Вельмі багатую гісторыю мае папулярная ў жыхароў Лебедзева і Маладзечна крынічка за вёскай Лешна. Тутэйшае насельніцтва шануе крынічку цягам амаль 300 гадоў.
Людзі сцвярджаюць, што вада з яе мае гаючыя ўласцівасці і дапамагае пры хваробе вачэй, лечыць язвы. На карысць і хворай жывёле.
Як дабрацца?
Ехаць да крыніцы лепш за ўсё праз вёску Лешна. Дзеля гэтага трэба праехаць праз усю вёску. Потым па Палявой вуліцы павярнуць направа ў бок ручая, зарослага хмызняком. У канцы вуліцы павярнуць налева і працягваць рух па дарозе ўздоўж таго ж ручая.
Накатаная дарога прывядзе наўпрост да крыніцы, якая знаходзіцца ля вытокаў безназоўнага ручая.
У 5-ці км на захад ад Маладзечна і ў паўкіламетры ад вёскі Лешня здаўна бруіць крынічка, якая ператвараецца ў ручай, а той упадае ў раку Нявежа. Месца вакол добра ўпарадкаванае, пастаўлены паклонны крыж. Пры з’ездзе з шашы на палявую дарогу да крыніцы таксама ўсталяваны крыж. Крыніца — на ўліку як помнік прыроды мясцовага значэння.
І па сёння старажылы ў наваколлі сцвярджаюць, што на ўласныя вочы бачылі ў крыніцы абраз Маці Божай. Прычым некаторыя ўдакладняюць, што на дне бачылі менавіта абраз Божай Маці Чанстахоўскай.
Расказвае Ірэна Сінько: «Было гэта ў 1954 годзе. Разам з іншымі дзецьмі я гуляла каля крыніцы. Памятаючы словы мамы, якая наказвала заўсёды папіць гэтай вады ды абмыць у ёй рукі і ногі, каб не балелі, мы нахіліліся над студняй і ўбачылі на дне абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Залачоны. Я стала адразу гаварыць пацеры (мамуся так вучыла), а адна дзяўчынка кажа: «Гляньце, нехта ікону паклаў у студню», і дубцом спрабавала яе парушыць. Ікона знікла».
Спрадвеку лічылася, што вада цудадзейнай крыніцы дапамагае ад розных хвароб, а ў першую чаргу ад хвароб вачэй.
Святкаванне каля яе праводзілі на дзясятую пятніцу – Дзесятуху – пасля Вялікадня, як праваслаўныя, так і каталікі. Сама традыцыя ўшанавання вельмі старажытная. Пачалася яна з дахрысціянскіх часоў і звязаная з ушанаваннем багіні-апякункі крыніц Мокашы, пазней – з надыходам хрысціянства – Параскевы Пятніцы.
У нашых продкаў існавала павер’е, звязанае з дванаццаццю святочнымі пятніцамі ў годзе і адмысловы апакрыфічны (не зацверджаны царквой) пятнічны каляндар. Таму даўней фэсты ва ўсходніх славян праводзіліся ля крыніц менавіта ў пятніцу.
Таксама раней у дзень святкавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыстуса (22 чэрвеня) ад драўлянага касцёла, які стаяў у вёсцы Лебедзева, сюды ішла працэсія з крыжамі, харугвамі і перасоўным алтаром. Паводле падання, менавіта ў гэты дзень на крыніцы аб’явіўся абраз.
Ад касцёла з Лебедзева выпраўлялася працэсія і ў 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня. Праваслаўныя з Лебедзева ішлі сюды хрэсным ходам у 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня ад Крыжаўздзвіжанскай царквы. Калі Вялікдзень супадаў у католікаў і праваслаўных, то ўсе ішлі разам.
У гістарычнай літаратуры згадкі пра крыніцу сустракаюцца з сярэдзіны ХІХ ст. Над крыніцай стаяла драўляная студня, побач крыжы. У 1904 годзе крыніца раптам стала замінаць царскім уладам, і па загадзе чыноўнікаў адзін вясковец спілаваў крыжы. У хуткім часе ён памёр.
Гэты выпадак размежаваў вернікаў. Каталікі сталі сцвярджаць, што крынічка належыць да іх канфесіі. Пасля ўлада змянілася, і ў 1920 годзе над крыніцай пабудавалі капліцу памерам 3х3 метры, паставілі каталіцкі крыж, усталявалі каптаж з бетоннай цамбравінай. Пачалі добраўпарадкаваць і іншыя крынічкі. Усяго ў 1925 годзе ў гэтых мясцінах іх налічвалі ажно тры дзясяткі. З крыніц утваралася рачулка Лешна.
У 1947 годзе ўлады забаранілі людзям хадзіць да крыніцы. Але напярэдадні свята Дзесятухі некаторыя набожныя вернікі з Маладзечна ішлі сюды на каленях, а з Лебедзева ішлі хрэсным ходам з харугвамі.
У 1958 годзе ў 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня на Святым месцы сабралася больш за 200 вернікаў. Удалося правесці малебен і абрад асвячэння вады. Людзі набіралі ваду і ахвяравалі ў крыніцу грошы.
Праз нейкі час кіраўніку калгаса было загадана луг каля прыбярэжнай паласы рэчкі ўзараць аж да самай крыніцы і знесці крыж, які быццам бы перашкаджаў апрацоўваць зямлю. Загад мусілі выканаць. Крыж зноў спілавалі і нават раструшчылі яго гусеніцамі трактара. Каптаж і каплічку знеслі бульдозерам, а саму крынічку засыпалі і зруйнавалі з зямлёй. Адбылося гэта дзесьці напачатку 1960-х гадоў.
Людзі плакалі ад бездапаможнасці. Але праз год крыніца прабілася ў іншым месцы – на дваццаць метраў вышэй па ручаі. Яна цурчыць тут і сёння, карыстаючыся яшчэ большай папулярнасцю. Людзі сталі патаемна хадзіць да яе, прыязджалі з суседніх краін, нават у снежныя зімы. Жыхары бліжэйшых вёсак тры гады запар аднаўлялі тут крыж, але ўлады кожны раз яго знішчалі.
Толькі пасля таго як Беларусь атрымала незалежнасць, вернікі з Лебедзева, сабраўшы грошы, зноў добраўпарадкавалі Святое месца.
Яны зрабілі каптаж, альтанку, паставілі побач крыж. На гэты крыж людзі, якія прыязджаюць па ваду, навязваюць стужкі. Павер’е сцвярджае, што гэта павялічвае лекавыя ўласцівасці вады.
Цяпер у дзень Найсвяцейшага Сэрца Езуса ад касцёла св. Юзэфа з Маладзечна сюды ідуць працэсіяй. Напярэдадні капліцу ўпрыгожваюць кветкамі, галінкамі бярозы ды язміну. Ёсць звесткі, што крынічку ў Лешне гадоў пяць таму асвячаў і праваслаўны святар. Праваслаўныя збіраюцца тут, як і сотні гадоў таму, у 10-ю Пятніцу пасля Вялікадня. А ў звычайныя дні сюды ледзь не кожныя чвэрць гадзіны пад’язджаюць аўтамашыны. Людзі набіраюць ваду каністрамі, вялікімі і малымі пластыкавымі бутэлькамі. Яна не псуецца па некалькі месяцаў…