Site icon Слушна

Сышліся разам міжнародныя, альбо Колькі святаў у адну пятніцу

Міжнародныя святы 20 сакавіка
Нягледзячы на тое, што нашым розумам і думкамі амаль цалкам завалодаў каранавірус, усё ж «ёсць жыццё на Марсе»! І на Зямлі яно працягваецца. І мы здольныя заўважаць яшчэ штосьці, акрамя сумных інфармацыйных звестак. І рэагаваць адпаведным чынам.
Вось гэтая пятніца – ну проста чэмпіён па розных святах!
Міжнародныя святы 20 сакавіка 2020 года. Дзень веснавога раўнадзенства.Значыць, самыя-самыя:
  • Павел Капежнік (Павел сакавіцкі, Паўлаў дзень);
  • Міжнародны дзень астралогіі;
  • Дзень веснавога раўнадзенства;
  • Міжнародны дзень без мяса;
  • Міжнародны дзень шчасця.

А цяпер – увага, пытанне! Якое з іх мне найбольш даспадобы?! 🙂 Вось з яго і пачнем.

«Гэта шчасце – бачыць пазітыў…»

Калі ўсё дрэнна-дрэнна-дрэнна… І, здаецца, ужо няма сіл трываць – ні маральных, ні фізічных… І раптам хтосьці-штосьці дакранецца да цябе мяккай лапкай. Успамін? Прывітанне ад далёкага віртуальнага сябра? Анёл-ахоўнік ахінуў сваімі крыламі? Альбо Сусвет цябе чуе і падтрымлівае?

І няхай сабе на невялікае імгненне ты адчуеш, што адпускае. Што можна хаця б крыху ўдыхнуць свежага паветра… праз шчыльную маску з марлі. І што ўсё яшчэ будзе добра. Галоўнае, каб БЫЛО. А для шчасця сапраўды так мала трэба… І сярод іншага, што паспрыяе гэтаму, – навучыцца бачыць і знаходзіць пазітыў.

Цяжка дыхаць праз маску, ды яшчэ і ўзнімаючыся па лесвіцы?! Дык у войску ў процівагазах бегаюць і пераадольваюць паласу перашкодаў. З поўнай выкладкай.

Вельмі цяжка маральна? Ажно край? Але заўсёды Сусвет накіруе чалавека, які ў цяжкую хвіліну прыме адзіна правільнае рашэнне. І падтрымае. І вывядзе з крытычнай сітуацыі за руку.

Дарэчы, толькі ўчора прачытала ў сеціве, які колер група вучоных лічыць колерам шчасця. А вы ведаеце?! Так, жоўты! Сонечны! Мой самы любімы…

Так, хацелася б, каб усё было як у дзяцінстве. Зялёная трава, празрыстая вада і ніякага Чарнобылю. Ні хваробаў, ні вялікага гора. Але будзем рэалістамі. Ад гэтага ўжо нікуды не падзецца. З гэтым трэба навучыцца жыць. Таму шчыра жадаю ўсім не толькі сёння, у Міжнародны дзень шчасця, але і штодня хаця б на хвілінку адчуць сябе шчаслівым. Няхай з самай маленькай нагоды.

«Не еш мяне! Я табе яшчэ спатрэблюся…»

Так могуць сказаць тыя жывёлы, мяса якіх чалавек спажывае. І не толькі сёння, у Міжнародны дзень без мяса, але і таксама штодня.

Паколькі ні разу не вегетарыянка, не магу разважаць, ці правільна жывуць тыя людзі, якія адмаўляюцца ад мяса, ці не… Але, мабыць, перабудавацца зможа калі не кожны, дык многія. А «траўкі» ўжо хочацца, і даўно. Яшчэ да з’яўлення свежай на градцы ды агародзе. Таму штокольвечы сабе з зеляніны купляю. І нават прыгадваю пра лекавую… макрыцу! Цікава, красуе яна ўжо ў цяпліцы ці яшчэ не?

А Міжнародны дзень без мяса адзначаецца ў некаторых краінах ужо 35 гадоў! І сярод іншага яго прыхільнікі распаўсюджваюць ідэю гуманнага стаўлення да жывёлаў.

«Вясна ідзе! Вясне дарогу!»

І няхай сабе Зіма нарэшце ўспомніла, што яе тры месяцы панавання фактычна нічым не былі адзначаныя, і на выхадныя нам зноўку абяцаюць марозік і снег, аднак каляндарная Вясна ўсё больш упэўнена сцвярджаецца ў сваіх правах. Напрыклад, сёння – у дзень веснавога раўнадзенства.

Паглядзім, дзе і каго з нас парадуе тая цеплыня. А вось 18 сакавіка, між іншым, на некалькі дзясяткаў хвілін сонейка прыгрэла так, што можна было з прыемнасцю пасядзець на лавачцы і нават, узняўшы твар угору, трохі пазагараць! J Не зусім, як у маі месяцы, але…

А вы паспелі злавіць свой дзэн?! 🙂

«А ўсё ж такі яна круціцца…»

Пра што ж яшчэ, як не пра Зямлю, Сонца, Месяц ды зоркі думаць у Міжнародны дзень астралогіі?! Ды яшчэ пра тое, як гэтыя нябесныя целы ўплываюць на лёс чалавека… А вы ведаеце, што да 17 стагоддзя астралогія лічылася часткай астраноміі?! І многія тагачасныя вучоныя займаліся яшчэ і прадказаннямі?! Гэта пасля ўжо разышліся ў розныя бакі па прадмету навуковасці-ненавуковасці.

Так што калі вы прыхільнік натальнай, прадказальнай, медыцынскай (!!!) астралогіі ці іншых яе відаў… Сёння ваша свята! Таемнае, загадкавае і вельмі-вельмі цікавае…

«Халадае да ночы? Чакаем прымаразкаў!»

Не той сёлета, ой, не той Павел Капежнік. Зрэшты, не ён у тым вінаваты, а тая самая Зіма, якая ўсё прагуляла. Увесь свой сезон. Зараз мы што павінны былі назіраць?! Як гурбы снегу паціху ідуць уніз, а ручаі з шумам вырываюцца на прастору.

Як у дзяцінстве: паставіш валёначак у глыбокі снег, дастаеш нагу, а там проста на вачах вада ў слядок набягае. Я ўжо не кажу пра тыя вясёлыя раўчукі, якія з шумам беглі з узгоркаў! Пускаць па іх караблікі ці ўсё тое, што прыдатнае да плавання?! Абавязкова!

І як ва ўсе дачарнобыльскія гады… Замерзнеш, прамокнеш – і нават не кашлянеш! Во гэта быў імунітэт!

Калі на Паўла Капежніка да ночы халадае, чакаем замаразкаў-прымаразкаў, заўважалі нашыя продкі.

Усім – нясумнага дня сёння! І пабольш прыемных момантаў у жыцці! 🙂

Exit mobile version