Site icon Слушна

Таблеткі дзяцінства

Як толькі распусціліся дарогі, за імі ўслед распусціліся і насы. Сыра, мокра... Вось і чханне, кашлянне ды смарканне вакол. І адразу ж у сацыяльных сетках, на парталах і не толькі загучала інфармацыя пра шкоду антыбіётыкаў і самалячэння. Эх, а калісьці ж у дзяцінстве бацькі нас лячылі сапраўды самі, і выключна тэтрацыклінам ды аспірынам. Плюс – народнымі сродкамі.

Так, у мяне сёння зноў настальгія па тым часе, калі дрэвы былі вялікімі, поры года – абсалютна хрэстаматыйнымі, а хваробы – цалкам вядомымі і прадказальнымі. Прадукты без ГМА, наваколле – без наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС... І мокрыя ногі далёка не заўсёды прыводзілі да прастуды. А часцей за ўсё гэта было натуральным загартоўваннем.

Нават у крыху старэйшым узросце. Памятаю, як падчас вучобы ў Магілёўскім педвучылішчы на мяжы зімы і вясны нас накіравалі на спартыўнае арыентаванне. Цяпер бы я сказала – гэта быў тэст на выжывальнасць. У якую светлую галаву прыйшла такая ідэя – ужо і не дазнацца. Але факт застаецца фактам...

Мы вельмі стаміліся, бегаючы па пікетах, вымаклі і выпацкаліся ў брудзе. І настолькі ўжо ўсё роўна было, што проста зайшлі ў добры такі вадаёмчык з талай вадой і проста прапаласкаліся там – практычна па пояс. А тады пабрылі на аўтобус... З надзеяй, што захварэем, нам дадуць даведкі, і мы паедзем дахаты!

«Дык вось жа фіг вам! – зларадна пераглянуўшыся, вырашылі нашы маладыя арганізмы. – Вы хітрыя?! А мы яшчэ хітрэйшыя!» У выніку нават не кашлянулі... Зараз пра такую загартаванасць даводзіцца толькі марыць. Бо трохі начхалі побач, пакашлялі ды пасмаркаліся – і нябачныя вірусы, паціраючы ручкі ў задавальненні, паскакалі да цябе...

А ў дзяцінстве... Кожная хвароба, скажам так, прыходзіла ў сваю пару, у сваім узросце. Калі ж усё ж прастывалі і ўзнімалася тэмпература... З хатняй аптэчкі з’яўляліся яны – аспірын і тэтрацыклін. Тэтрацыклін я нават па-свойму любіла, бо яго глазураваная абалонка мела больш-менш прыемны смак. Аспірын жа быў зусім простым. Класічным. Без усялякіх смакавых дадаткаў, не шыпучы... Па рысцы яго ламалі папалам. Ну, і дапамагаў, трэба сказаць.

Але больш за ўсё я любіла народныя сродкі! Гэта калі бабуля ішла ў лес і ламала маліннік. Тады яго запарвалі і давалі піць пры кашлі. З цукрам гэта вельмі смачны напой! Тым больш у дзяцінстве ў колькасці цукру я сябе не абмяжоўвала. Тры чайныя лыжачкі ў кубак – бух! І мне смачна лячыцца...

Малінавае варэнне таксама было класікай. І ўспрымалася прыхільна. Морс з журавінаў – смаката! А вось гарачае малако з мёдам... Ці з содай... Ой, не-е-е-е-е! Гэта ледзь не са слязьмі. І толькі пасля доўгіх угавораў, што я хутчэй папраўлюся і зноў змагу мераць лужыны!

Яшчэ была такая непрыемнасць, як гарчычнікі!

О, гэта ўжо сур’ёзна трэба было патрапіць! Кладзешся на жывот, два штукі прылепліваюць на спіну. Пераварочваешся, каб іх прыціснуць. І – а-а-а-а-а!!! Асабліва калі свежанькія былі! Ну такія ж пякучыя! Але ж таксама дапамагалі.

Як і яшчэ адна класіка – ногі парыць.

Паласканне горла, інгаляцыі пад коўдрай над каструлькай. Плюс калі горла баліць – спіртавы кампрэс. Праўда, гэта ўжо не ў такім юным узросце. А, націралі яшчэ спіртам! Спіну і ногі... А тады абвязвалі вялікай хустай. Ну як так можна заснуць?!

Вось такое было ўсё – немудрагелістае, простае, натуральнае... Да чаго ўжо некалькі гадоў як, уласна кажучы, і вяртаюся. У сэнсе, спрабую абыходзіцца без таблетак. Дарэчы, чытаю, што не адна такая. Нават урачы самі, бывае, гэтак жа лечацца. Шмат піцця – і ніякіх таблетак. Каб арганізм сам змагаўся. А яшчэ калі ёсць магчымасць у гэты час пабыць дома... Так і адбываецца натуральнае вылячэнне.

Зрэшты, стаўленне да гэтага ў кожнага сваё, што таксама натуральна. Хтосьці верыць у сілу таблетак, хтосьці – у не вывучаныя яшчэ рэзервы свайго арганізму ды народныя рэцэпты.

Але і ў тым, і ў другім, і ў трэцім выпадку – будзьце здаровымі, сябры! А калі ўсё ж захварэлі – хуткага і грунтоўнага вам выздараўлення!

Exit mobile version