Site icon Слушна

Святло, форма, колер і рух. Як выглядае сучасны авангард?

Мастацкая супольнасць Беларусі ў час пандэміі, безумоўна, засумавала. Але што рабіць – такія пакуль абставіны. Тым не менш, выставачныя пляцоўкі ў краіне працягваюць работу, арганізоўваючы разнастайныя арт-праекты, якія, дарэчы, можна ўбачыць у анлайн-рэжыме.

Адна з такіх выставак – міжнародны вернісаж «Сучасны авангард», прадстаўлены ў арт-гасцёўні «Высокае месца». У аснове экспазіцыі – каля 40 работ мастакоў з Беларусі, Расіі і Арменіі.

Авангарднае мастацтва заўсёды лічылася яркай і неадназначнай з’явай: яно патрабуе адпаведнага мыслення. Авангард – эксперымент, маніфест свабоднай творчасці. Прыгадайце работы Марка Шагала, Фердынанда Рушчыца ці Язэпа Драздовіча. Яны не мелі нічога супольнага з манументалізмам альбо прапагандай масавай культуры.

Напрамкі авангарда

Таццяна Катлярова-Савік "Прамежкі"

У наш час авангард - гэта яшчэ і магчымасць для гледача зразумець розныя падстылі напрамку. Тут жа і адказ на пытанне, чым можа зацікавіць выстаўка ў арт-гасцёўні «Высокае месца»: у экспазіцыі прадстаўлены самыя розныя стылі і напрамкі ў авангардзе - арт-тэктонік (тэкта-арт, архітэкт-арт), імпрэсіянізм, сюрэалізм, наіўнае і прымітыўнае мастацтва, сімвалізм.

 
Людміла Рыбакова
Куратар выстаўкі «Сучасны авангард»
Авангард - стан душы, стыль і стаўленне да жыцця. Мы ў штодзённасці шукаем штосьці новае, імкнёмся пашырыць дыяпазон звыклага. Кажуць, каб нешта змяніць у жыцці, трэба ўнесці ў яе адну пераменную. На выстаўцы мы сабралі спектр творчых работ, якія прадставяць усю прыгажосць авангарду вачыма розных мастакоў.

Экспазіцыя выстаўкі аформлена па тэматычных секцыях: святло, форма, колер і рух. Кожная па-свойму рамантычная і ў той жа час аналітычная. Уваходзіш у выставачную прастору і адразу на вока трапляе карціна Фёдара Блажына «У рулоне» - работа пра грамадства спажывання.

Работы Фёдара Блажына "Нерыбны дзень" і "У рулоне"

Мастак заклікае гледача звярнуць увагу на псіхалагічны фактар, расказвае пра навязванне людзям мадэлі паводзін буйнымі прамысловымі кампаніямі, з выкарыстаннем прадуманых стратэгій, што прыводзіць да бяздумнай пагоні за рэчамі, у якіх няма неабходнасці.

Вольга Мядзведзева "Карнавал"

Мастачка Вольга Мядзведзева праз работу «Карнавал» акцэнтуе ўвагу на паваротным для грамадства моманце. Пандэмія падзяліла наша жыццё на «да» і «пасля», таму адчуванне новага жыцця - паўсюль. Прычым тут карнавал? Верагодней за ўсе пры тым, што цяпер мы ўсе носім маскі.

Цігран Джавадзян "Веданне"

А мастак Тыгран Джавадзян на халсце «Веданне» вырашыў паказаць кнігу як аснову інтэлектуальнага працэсу, распавесці, што асобнікі кніг і бібліятэкі – неад’емная частка культуры любой краіны. Аднойчы філолаг Дзмітрый Ліхачоў адзначыў:

«Калі правільна арганізаваць кнігасховішчы, то культуру рэальна адрадзіць, нават калі знікнуць вучэбныя ўстановы».

Мастак зачапіўся за цытату і адлюстраваў яе сэнс у духу сюрэалізму.

 
Ларыса Фінкельштэйн
Мастацтвазнаўца
Для мяне класічны авангард - пачатак мінулага стагоддзя, калі гэта была творчасць пад грыфам «наперадзе ўсяго». Успомніце толькі легендарную школу УНОВІС, створаную Казімірам Малевічам у Віцебску. На выстаўцы мы бачым новую эру авангарду, якая, безумоўна, з’яўляецца найцікавейшым феноменам развіцця сучаснага мастацтва.

Андрэй Кузьмін "Тройца"

Варта адзначыць, што арт-праект «Сучасны авангард» будзе цікавы не толькі дарослым, але і падлеткам, і дзецям. Прадстаўленыя на выстаўцы работы – дыялагічныя. Яны дазваляюць паразважаць пра сюжэт, колер, псіхалагічную канцэпцыю ды форму экспанатаў.

Exit mobile version