Мы, вядома ж, не коні, але авёс спажываем. 🙂 Найперш – у выглядзе кашы з аўсяных шматкоў. Хтосьці любіць яе класічную, на вадзе, хтосьці – толькі на малацэ… З сухафруктамі альбо свежымі фруктамі… А хтосьці і не любіць (той – я!), але час ад часу па розных прычынах спажывае.
Дык вось каб у нас з вамі на стале хаця б раз-пораз была карысная ва ўсіх адносінах аўсянка, над аўсом і апякуецца прарок Амос. Лічыцца, што менавіта 28 чэрвеня, у свой дзень, ён аглядае пасевы і быццам «цягне ўгору авёс». Не будзем яму замінаць на полі!
А памятаеце, як пайшла калісьці мода – рабіць з аўса прыгожыя букецікі?! Калі кожную штучку на сцяблінцы (а іх ого-го колькі!) абкручвалі фольгай?! І яны, здаецца, нават паціхеньку пазвоньвалі, калі патрэсці букецік.
Мне-то самой рабіць не выпадала, але памятаю такі перыяд у сваёй журналісцкай працы. Як ні прыедзеш у вёску, абавязкова ледзь не ў кожнай хаце такі букецік… 🙂 І кожная гаспадыня просіць: сфатаграфуй ды распавядзі, якая яна майстрыха…
Ну, а мы неяк іншы сабе завялі букет і штогод паднаўляем. З розных збожжавых. Стаіць на кухні. Прыемны такі. Паглядзіш на яго – і адразу пра хлеб думаеш…
Авёс раз-пораз саджаюць ля нашага дачнага таварыства. То справа, то злева ад шляху туды. Так што ёсць дзе ім любавацца і штораз прыгадваць тыя заваблівыя букецікі…
Я не ведаю, чаму ў мяне так «не зраслося» з аўсянкай. З дзяцінства. А мая мілая мамачка яе любіла… І суп малочны ў яе любімы быў з аўсянкай… Ды і проста па дыеце ёй трэба было яе есці… І я ў апошні мамачкін месяц столькі яе пераварыла... І зараз ужо па іншай прычыне не магу гэтага рабіць. ПлАчу – і ўсё…
Але аднойчы ж і я правяла эксперымент. Якраз каб мамачка за мяне парадавалася. Было гэта ў 2010-ым годзе падчас майго адпачынку ў Паланзе. Заказала нумар на віле са сняданкамі. А на сняданак штодня гатавалі… аўсянку! Да яе падаваліся рознага віду каўбаскі, ветчына… Сок, кава, сваё печыва… І толькі аўсянка заставалася нязменнай!
Ну я ж не ведала таго зараней! J Давялося ўгаворваць свой арганізм, што гэта надта карысна. А па праўдзе… Не памятаю, каб я пасля гэтага так бы ўжо і аздаравілася… 🙂 Усё трэба есці ў ахвотку. І не штодня. Тады і павінна быць карысць.
Бо, напрыклад, па ўтрыманні бялкоў аўсяная каша займае другое месца пасля грачанай (а вось гэта мая любімая, як і малочны суп з грэчкай!). Ёсць тут і клятчатка. Таму сярод выдатных уласцівасцяў аўсянкі называюць і ўзнаўленне карыснай мікрафлоры кішэчніка, і зніжэнне цукру ды халестэрыну ў крыві.
Шмат у аўсянай кашы і вітамінаў з групы В. А гэта, як вядома, здаровыя скура, валасы і пазногці. Вітаміны А і Е спрыяюць умацаванню сценак сасудаў і капіляраў, актывізуюць працу галаўнога мозгу, падтрымліваюць добры зрок.
Хм… Вось так яшчэ прыгадаю пра карысць аўсянкі… А там, глядзіш, сама сябе і ўгавару яе палюбіць! 🙂
Ёсць у аўсянцы марганец і цынк, фосфар і крэмній… Вось чаму яна сапраўды карысная для людзей сталых – для прафілактыкі захворвання суставаў, астэапарозу, туберкулёзу…
Эх, каб толькі ўсё ад гэтага залежала. З’еў кашку – і зрабіўся здаровым…
А вось што люблю ледзьве не з самага дзяцінства, дык гэта аўсянае пячэнне! І яшчэ да нядаўняга часу набывала яго. Толькі не салодкае, а дыетычнае. І смачна, і карысна. Аўсяныя хлябцы – сюды ж, хлеб з аўсянай мукі… Не для аўсянкі адзінай вырошчваюць авёс! 🙂
Не прыгадаю ўжо, ці піла калі аўсяны кісель. Проста ведаю, што ёсць такі… А вось так званую французскую салату прыгажосці калісьці ў юнацтве спрабавала. Не, таксама не зайшла… 🙂
Ну, каша кашай, скажаце вы… А што ж той самы Амос? Чаго нельга рабіць у гэты дзень? Можа, па традыцыі нашых продкаў, не працаваць?! А вось ніякіх такіх асаблівых узгадак я і не знайшла. Апрача таго, што стараліся не пускаць свойскую жывёлу на свежую зеляніну хлебных палёў, каб ёй (жывёле, у сэнсе) блага не зрабілася.
Але ж сёння і так адпачываем, бо нядзеля. У сэнсе – адпачываем ад працы. А хатнюю ніхто ж не адмяняў. Як і дачную. Калі надвор’е дазволіць. Але і яно не дужа каб «за».
А вось калі надвор’е сёння ўсё ж выдасца спрыяльным, можна палюбавацца полем аўса і паспрабаваць адгадаць: гэта хвалі ад ветру альбо прарок Амос па полі ходзіць, авёс даглядае?!