Штогод 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям'і. Ідэя яго заснавання ўзнікла яшчэ ў 1989 годзе. А ў 1993-м Генеральная Асамблея ААН прыняла адпаведную рэзалюцыю. Партрэт беларускай сям'і, які ён? Пра гэта прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый распавялі напярэдадні свята.
Сямейныя каштоўнасці
Па дадзеных сацыялагічных апытанняў, для 98% насельніцтва сям'я з'яўляецца найважнейшай часткай жыцця, неад'емным атрыбутам беларускага грамадства.
Што такое сям'я ў разуменні сучаснага чалавека? У большасці беларусаў яна асацыюецца з дзецьмі, на другім месцы – каханне, на трэцім – дом. Дадзеныя перапісу насельніцтва апошняга года паказалі, што ў шлюбе знаходзяцца 62% мужчын і 53% жанчын. Папулярнасць так званых грамадзянскіх шлюбаў зніжаецца.
Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне менш сем'яў, у якіх пражывае некалькі пакаленняў, чым тых, якія складаюцца толькі са шлюбных параў з дзецьмі альбо без, роднасныя сувязі не слабеюць. Дарослыя дзеці не забываюцца на сваіх сталых бацькоў, наведваюць іх. Бо сям'я – гэта не толькі бацькі і дзеці, гэта і старэйшае пакаленне, упэўненая Марына Арцёменка.
У наш час існуе пазітыўная тэндэнцыя зніжэння пазашлюбных нараджэнняў. Так, за апошнія гады года іх доля скарацілася з 20% да 13%. Акрамя таго, для 60% дзяцей, народжаных па-за шлюбам, прызнаецца бацькоўства.
Кожная трэцяя беларуская сям'я выхоўвае дваіх дзяцей. За апошнія 10 гадоў рэкордна павялічылася колькасць шматдзетных сем'яў (іх у нашай краіне ўжо звыш 114 тысяч), у якіх пражывае пятая частка ўсіх дзяцей.
Разам з тым, застаецца высокай колькасць разводаў. Прычым большасць сем'яў распадаецца пасля 5-9 гадоў сумеснага пражывання, калі ў іх ужо ёсць дзеці. Менавіта таму, падкрэсліла Марына Арцёменка, у новай дзяржпраграме змяшчаюцца меры, якія накіраваныя на навучанне падрастаючага пакалення асновам сямейнага жыцця, фарміраванне культуры звароту па псіхалагічную дапамогу ўжо на ранніх стадыях узнікнення канфліктных сітуацый альбо іншых праблемаў, з якімі можа сутыкнуцца сям'я.
Медыцынскі складнік
На праблему рэпрадуктыўнага здароўя звярнуў увагу начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Лазар.
Дзмітрый Лазар:
– Асаблівую заклапочанасць выклікае высокі ўзровень бясплоддзя – ён складае 14%. Выяўленая прамая сувязь з узростам і гінекалагічным анамнэзам жанчын, станам рэпрадуктыўнага здароўя жанчын і мужчын. За апошнія 20 гадоў колькасць жанчын, якія пакутуюць ад бясплоддзя, павялічылася з узроўню 456,5 на 100 тысяч жаночага насельніцтва ва ўзросце 18-49 гадоў у 2009 годзе да 688 – у 2020 годзе. Штогадовая дынаміка колькасці жанчын, якім такі дыягназ ставіцца ўпершыню ў жыцці, застаецца стабільна высокім на працягу шэрагу гадоў.
Разам з тым, невялікі паказчык мужчынскага бясплоддзя не адлюстроўвае поўнай карціны сітуацыі і з'яўляецца толькі «вяршыняй айсберга». Шмат у чым гэта звязанае з тым, адзначаюць спецыялісты, што мужчыны не часта звяртаюцца да ўрачоў з гэтай нагоды.
Удасканальваецца сістэма ранняй дыягностыкі і лячэння паталогій у будучых бацькоў і плода, выходжвання немаўлятаў. З дапамогай ультрагукавога даследавання цяжарных штогод выяўляецца каля 1,5 тысячы выпадкаў прыроджаных парокаў развіцця. Памяншаецца колькасць абортаў, у тым ліку дзякуючы перадабортному псіхалагічнаму кансультаванню, якое было ўкаранёнае ў практыку ў 2017 годзе. Каля 90% немаўлятаў адразу пасля нараджэння знаходзяцца разам з мамай. Адноўленыя партнёрскія роды.
Рэалізуюцца і ўкараняюцца розныя метады медыцынскай дапамогі нованароджаным. Гэта і магчымасць шпіталізацыі мамаў па доглядзе дзяцей, і падтрымка груднога гадавання, і актыўнае ўцягванне маці ў працэс выходжвання нованароджанага, асабліва неданошанага.
Напрыклад, укаранёны метад «кенгуру» – тэхніка выходжвання неданошаных дзяцей на першым этапе іх рэабілітацыі. Гэты метад забяспечвае кантакт «скура да скуры» бацькі і дзіцяці, памяншае ўзровень стрэсу ў малых, паколькі яны ў гэты час чуюць біццё сэрца і голас сваёй маці ці бацькі, адчуваюць цяпло і пах.
Сямейны капітал
За час дзеяння праграмы «Сямейны капітал» доля дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі, павялічылася на 40% у параўнанні з папярэднім пяцігадовым перыядам.
Датэрмінова сродкі «Сямейнага капіталу» ўжо выкарысталі амаль 33 тысячы шматдзетных сем'яў, з іх практычна 90% – на паляпшэнне жыллёвых умоў. Цяпер падрыхтаваны праект указа, які накіраваны на развіццё праграмы «Сямейнага капіталу».
У прыватнасці, будуць пашыраныя магчымасці выкарыстання сродкаў на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрымання медыцынскіх паслуг (у прыватнасці, за кошт артапедыі). Акрамя таго, гэтыя сродкі можна будзе выкарыстоўваць для аплаты навучання.
З'явіцца і прынцыпова новы напрамак – набыццё тавараў для сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі інвалідаў. У пералік уключаныя досыць дарагія тавары, якія значна павысяць якасць жыцця людзей з інваліднасцю.
https://bel.24health.by/6-veskix-argumentov-uzhinat-s-semej/