Дзяўчынка–школьніца нетаропка зайшла ў метро ў вагон цягніка, прысела на вольнае сядзенне. Дастала з торбачкі… Не, не тэлефон… Кнігу! Звычайную папяровую кнігу… І, не звяртаючы ўвагі на цікаўныя позіркі, пачала чытаць. А мне раптам падалося, што вакол яе… няма мітусні, няма людзей. Ёсць толькі астравок спакою. І яна, дзяўчынка, сам-насам з кнігаю.
Як часта мы спяшаемся кудысьці! На працу і з працы, у краму, у дзіцячы садок, школу, універсітэт… Абганяем адно аднаго ледзь не бегма, часцяком штурхаючы і нават не просячы прабачэння… Нам жа няма калі! Як быццам гэта ўсё растлумачвае… Ускочыць менавіта ў гэты цягнік, дагнаць менавіта той аўтобус, у якім ужо зачыняюцца дзверы… Здаецца, рух – гэта жыццё. Але ад такой напружанасці ўвечары сапраўды адчуваеш сябе лімонам, з якога выціснулі сок. Ці не так?!
Не, усё зразумела! Часцяком наш час разлічаны проста да секунды. А ўстаць раней… Не заўсёды хочацца, не заўсёды атрымліваецца. Нават калі тое «раней» – гэта ў літаральным сэнсе пяць хвілін. Затое калі больш-менш па часе ты паспяваеш… Якая ж гэта асалода – не бегчы на працу, а нетаропка прагуляцца. Круцячы галавой ва ўсе бакі, заўважаючы шмат цікавага… Параўноўваючы хуткаплыннае жыццё сталіцы з размераным жыццём свайго правінцыйнага гарадка.
У нашым Чэрвені, напрыклад, рэдка калі ўбачыш сароку. А тут, у Мінску, у раёне Каменнай Горкі іх – процьма! Такія цікавыя! Аднойчы заўважыла ў кустах нават дзве пары: дзве сарокі і два галубы. Яны засяроджана штосьці шукалі (і знаходзілі!) пад снегам.
А яшчэ па дарозе звычайна бачу адну і тую ж (???) варону. Ну, гэта са смехам – адну і тую ж. Але гэтая чорная птушка з вялікай дзюбай… увесь час нешта есць! Вось практычна кожную раніцу снедае ў адзін і той жа час, калі іду міма. Уяўляеце?! А колькі ўсяго цікавага можна згледзець за дзень, калі атрымліваецца не спяшацца! І на душы робіцца так спакойна і прыемна… І настрой такі… засяроджана-разважлівы.
Памятаю тыя жыццёвыя гісторыі, калі дарослыя дзеці, якія займаюцца разумовай працай, скардзіліся сваім бацькам ва ўзросце, як яны стамляюцца за дзень. А тыя шчыра не разумелі: ад чаго ж яны стамляюцца?! У агародзе ўвесь светлавы дзень без перадыху не шчыруюць… Падсобную гаспадарку не даглядаюць… Як можна стаміцца ад разумовай працы?! А вось можна! Я, напрыклад, на сабе, бывае, гэта адчуваю. І нават думка раз-пораз мільгае ў галаве: «Лепей бы вагон з чымсьці там разгрузіла, чым вось гэтае...» А вам такое знаёма?!
Што датычыцца ўласнага астраўка спакою сярод жыццёвай мітусні, дык адшукаць яго кожнаму з нас цалкам рэальна. Трэба толькі захацець. Зразумець, што тыя хвіліны развагі патрэбныя і карысныя. Яны дадуць не толькі душэўны спакой і, у рэшце рэшт, душэўнае здароўе, але і новыя сілы для наступнага старту ў вірлівае жыццёвае мора!
Ну што, паспрабуем?!