Размова, вядома ж, пра сюрпрызы прыемныя. Няхай сабе самыя маленькія. Але каб яны прынеслі чалавеку радасць. Той жа букецік палявых кветак, падораны жанчыне… Велападарожжа для каханых… Білеты ў тэатр… Праўда, у сувязі з пандэміяй каранавіруса і ростам захваральнасці выбар сюрпрызных калектыўных вандровак абмяжоўваецца. Інакш я б, напрыклад, зрабіла сюрпрыз сяброўцы ў выглядзе запрашэння ў лавандавыя далягляды… Эх! А сёння ж – Дзень сюрпрызаў!
Зрэшты, ніхто не раіць абмяжоўвацца адным днём. І калі ў вашым бліжэйшым (ці нават далёкім) акружэнні ёсць чалавек, які любіць прыдумляць прыемныя сюрпрызы, лічыце, што вам вельмі пашанцавала!
Да мяне адзін з сюрпрызаў прыехаў ужо ўчора, напярэдадні свята Я-то яго, вядома ж, замаўляю штогод. Але штораз не ведаю, атрымаецца ці не. Апошнім часам – атрымліваецца. Гэта рамачка з вулля. Цэлая, запячатаная. Мёд у сотах. Бясплатна. Ну які ж цуд! Люблю пяшчотна – з гарбатай альбо кавай…
Яшчэ крыху ранейшы сюрпрыз – падарункі-пачастункі з Піцера, куды з’ездзілі на экскурсію мае пляменніцы. Прыгожыя ўпакоўкі, ажно шкада спажываць… 🙂 А магніцік заняў сваё месца на халадзільніку. На якім месца-то вольнага амаль і не засталося… Толькі ўніз ісці, на лядоўню.
Некалькі штук – падораныя. Астатнія – свае, з вандровак. Толькі і засталося цяпер, што разглядаць магніцікі ды фоткі адтуль… І ніякія манеткі, кінутыя ў свой час ў Адрыятыку ў Чарнагорыі, у фантан Трэві ў Рыме ды ў іншых мясцінах, не спрацоўваюць, на жаль, на вяртанне…
Гартаем каляндар назад. Прыемныя сюрпрызы на ўласны дзень народзінаў, які святкую разам з Аляксандрам Сяргеевічам (Пушкіным) і Аляксеем Ануфрыевічам – Дударавым.
Здаўна ў гэты дзень атрымліваю самыя розныя кветкі ў падарунак. Так, сюрпрызна. У юнацтве, яшчэ да шырокага распаўсюду кветкавых крамаў (нават не верыцца, што іх калісьці ў горадзе і не было!), вельмі любіла, калі дарылі тое, што квітнее на пачатку чэрвеня месяца.
А гэта – язмін, касачы, півоні… Да гэтага часу памятаю, як аднойчы падчас працы ў раёнцы хлопцы-калегі абабеглі, як яны сказалі, усе агароды, толькі каб знайсці мае любімыя касачы. І знайшлі ж! 🙂
Што тычыцца свята сёлетняга, юбілейнага, дык самым сюрпрызным букетам стаўся… букецік ландышаў (!), падораны татам. Ландышы?! Шостага чэрвеня?! Вось гэта сюрпрыз дык сюрпрыз! Ні разу не атрымлівала.
А другі сюрпрыз, таксама звязаны з раслінамі, атрымала ад сваіх пляменніц. І гэта… ананасік! У вазоне! Які трэба вырошчваць… Недарэмна ўсё ж свой блог вяду… Дзяўчаты прачыталі і запомнілі адно з маіх жаданняў… Пра ананас…
Не ўпэўненая, што атрымаецца яго вырасціць… Але ж такі сюрпрыз у дзень народзінаў атрымала! 🙂
Ну, і спіс гэты можна яшчэ доўжыць і доўжыць. Галоўнае – настрой на добрае ўспрыманне сюрпрызаў. А то ж людзі розныя бываюць… Жаданне парадаваць блізкага чалавека. І – увага! – зрабіць ці падараваць тое, пра што марыць менавіта гэты чалавек. А не так, як уяўляеце сюрпрыз для яго ці яе вы. Гэта могуць быць дыяметральна супрацьлеглыя рэчы, паверце! 🙂
А навошта нам замест сюрпрызу сапсаваны настрой?! Нам сапсаваны настрой не трэба! І так ужо гэта здараецца часцей, чым мы б хацелі, праўда?!
Затое калі хтосьці блізкі, знаёмы альбо нават незнаёмы (-ая) ўсміхнецца і парадуецца… А хто яшчэ не ведае, што дарыць – гэта часцяком нашмат прыемней, чым атрымліваць?! Тады ёсць шанц праверыць. Сёння, у Дзень сюрпрызаў.
А мяне асабіста ўсміхнула парада ў сеціве. Маўляў, калі не ведаеце, які сюрпрыз зрабіць чалавеку, звярніцеся ў фірмы, якія на гэтым спецыялізуюцца. Дужа такая парада… Маштабная. Як падараваць у гэты дзень камусьці… новую машыну.
Не, ну ўсё бывае, вядома. Ступень забяспечанасці ва ўсіх розная. Але я асабіста была б не супраць букеціка палявых кветак. 🙂 Ці падаруначка, зробленага сваімі рукамі. І не таму, што сябе не цаню. Так выхоўвалі з дзяцінства. Але і супраць новай машыны нічога не маю! 🙂 Жарт…
А ці былі прыемныя сюрпрызы ў вашым жыцці, шаноўныя сябры?! Дзяліцеся, калі ласка, у каментах у нашых сацыяльных сетках ды месэнджары. І… Пабольш прыемных сюрпрызаў нам усім – сёння і не толькі! 🙂