Сямейны тандэм Юрыя і Вольгі Крупянковых — добры прыклад таго, як людзі ў розных сферах жыцця знаходзяцца на адной хвалі. У кастрычніку ў Галерэі мастацтваў імя Леаніда Шчамялёва адкылі выставачны праект мастакоў пад назвай «Горад. Музыка. Казка», які дакладна дэманструе нам, наколькі натхненне аўтараў звязана з іх сямейным узаемаразуменнем.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 90 работ, створаных Юрыем і Вольгай Крупянковымі. Тэхнікі і сюжэты ў мастакоў розныя, але, тым не менш, ёсць нешта важнае, што аб'ядноўвае ва ўспрыманні іх непадобныя работы.
І графіка Вольгі, і жывапіс Юрыя ствараюць адчуванне кранальнага пазнавання таго самага горада, той самай музыкі і тых самых казак, якія мы так любім.
Юрый Крупянкоў нарадзіўся ў Мінску, з'яўляецца выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго жывапісныя работы, прысвечаныя роднаму гораду, насычаны неверагодным цяплом і пяшчотай. Гэтыя пачуцці глядач абсалютна ясна адчувае, таму што цеплыня, пяшчота і бясконцае каханне да мінскіх вуліц, праспектаў, набярэжных, безумоўна, былі суаўтарамі мастака пры напісанні гэтых палотнаў.
Габрэйская тэма ў творчасці Юрыя Крупянкова, якая пачалася з карцін, прысвечаных халакосту, працягваецца мелодыяй мястэчак, дзе праз смех і слёзы ўзлятае ў вячэрняе неба голас вечнай скрыпкі. Пад яе стары напеў праносіцца жыццё — радасці і смутку, кірмашы, вяселлі, пахаванні.
Увогуле работы аўтара — гэта адначасова і вяртанне ў дзяцінства, і асэнсаванае паглыбленне ў рэальнасць. За кошт колеравай творчай гамы Юрыя мы адчуваем, як расчыняюцца дзверы нашага сэрца і хтосьці з нас можа ўспомніць сваіх блізкіх людзей, але апынуцца ў свеце асабістай фантазіі.
Вольга Крупянкова таксама нарадзілася ў Мінску і скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Яе прафесійныя перавагі аддадзены графіцы і зачаравальнаму чараўніцтву казачных і міфалагічных сюжэтаў.
Асноўная частка прадстаўленых на выстаўцы работ мастачкі – экслібрысы, адны толькі назвы якіх бударажаць свядомасць блізкасцю ілюзорнага свету: «Фея памежжа», «Заклінальнік дажджу», «Нараджэнне Афіны», «Залюстроўе», «Дама і цмок». Гэтыя і іншыя творы Вольгі прывабліваюць не толькі сваёй казачнасцю, але і своеасаблівай кампазіцыйнай складанасцю, спалучэннем разнапланавых і разнамаштабных аб'ектаў на адным лісце.
Вольга Крупянкова — прыемны і шчыры чалавек, з ёй цікава камунікаваць, задаваць ёй самыя розныя пытанні, а вось творчасць яе можна адразу назваць інэлектуальнай, цікавай, інфарматыўнай. Бачна, наколькі абгрунтавана аўтар паглыбляецца ў кожную работу і імкнецца данесці сэнс гледачу не праз агульны сюжэт, а праз дэталі.
Нягледзячы на тое, што мастакі працуюць у розных тэхніках і жанрах, іх творчая манера мае шмат агульнага — гэта пазітыўнае стаўленне да свету, жаданне бачыць радасць і казачнасць у штодзённых рэчах, адчуванне свята.
Шмат увагі яны надаюць перадачы чалавечых пачуццяў, цеплыні сямейных адносін, імкнуцца ўбачыць гармонію і прыгажосць жыцця.
Не пужаючыся складаных шматфігурных кампазіцый, аўтары імкнуцца дасягаць у сваіх работах максімальнай выразнасці. Дбайная прадуманасць і дакладнасць дэталяў у палотнах Юрыя пераклікаецца з вытанчанасцю і выразнасцю насычаных графічных лістоў Вольгі. Мастакі адкрываюць гледачу дарогу ў свой свет, адначасова рэальны і казачны, напоўнены цяплом і любоўю.