Site icon Слушна

«Сям’я – гэта ты, гэта мы, гэта я!»

Як слушна заўважыў хтосьці, бацькоў не выбіраюць. Гэтак жа, як і сям’ю, у якой немаўля з’яўляецца на свет.

А вось якой быць сям’і колішняга немаўляці – сучаснага дарослага чалавека, вырашаць яму самому і яго другой палове. І пажадана сумесна. Альбо ўзяць туды ўсё лепшае з сям’і ўласнай (звычкі, традыцыі, завядзёнкі ды іншае), альбо… Няхай ідзе, як ідзе. Як само складваецца і атрымліваецца.

Якіх толькі вызначэнняў для слова «сям’я» не існуе! Ячэйка грамадства, надзейны тыл, супольнасць блізкіх людзей… А калі ўсё гэта сапраўды ў наяўнасці, дык можна гаварыць пра здароўе сям’і ў цэлым і кожнага з сямейнікаў у прыватнасці.

І найперш здароўе залежыць ад правільнага харчавання і харчовых звычак. Цудоўна, калі атрымліваецца сабрацца ўсім разам падчас сняданку-абеду-вячэры ці хаця б аднаго прыёму ежы. Гэта аб’ядноўвае, дорыць пачуццё супольнасці. І сапраўды можна сказаць, што «Сям’я – гэта ты, гэта мы, гэта я!» Ды разам і есці весялей, ці не так?! Між іншым, у нашай сям’і ёсць такая завядзёнка. А ў вашай?!

Той, хто вырас на хатняй ежы, наўрад ці спакусіцца на такі шкодны фаст-фуд. Ды проста ён будзе здавацца нясмачным – таксама ведаю па сабе! А хатняе харчаванне каштоўнае не толькі з-за, скажам, карысных прадуктаў, а яшчэ таму, што туды ўкладзены любоў і клопат пра сваіх блізкіх чалавека, які гатуе. Пры ўмове, што гатуе з задавальненнем і добрым настроем.

Цудоўна, калі ў сям’і прынята дзяліцца і радасцямі, і праблемамі. Калі кожны з сямейнікаў ведае, што яго выслухаюць, паспачуваюць ці парадуюцца, дапамогуць, падтрымаюць… Як гэта важна, калі цябе разумеюць! Калі нават хвіліны маўчання, а не толькі размоў аб’ядноўваюць!

Калі дзіця не баіцца ісці дахаты з дрэннай адзнакай ці запісам у дзённіку, значыць, выхаванне ў сям’і правільнае. Калі б усе дарослыя ведалі гэта і разумелі, наколькі здаравейшымі і шчаслівейшымі былі б сучасныя дзеці! І наколькі меней стала б невытлумачальных выпадкаў агрэсіі… Здаецца, абсалютна ўсім вядомыя, элементарныя рэчы. Але далёка не ва ўсіх сем’ях гэтак прынята. Ведаю нават як колішні школьны настаўнік і класны кіраўнік…

А якім цудам не дапусціць у дзіцяці фарміраванне шкодных звычак, калі яны ёсць у сям’і?! Няхай хоць якім залатым будзе настаўнік, але калі тата дзіцяці паліць, выпівае… Няма гарантыі, што дзіця не пяройме. І колькі ні вінаваць у тым школу, усё сапраўды ідзе з сям’і. І, зноў-такі, каб усе дарослыя гэта разумелі і выконвалі, наколькі лягчэй было б дзецям!

Як журналіст даволі часта раней бывала на конкурсах сем’яў, у асноўным, шматдзетных. Распавядала таксама пра сем’і прыёмныя і апякунскія. Зараз цікава выпадкова сутыкацца з імі праз некалькі гадоў. І шчыра радавацца, бачачы, што дзеці там па-ранейшаму ахінутыя бацькоўскай любоўю, а ў сям’і пануе ўсё такая ж цёплая атмасфера.

А як западаюць у душу выпадкі, калі ў сям’ю вяртаюцца маці-«зязюлі», калі за розум бяруцца выпівохі… На жаль, яны, тыя выпадкі, адзінкавыя. І невядома, колькі такія жанчыны пратрымаюцца. Але якімі ж шчаслівымі робяцца іх дзеці! Бо нават знаходзячыся ў прытулку – часова ці ў дзіцячых дамах – пастаянна, яны так чакаюць маму!

Няхай яна не карміла, не выхоўвала, абражала ці нават біла… Асабіста для мяне невытлумачальна, але і такую маці дзеці любяць і гатовыя дараваць ёй усё! І пра такія выпадкі даводзілася пісаць. А тыя шчыра-наіўныя дзіцячыя аповеды памятаюцца і да гэтага часу.

А чаму менавіта такія думкі ўслых сёння… Бо, як вы ўжо здагадаліся, нагода ёсць – Міжнародны дзень сям’і.

Шчыра віншуем вас, шаноўныя сябры, з гэтым святам! Няхай у вашых сем’ях пануюць дабрыня, каханне і любоў, узаемапаразуменне, мір, лад і згода! Здароўя ўсім, цярпення, дабрабыту, трываласці. І пабольш прыемных юбілеяў сумеснага жыцця!

Exit mobile version