Яшчэ толькі пазаўчора, 12 ліпеня, мы ўзгадвалі святых Пятра і Паўла, а сёння ўжо вітаем іншых святых – Кузьму і Дзям’яна. Спадзяюся, што іх імёны ў большасці з вас, шаноўныя сябры, таксама на слыху. Бо і яны лічацца апекунамі земляробства, сельскагаспадарчых работ, спрыяюць людзям падчас жніва ды сенакосу. І гэта адлюстравана ў народнай мудрасці: «Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць…», «Святы Кузьма сярпы робіць, святы Дзям'ян сена грабіць», «Кузьма і Дзям'ян прыйшлі, на сенакос пайшлі».
Альбо нават так: «Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабіць». Атрымліваецца, ніхто не сядзіць без справы ў гэтыя гарачыя ліпеньскія дзянькі! 🙂
Калі мы звернемся да асобаў святых Кузьмы і Дзям’яна, дык даведаемся, што яны былі лекарамі і дапамагалі людзям бясплатна. А ўвогуле, чытаем у Вікіпедыі: «Праваслаўная царква шануе тры пары святых, якія жылі, як лічыцца, у розны час і розных месцах: Казьма і Дзям'ян Асійскія (1/14 лістапада), Казьма і Дзям'ян, пацярпелыя ў Рыме (1/14 ліпеня), Казьма і Дзям'ян Аравійскія (17/30 кастрычніка)».
Нас жа больш цікавіць, натуральна, народны складнік гэтага свята, якое атрымала назоў «летнія Кузьмінкі».
Дык вось, апроч згаданага, святыя Кузьма і Дзям’ян лічацца апекунамі кавалёў, кавальскай справы і вяселляў! І часта гэтыя два паняцці яднаюцца. Напрыклад, тым, хто вянчаўся першы раз (апрача ўдоў і ўдаўцоў), спявалі песню «Кузьма»:
Скуй нам свадзебку,
Свадзебку крэпкую,
Даўгавечную,
На векі неразлучную...
Прачытаўшы ж вось гэтае: «У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п’юць», не магла не ўсміхнуцца! Такое ўражанне, што ў іншыя дні п’юць менавіта… бабы! 🙂
Але ўсе мы добра ведаем, як даўней ставіліся да таго, што жанчыны выпіваюць, паляць і г.д. У народзе такіх асуджалі, і моцна! Не тое што зараз… Нават дзяўчаты адкрыта пыхкаюць у гарадах вялікіх і малых. І нічога! 🙁 А вось у вёсках жанчыны сталага веку (ды і мужчыны) такіх і паганяць могуць…
Цікава, што ў аграгарадку Зялёнка, на Полаччыне, адмыслова шануюць святых Кузьму і Дзям’яна. Напачатку там праводзілі восеньскія Кузьмінкі, а ў 2019 годзе зладзілі яшчэ і летнія. І вось такое адраджэнне традыцый сапраўды заслугоўвае павагі і пашаны!
Прачытаўшы творчую справаздачу адтуль, найбольш павесялілася з гэтага: «Павысіць якасць будучых мужоў дапамагла абрадавая дзея «Выветрыванне дурноты з жаніхоў». Прэтэндэнтаў білі бярозавымі дубцамі, прыгаворваючы: «Каб гарэліцу не піў, толькі жоначку любіў, увесь тыдзень працаваў, шмат багацця нажываў». Ну далібог, варта пераймання, праўда?! J Яшчэ каб і дзейнічала…
А чаго варты адмысловы «Мудрамер», на якім можна было вымераць узровень розуму! Там на рознай вышыні прымацаваныя таблічкі: «Дурны», «І так, і сяк», «Мудры». І да апошняга яшчэ паспрабуй дацягнуцца! 🙂
Вясёлае вясковае свята, адразу бачна…І таксама яскрава прасочваецца паяднанасць мінулага і сучаснага, што вельмі каштоўна…
«Калі 14 ліпеня вецер дзьме з захаду, будзе дождж» – заўважалі ў народзе. Пакуль асабіста ў нас прагназуюць вецер паўднёвы і паўднёва-ўсходні. Плюс… магчымы дождж! 🙂 Які нам так трэба…
«Сарока крычыць – наадварот, будзе горача» – наступная прыкмета. Вось у сваім Чэрвені я практычна сарок і не бачу. Затое ў Мінску, у мікрараёне Каменная Горка, дзе размяшчаецца наш офіс, іх – процьма! І крычаць, не зважаючы, прадказваюць гарачыню ці не. Хоць ты ім дзюбы пазавязвай! 🙂
Вось такі сёння прыемны ліпеньскі дзянёк. Выбірайце з прыкметаў і традыцый, што вам падабаецца. А калі ведаеце штосьці іншае, абавязкова дзяліцеся ў каментах у нашых сацсетках! Буду ўдзячная! 🙂