Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла здаўна шануецца ў народзе. І нягледзячы на тое, што гэта свята царкоўнае, яно мае шмат «мірскіх» прыкметаў ды звычаяў. Перачытваю напісанае ў папярэднія гады – і выразна бачу, як адрозніваецца сёлетняе надвор’е ад сваіх «папярэднікаў». Калі там усё спрэс пра дажджы, дык у гэтым годзе…
Зрэшты, нам па прагнозе надвор’я быццам бы абяцаюць на сёння невялікі дождж. А значыць, гэтая традыцыя Пятровага дня мае шанц застацца нязменнай. Толькі ёй зусім не радыя тыя, хто вырошчае хлеб. Пара жніва і касавіцы надыходзіць (а ў некаторых раёнах – у разгары). Які тут дождж?! Калі збожжа так выспяляецца ды высыхае ў коласе…
А вось касцы, якія дагэтуль нарыхтоўваюць сена пры дапамозе звычайных косаў, радыя расе. Як ранішняй, так і вечаровай. Памятаеце гэтае?! «Касі, каса, пакуль раса…»
Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла – свята ўрачыстае і вельмі добрае. А яшчэ крыху сумнае. Бо лічыцца, што гэта ўжо макаўка лета і што мы распачынаем шлях да восені. І як доказ гэтаму – змяншэнне светлавога дня: «Пётр-Павел на гадзіну дзень убавіў, Ілля-прарок два ўвалок». Ці яшчэ больш вядомае: «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток».
З прыемнага ж – разгаўленне ў вернікаў пасля Пятровага посту: «Чакай Пятра – сыру з’ясі…»
А ці атрымалася каму сёння раніцай паназіраць за сонцам?! Кажуць, што яно гэтак жа грае, як і на Купалле… Я, як заўсёды, усход праспала… Таму нічога не магу сказаць.
Цікава, што з Пятровага дня перастае куваць зязюля. Прычым тлумачэнні чытала розныя. Адны кажуць, што гэта яна «коласам падавілася», іншыя – што… сырам. Жартуюць, мабыць.
А яшчэ вычытала до-о-о-оўгую прыкмету на гэты конт: «Калі зязюля перастае куваць за тыдзень да Пятровага дня, то і зіма ляжа за тыдзень ці за два да Калядных запускаў. Калі ж зязюля куе тыдзень ці два пасля Пятровага дня, то і зіма ўляжацца праз гэтулькі ж часу пасля Пятровага дня, пасля запускаў на Піліпаў пост». Засталося прасачыць за зязюляй! 🙂
А калі сур’ёзна… Дык штосьці я яе даўно не чула на летніку. Хіба таксама маўчыць, бо ад гарачыні млосна?! Адны вераб’і ды ластаўкі актыўнічаюць… І, здаецца, першыя нацэліліся ўжо на вішні, якіх сёлета так багата, што звісаюць з дрэў цэлымі гронкамі!
Ну, а ў народзе казалі так: «І птушкі наверадзіліся, і ім ужо не да песень».
Калі вы аматар вудзіць рыбу, сёння варта памаліцца (ці проста звярнуцца з добрым словам, просьбай) да святых. Хаця лічыцца, што апекунамі рыбакоў з’яўляюцца абодва, але мы памятаем, што рыбнай лоўляй займаўся Пётр (і меў тады іншае імя) са сваім братам Андрэем.
У наш час тыя, хто носіць імя Пётр ці Павел, звычайна святкуюць імяніны. Сваім лічаць дзень святых апосталаў Пятра і Паўла і тыя, чые бацькі маюць ці мелі такія імёны (мой тата таксама Паўлавіч).
Так і выбірае кожны для сябе: хто – даўнішняе, а хто – сучаснае, хто – царкоўнае, а хто – народнае. А хтосьці і тое, і другое… Альбо ўвогуле гэты дзень за свята не лічыць. А паколькі сёлета дзень будзённы, ды яшчэ і цяжкі, бо панядзелак… Прыгадалі, што адзначаецца 12 ліпеня, – і тое ўжо добра! 🙂 Затое раздолле таму, у каго – адпачынак!
А вось таму, хто распачынае жніво ці сенажаць, проста не пазайздросціш! Такая гарачыня шалёная на нас апусцілася! Таму хлебаробам нашым – моцы, вытрымкі і спрыяння прыроды ў выглядзе воблачнасці ды ветру.
Таго ж хочацца пажадаць і дачнікам-агароднікам. Палівы зараз – наша ўсё! І мы зусім не супраць дожджыку, няхай сабе нават невялікага. Ды і ў горадзе каб пыл прыбіла… І хаця б крыху астудзіла гарачы асфальт.
Таму ўшаноўваем сёння святых Пятра і Паўла і просім… Каму што патрэбна. Галоўнае – верыць, што нас сапраўды пачуюць… І паспрыяюць. А пра тое, якім выдаўся гэты дзень у папярэднія гады, чытайце, пераходзячы па спасылках!
«Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень свету не ўбачаць…»