Site icon Слушна

Сярод шэрых будняў – зноўку свята?! Прывітанне, Новы год… Стары! :)

стары новы год

Вы можаце 100 разоў сказаць, што гэта глупства нейкае – святкаваць Новы год яшчэ раз, па старому стылю. Маўляў, што з таго, што калісьці менавіта гэты дзень быў сапраўдным?! Вы можаце ўвесь гэты час рабіць выгляд, што нічога асаблівага ў ноч з 13-га на 14-га студзеня не адбываецца. І ўсё ж паціху, дзесьці глыбока-глыбока, хаваць у сэрцы надзею: а раптам Сусвет, Нябёсы нас зноўку пачуюць? І можна паспрабаваць загадаць яшчэ адно таемнае жаданне…

А можаце і глупствам не лічыць, і выгляду не рабіць. А проста ўзяць і… адсвяткаваць! Не абавязкова бутэрбродамі з ікрой ці чырвонай рыбай, шампанскім, мандарынамі… Зрэшты, з мандарынамі я пагарачылася. 🙂 Вось яны няхай будуць яшчэ. Вельмі карысныя для здароўя фрукты. Хаця і не ўсе з гэтым пагаджаюцца.

Ну, добра-добра! Проста смачныя. І сакавітыя. З такім адмысловым водарам, які адразу ўзнімае настрой. Хіба не?! А настрой нам трэба, недзе трэба браць. Добры. Бо з гэтай шэрасцю бясконцай, з гэтай бясснежнай, так бы мовіць, зімой толькі і застаецца, што ствараць настрой самім.

Вам яшчэ не надакучылі гэтыя шэрыя будні?! Калі так, дык ёсць нагода расквеціць іх заўтра. І нават падчас самога працэсу падрыхтоўкі да святкаванняў Старога Новага года. Вы гатовыя?! Я – так!

Стары Новы год. Кватэра.

І няхай сабе гэта не выхадны, а толькі самы пачатак звычайнага ўжо, не скарочанага працоўнага тыдня, але ж ніхто і не кажа, што год сустракаць трэба менавіта апоўначы. Калі ўжо ён такі, другі па ліку…

І можна цудоўна пасядзець усёй сям’ёй за святочным сталом увечары, паглядзець цікавы фільм… У нас на працягу ўжо некалькіх гадоў (так само неяк склалася) – гэта «Сірата казанская». Сапраўды, вельмі навагодні добры светлы фільм. Які таксама практычна ўжо вывучаны на памяць усімі сямейнікамі, але ні на грам не губляе з-за гэтага сваёй прывабнасці.

Я вось цяпер задумалася: а колькі дакладна гадоў гэтай нашай традыцыі? І зразумела, што не менш за 8. У сэнсе, сёлета збіраемся ў восьмы раз глядзець. Адкуль такая лічба? Ды проста наш касманаўт-зямляк, трэці ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі, чыёй аднакласніцай я маю гонар з’яўляцца, у свой першы палёт накіраваўся ўвосень 2012-га года.

Адзначаючы Стары Новы 13 студзеня 2013-га года, мы ўжо глядзелі фільм «Сірата казанская». Найперш таму, што там адзін з «татаў» Насці таксама прадстаўляецца касманаўтам. І касмічная тэма трохі раскрываецца… Дзесьці ў гумарыстычнай форме. З аднаго сказу я заўсёды смяюся! Адгадаеце, з якога?! 🙂

Карацей, фільм на Стары Новы год – раю! Гэтак жа, як мандарыны! З уласнага вопыту! 🙂 А калі яшчэ і ёлка насуперак усім забабонам засталася… Цудоўнае навагодняе свята! У мяне штучная. Новая. Заснежаная. Так што на Стары Новы год асабіста мы – з ёлкай!

І хочацца думаць, што ў працоўны панядзелак, 13-га, ранкам і ўвечары мы яшчэ палюбуемся святочнай ілюмінацыяй. Што не прыбяруць яе ў гэтыя выхадныя ў гарадах ды іншых населеных пунктах. Бо пакуль гэта ўсё мігціць і зіхаціць, хоць трохі прыемней на душы… Яшчэ гірлянды на вокнах і балконах кватэр таксама пакуль выратоўваюць сітуацыю. Быў бы снег – асвятляў бы наваколле. А так…

А так традыцыйна весялім і забаўляем сябе самі! Як умеем! Тым больш, што нагода, як бы хто ад яе ні адмахваўся, усё ж ёсць!

Ды і спантаннасці яшчэ ніхто не адмяняў. Не збіраліся святкаваць?! А вось прама сёння вазьміце – і збярыцеся! Альбо прама заўтра збярыцеся… Да вечара… Тут жа нічога асаблівага не патрабуецца. Галоўнае – мы самі, нашы блізкія і жаданне зрабіць свята.

Ну што, я вас угаварыла?! Не? Ну, глядзіце самі. Але як бы там ні было, а сустрэнемся мы з вамі… другі раз у новым годзе. Цяпер ужо – канчаткова новым. Ну, калі не лічыць сустрэчу Новага года па ўсходняму календару. Ага, таксама можна адсвяткаваць. Толькі мы не там жывем…

Таму ўсіх, хто збіраецца і верыць у другое «прышэсце» свята, і тых, хто не збіраецца і не верыць, – з надыходзячым Старым Новым годам! І зноўку лавіце шчырыя пажаданні здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання і шанцавання, дабра, дабрабыту. І няхай да нас усё ж завітаюць самыя сапраўдныя навагодне-калядныя цуды!

 

Exit mobile version