Дзень 27 снежня належыць Філімону. І даўней адзначалі яго не застоллем, а хатняй працай. І найперш прыбіралі павуцінне, падмяталі і мылі падлогу, наводзілі парадак. Бо лічылася, што ў адзін з самых цёмных дзён у годзе актывізуецца ўсялякая нечысць!
Калі на зямлі ўжо ляжыць снег, дык чакай ад яе віхураў ці бураў. А калі штосьці ляпае па дахах ды вокнах хатаў, дык гэта таксама кікімары, ваўкалакі ды падобныя людзей пужаюць. Але не чапаюць тых, у каго кожная рэч ляжыць на сваім месцы, а ў хаце чыста. Так што прыбіраемся, прыбіраемся, сябры! 🙂
Вядома ж, мы як людзі сучасныя ва ўсё гэта не верым, праўда? Ва ўсялякія прымхі, прыкметы да нечысць. Але калі раптам штосьці такое ўсё ж прымроіцца… Лепей папярэдзіць!
А яшчэ нячыстая сіла ў Філімонаў дзень баіцца вады! Таму нашы продкі стараліся часцей умывацца, а то і пырскаць на сябе святой вадой. Праўда, гісторыя не захавала да нашага часу пэўныя сцверджанні, што гэта дапамагае. Але ж чысціня яшчэ нікому не шкодзіла, ці не так?!
Да таго ж, умывацца можна (і нават карысна!) не толькі простай вадой, а і мінералкай! Памятаю, неяк улетку практыкавала раз-пораз. Вельмі падабалася! Трэба зноўку ўвесці ў практыку.
Бо спецыялісты сцвярджаюць, што мінеральная вада тыпу «Баржомі» вельмі карысная пры тлустай скуры. І абяцаюць бачны вынік літаральна праз месяц. Маўляў, скура зробіцца больш пругкай, тлусты бляск знікне, а поры звузяцца.
Таксама можна змяшаць адвары рамонку ці календулы з мінералкай і замарозіць у формачках. Праціранне твару кубікамі лёду, калі няма супрацьпаказанняў, яшчэ больш карыснае для скуры. Таксама калісьці гэтым займалася.
Прычым адвары рамонку абяцаюць змяншэнне мімічных маршчынаў, мята зробіць твар свежым, а крываўнік скуру – аксамітнай. Бяром на ўзбраенне!
Дарэчы, калі вы збіраецеся ўзяць для ўмывання газаваную мінералку, дык яе трэба патрымаць 30-40 хвілін адчыненай. Мінералкай можна замяніць і спрэі з тэрмальнай вадой, якія прадаюцца ў крамах. Дастаткова пераліць яе ў бутэлечку з насадкай і на працягу дня ўвільгатняць скуру.
Прычым карысна гэта рабіць не толькі ўлетку, але і ўзімку. Бо падчас ацяпляльнага сезону паветра ў памяшканнях робіцца вельмі сухім. Адпаведна і са скуры знікае вільгаць. А насычаць яе вадой трэба не толькі знутры, але і звонку.
Зрэшты, адпаведнай інфармацыі ў сеціве мора. А мы вяртаемся да Філімона.
Нашы продкі заўважалі: калі напярэдадні ўвечары з’явіцца шэрань, дык на наступны дзень, 28 снежня, пойдзе снег. Ну-у-у-уу… Мы не супраць і таго, і другога! Абы з’явілася! J А то тая шэрань, якая была ўжо не так даўно, тоненькая якаясьці і кволенькая атрымалася. Асабліва не палюбуешся…
Сёння яшчэ трэба паназіраць за паводзінамі варонаў ды хатніх гусей! Калі першыя каркаюць, а другія махаюць крыламі і падціскаюць лапы, значыць, чакае нас (і іх!) наперадзе мароз.
Асабліва цікава было б параўнаць даўнія прыкметы з прагнозамі сіноптыкаў. Цікава, хто будзе бліжэй да ісціны?! 🙂
Знаёмячыся з разнастайнымі народнымі прыкметамі на розныя дні, усё часцей задумваюся вось пра што. Не было ў нашых продкаў ні гаджэтаў, ні інтэрнэтаў… А інфармацыі ў галаве трымалася, кажучы сучаснай мовай, – на гігабайты і тэрабайты! Гэта столькі трэба было памятаць! Перадаваць з пакалення ў пакаленне. А галоўнае – столькі выконваць!
Няўжо сапраўды былі такія людзі, якія выконвалі ўсё-ўсё-ўсё ў кожны з адметных у народным календары дзён?! Нават не магу сабе ўявіць… На Мацвееў дзень – хадзіць у госці і прымаць гасцей… На Фядота – прасці ды ткаць, але не вязаць… У Харытонаў дзень – не выходзіць з хаты, не есці ягад… І падгледзець жа не было дзе напярэдадні, як трэба, як правільна…
А сапраўды, як правільна? Ігнараваць тую духоўную спадчыну, што назапасілі нашыя продкі, бо зараз час зусім іншы? Ці ўсё ж часцей прыслухоўвацца да народнай мудрасці? І будзе нам шчасце?