Site icon Слушна

Ці любіце вы сюрпрызы? Рабіце сюрпрызы іншым!

Размова, вядома ж, пра сюрпрызы прыемныя. Няхай сабе самыя маленькія. Але каб яны прынеслі чалавеку радасць. Той жа букецік палявых кветак, падораны жанчыне… Велападарожжа для каханых… Білеты ў тэатр… Праўда, у сувязі з пандэміяй каранавіруса і ростам захваральнасці выбар сюрпрызных калектыўных вандровак абмяжоўваецца. Інакш я б, напрыклад, зрабіла сюрпрыз сяброўцы ў выглядзе запрашэння ў лавандавыя далягляды… Эх! А сёння ж – Дзень сюрпрызаў!

Сюрпрызы. Прыемныя сюрпрызы - вандроўка да лавандавых даляглядаў.

Зрэшты, ніхто не раіць абмяжоўвацца адным днём. І калі ў вашым бліжэйшым (ці нават далёкім) акружэнні ёсць чалавек, які любіць прыдумляць прыемныя сюрпрызы, лічыце, што вам вельмі пашанцавала!

Да мяне адзін з сюрпрызаў прыехаў ужо ўчора, напярэдадні свята Я-то яго, вядома ж, замаўляю штогод. Але штораз не ведаю, атрымаецца ці не. Апошнім часам – атрымліваецца. Гэта рамачка з вулля. Цэлая, запячатаная. Мёд у сотах. Бясплатна. Ну які ж цуд! Люблю пяшчотна – з гарбатай альбо кавай…

Яшчэ крыху ранейшы сюрпрыз – падарункі-пачастункі з Піцера, куды з’ездзілі на экскурсію мае пляменніцы. Прыгожыя ўпакоўкі, ажно шкада спажываць… 🙂 А магніцік заняў сваё месца на халадзільніку. На якім месца-то вольнага амаль і не засталося… Толькі ўніз ісці, на лядоўню.

Некалькі штук – падораныя. Астатнія – свае, з вандровак. Толькі і засталося цяпер, што разглядаць магніцікі ды фоткі адтуль… І ніякія манеткі, кінутыя ў свой час ў Адрыятыку ў Чарнагорыі, у фантан Трэві ў Рыме ды ў іншых мясцінах, не спрацоўваюць, на жаль, на вяртанне…

Гартаем каляндар назад. Прыемныя сюрпрызы на ўласны дзень народзінаў, які святкую разам з Аляксандрам Сяргеевічам (Пушкіным) і Аляксеем Ануфрыевічам – Дударавым.

Здаўна ў гэты дзень атрымліваю самыя розныя кветкі ў падарунак. Так, сюрпрызна. У юнацтве, яшчэ да шырокага распаўсюду кветкавых крамаў (нават не верыцца, што іх калісьці ў горадзе і не было!), вельмі любіла, калі дарылі тое, што квітнее на пачатку чэрвеня месяца.

А гэта – язмін, касачы, півоні… Да гэтага часу памятаю, як аднойчы падчас працы ў раёнцы хлопцы-калегі абабеглі, як яны сказалі, усе агароды, толькі каб знайсці мае любімыя касачы. І знайшлі ж! 🙂

Што тычыцца свята сёлетняга, юбілейнага, дык самым сюрпрызным букетам стаўся… букецік ландышаў (!), падораны татам. Ландышы?! Шостага чэрвеня?! Вось гэта сюрпрыз дык сюрпрыз! Ні разу не атрымлівала.

А другі сюрпрыз, таксама звязаны з раслінамі, атрымала ад сваіх пляменніц. І гэта… ананасік! У вазоне! Які трэба вырошчваць… Недарэмна ўсё ж свой блог вяду… Дзяўчаты прачыталі і запомнілі адно з маіх жаданняў… Пра ананас

Не ўпэўненая, што атрымаецца яго вырасціць… Але ж такі сюрпрыз у дзень народзінаў атрымала! 🙂

Ну, і спіс гэты можна яшчэ доўжыць і доўжыць. Галоўнае – настрой на добрае ўспрыманне сюрпрызаў. А то ж людзі розныя бываюць… Жаданне парадаваць блізкага чалавека. І – увага! – зрабіць ці падараваць тое, пра што марыць менавіта гэты чалавек. А не так, як уяўляеце сюрпрыз для яго ці яе вы. Гэта могуць быць дыяметральна супрацьлеглыя рэчы, паверце! 🙂

А навошта нам замест сюрпрызу сапсаваны настрой?! Нам сапсаваны настрой не трэба! І так ужо гэта здараецца часцей, чым мы б хацелі, праўда?!

Затое калі хтосьці блізкі, знаёмы альбо нават незнаёмы (-ая) ўсміхнецца і парадуецца… А хто яшчэ не ведае, што дарыць – гэта часцяком нашмат прыемней, чым атрымліваць?! Тады ёсць шанц праверыць. Сёння, у Дзень сюрпрызаў.

А мяне асабіста ўсміхнула парада ў сеціве. Маўляў, калі не ведаеце, які сюрпрыз зрабіць чалавеку, звярніцеся ў фірмы, якія на гэтым спецыялізуюцца. Дужа такая парада… Маштабная. Як падараваць у гэты дзень камусьці… новую машыну.

Не, ну ўсё бывае, вядома. Ступень забяспечанасці ва ўсіх розная. Але я асабіста была б не супраць букеціка палявых кветак. 🙂 Ці падаруначка, зробленага сваімі рукамі. І не таму, што сябе не цаню. Так выхоўвалі з дзяцінства. Але і супраць новай машыны нічога не маю! 🙂 Жарт…

А ці былі прыемныя сюрпрызы ў вашым жыцці, шаноўныя сябры?! Дзяліцеся, калі ласка, у каментах у нашых сацыяльных сетках ды месэнджары. І… Пабольш прыемных сюрпрызаў нам усім – сёння і не  толькі! 🙂

Exit mobile version