецені, шаноўныя сябры! Чакаю! 🙂

Exit mobile version