Site icon Слушна

Сямейны капітал і дэкрэтны адпачынак для бацькі. Якія змены чакаюць беларусаў

Праграма сямейнага капіталу рэалізуецца ў Беларусі з 2015 года, за гэты час адпаведныя дэпазітныя рахункі адкрылі амаль 105 тыс. сем'яў. Хутка магчымасці яго выкарыстання будуць пашыраны.

Пра гэта, а таксама пра іншыя віды сацыяльнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі журналістам расказала кансультант аддзела народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Святлана Бялаш.

Змены ў сямейным капітале

Сямейны капітал у Беларусі

Сямейны капітал — гэта аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў пры нараджэнні і ўсынаўленні трэцяга або наступных дзяцей. У 2015-2019 гг. памер сямейнага капіталу складаў 10 тыс. даляраў ЗША, з 2020 года гэты від дзяржаўнай падтрымкі прадастаўляецца ў беларускіх рублях (што ў 2021 годзе раўняецца 23 тыс. 737 руб.; у наступным годзе сума будзе індэксаваная).

Зараз датэрміновае выкарыстанне дазволена на:

  • паляпшэнне жыллёвых умоў,
  • паслугі ў сферы адукацыі,
  • медыцынскія паслугі.

Сёння прынята больш за 42 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам, з іх 88 % накіравана на паляпшэнне жыллёвых умоў, 6,6 % — на медыцынскае абслугоўванне, 5,8 % — на атрыманне адукацыі.

Бацькоўскі адпачынак і сямейны капітал. Эксперты распавялі пра падтрымку мацярынства і дзяцінства

Але хутка напрамкі датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу будуць пашыраныя: 12 кастрычніка 2021 года прыняты ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 389 "Аб выкарыстанні сямейнага капіталу". Дакумент уступае ў сілу 1 студзеня 2022 г. і распаўсюджвае сваё дзеянне на сямейны капітал, прызначаны па праграмах 2015-2019 гадоў і 2020-2024 гадоў.

Так, пры паляпшэнні жыллёвых умоў сямейны капітал можа быць дадаткова накіраваны на пагашэнне пазыкі, прадастаўленай арганізацыямі па месцы працы, на набыццё долі жылога памяшкання і на пагашэнне запазычанасці па крэдытах, прадастаўленых банкам па дагаворах аб пераводзе доўгу або аб прыёме запазычанасці.

У сістэме адукацыі сродкі сямейнага капіталу дадаткова можна будзе выкарыстоўваць для аплаты навучання ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй адукацыі спажыўкааперацыі, у ВНУ Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Новы напрамак азначаны і ў медыцынскіх паслугах: прадастаўленне медыцынскіх вырабаў і лекавых сродкаў пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у артапедыі.

Таксама з 1 студзеня стане магчымым набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства членаў сям’і, што з’яўляюцца інвалідамі, а таксама дзяцей-інвалідаў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарата (тактыльныя дысплеі і прынтэры Брайля, прылады для ўздыму людзей, функцыянальныя ложкі).

Няня для дзяцей. Бясплатна

У інтарэсах сем'яў з дзецьмі развіваюцца і іншыя праграмы сацыяльнага абслугоўвання, адзначыла Святлана Бялаш. Надзвычай запатрабаваныя паслугі нянь, якія прадастаўляюцца бясплатна сем'ям, дзе выхоўваюцца двайняты (да 20 гадзін у тыдзень), трайняты (да 40 гадзін у тыдзень).

Няпоўным сем'ям з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 4 гадоў і сем'ям, у якіх двое і больш дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да чатырох гадоў паслугі няні таксама прадастаўляюцца бясплатна.

Да таго ж сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ад 4 да 18 гадоў, а таксама сем'і, дзе абодва бацькі або адзіны з бацькоў — інваліды 1 ці 2 групы, могуць карыстацца паслугамі няні па сацыяльна нізкіх расцэнках.

Сацыяльная перадышка і патранат

Сацыяльная перадышка — гэта адпачынак для бацькоў або асоб, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, на перыяд да 56 каляндарных дзён 1 раз у год, у той час, як іх дзіця знаходзіцца пад апекай кваліфікаваных спецыялістаў у дзяржаўнай установе.

Сёння бацькі атрымліваюць гэтую паслугу на платнай аснове, але пры гэтым за імі захоўваецца права на атрыманне сацыяльнай пенсіі і дапамогі на дзіця-інваліда.

Таксама ў органы сацзабеспячэння можна звярнуцца па паслугі сацыяльнага патраната і часовага прытулку для вырашэння комплексных праблем сям'і.

Гарантыі ў сферы працоўных адносін

Для працуючых бацькоў прадугледжаны гарантыі ў сферы працоўных і пенсійных адносін. Права працуючай жанчыны на адпачынак па цяжарнасці і родах, па догляду за дзіцем да 3 гадоў замацавана Працоўным кодэксам. У выпадку выхаду жанчыны на працу, службу, вучобу дзённай формы, права на такі адпачынак прадастаўляецца бацьку альбо іншаму члену сям'і, сваяку дзіцяці. Пры гэтым за імі таксама захоўваецца права на атрыманне штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці.

Пры выхадзе аднаго з бацькоў на працу з адпачынку па доглядзе дзіцяці наймальнік абавязаны заключыць з ім кантракт да дасягнення дзіцем узросту 5 гадоў. Таксама Працоўным кодэксам прадугледжана права бацькам, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў альбо траіх і больш дзяцей да 16 гадоў, на адзін дадатковы свабодны дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга заробку.

Як не звар'яцець у першым дэкрэце. 8 лайфхакаў

Бацькам, якія выхоўваюць дваіх дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, прадастаўлена права на адзін дадатковы свабодны дзень у месяц. Аплата такога дня можа быць прапісана ў калектыўным дагаворы альбо ў лакальным акце наймальніка.

З 2020 года стала магчымым выкарыстанне бацькоўскага адпачынку пры нараджэнні дзіцяці: наймальнік абавязаны даць такі адпачынак мужчыне ў першыя паўгода жыцця яго дзіцяці, працягласцю да 14 дзён. Зрэшты, рашэннем наймальніка гэты тэрмін можа быць і большы, альбо можа быць прадугледжана аплата такога адпачынку.

Пры выхаванні дзіцяці з інваліднасцю бацька мае права на атрыманне працоўнага адпачынку ў летні альбо іншы зручны для яго час. Пры наяўнасці дваіх дзяцей да 14 гадоў можна прэтэндаваць на працоўны адпачынак да заканчэння 6 месяцаў работы ў наймальніка. І такія гарантыі распаўсюджваюцца не толькі на бацьку, але і на айчыма, што немалаважна.

Exit mobile version