Кожнаму з нас не раз даводзілася чуць фразы накшталт: «Глядзі на ўсё больш пазітыўна», «Ды забі», «Не журыся» ды іншыя. Звычайна іх вымаўляюць у моманты, калі камусьці спрабуюць аказаць падтрымку ў надзеі змяніць погляд на праблему і ўзняць настрой. Вось толькі на практыцы такія словы мала чым дапамагаюць. Больш за тое, цалкам можа быць, што чалавек нават не спрабуе насамрэч аказаць падтрымку, а проста паўтарае завучаныя клішэ.
Некаторыя людзі не ўмеюць выказваць клопат і падтрымку па-іншаму. Але таксічны аптымізм не толькі не дапамагае, а можа нават нашкодзіць. Такія вось легкаважныя фразы быццам абясцэньваюць эмоцыі чалавека, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі, і ствараюць адчуванне таго, што яго не разумеюць. Калі праблемы па-сапраўднаму сур'ёзныя і чалавеку патрэбная дапамога спецыяліста, такія парады могуць моцна нашкодзіць і стацца ледзь не смяротна небяспечнымі. А падрабязней пра таксічнасць аптымізма нам распавядзе псіхолаг сайта Redsale.by Юлія Мызянкова.
Сучасная масавая культура актыўна культывуе вобраз аптыміста, пастаянна заахвочваючы яго, і пры гэтым вельмі негатыўна ставіцца да песімістычна настроеных людзей. Характэрна паўсюднае грэбаванне негатыўнымі эмоцыямі. Навязанае імкненне пераўтвараць адмоўныя эмоцыі ў станоўчыя аказвае вельмі негатыўны ўплыў на чалавечую псіхіку. Вучоныя адзначаюць, што штучнае стварэнне добрага настрою напрамую звязанае з частатой узнікнення дэпрэсій.
Чалавеку, які сутыкнуўся з сапраўднымі цяжкасцямі, меней за ўсё трэба чуць пустыя і дурныя фразы пра тое, што ўсё наладзіцца, трэба толькі памяняць стаўленне да сітуацыі.
Што ж такое таксічны аптымізм? Чаму гэта дрэнна і нават небяспечна? Як правільна аказваць падтрымку чалавеку, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі?
«Таксічны аптымізм» не з'яўляецца афіцыйным тэрмінам, які выкарыстоўваецца ў псіхалагічнай навуцы, аднак ён ідэальна падыходзіць для апісання многіх людзей. Можна сказаць, што таксічны аптымізм – гэта паводзіны чалавека, для якога характэрныя парушэнні межаў асабістай прасторы, прымітыўнае, звычайна характэрнае для падлеткаў, бачанне свету выключна ў чорных і белых колерах, а таксама прымяненне парадыгмаў з пазітыўнай псіхалогіі. Праўда, апошнія выкарыстоўваюцца ў перакручаных і кардынальна няслушных інтэрпрэтацыях.
Галоўная праблема ў стасунках з таксічным аптымістам заключаецца ў тым, што такі чалавек папросту не ўлічвае наяўнасць складанага, трагічнага і траўмуючага асабістага вопыту тых, хто вакол. Таксічныя аптымісты бесцырымонна ўрываюцца ў вашую асабістую прастору і пачынаюць раздаваць парады, ад якіх няма ніякай карысці і якіх ніхто не прасіў.
Такія людзі не спрабуюць разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, паглыбіцца ў сутнасць праблемы і не жадаюць сутыкацца са складанымі эмоцыямі. Нашмат прасцей, аказваецца, проста нагаварыць кучу глупстваў, якія створаць ілюзію клопату і дазволяць адчуць сябе карысным, а галоўнае, мудрым чалавекам, які заўсёды ведае, як дапамагчы навакольным.
Такія паводзіны насамрэч тояць у сабе вялікую небяспеку. Людзі, якія сутыкаюцца з такой вось «вельмі карыснай» дапамогай, пачынаюць адчуваць адзіноту і пакінутасць. Яны разумеюць, што замест таго, каб сапраўды паспрабаваць дапамагчы, ад іх папросту адмахнуліся. Узнікае пачуццё, што ўвесь той комплекс эмоцый, якія адчувае чалавек, абясцэнілі, звялі да банальнага: «Ты сумуеш, вось перастань сумаваць – і адразу зробішся радасным».
Усё гэта прыводзіць да таго, што людзі, якія сутыкаюцца з праблемамі, пачынаюць толькі мацней закрывацца ад знешняга свету і варыцца ў сваім катле ў адзіноце. Дэпрэсія ад гэтага толькі ўзмацняецца, непрыемнасці нікуды не сыходзяць, і ў чалавека цалкам могуць узнікнуць суіцыдальныя думкі.
Чалавек павінен бачыць увесь спектр існуючых эмоцый, а не аперыраваць выключна паняццямі «добра» і «дрэнна». Нармальны і здаровы аптымізм – гэта вера ў тое, што ўсё наладзіцца, пры гэтым яна не адмаўляе наяўнасць рэальных праблемаў. Чалавек, які ўпэўнены, што ўсё можна выправіць, і чалавек, які папросту адмаўляе сам факт таго, што штосьці зламанае, успрымаюцца зусім па-рознаму.
Як правільна сябе паводзіць?
Эмоцыі па сваёй сутнасці не бываюць ні добрымі, ні дрэннымі. Гэта проста рэакцыя псіхікі на сітуацыю, якая склалася. Нават страта чагосьці зусім непатрэбнага і нязначнага здольная прымусіць вас сумаваць. Але ж гэта яшчэ не значыць, што непатрэбная рэч раптам стала для вас дарагой. Важна ўмець прымаць свае эмоцыі, якімі б яны ні былі.
Важна звяртаць увагу на рэакцыю суразмоўцы. Калі вашыя словы відавочна супакойваюць ці нават узнімаюць настрой, значыць, вы ўсё робіце правільна. Але калі вы бачыце, што рэакцыя прама супрацьлеглая, значыць, вы робіце штосьці не так. Магчыма, варта паспрабаваць не гаварыць, а слухаць. Дайце чалавеку зразумець, што вам не ўсё роўна і вы сапраўды спрабуеце ўлавіць сутнасць праблемы.
Спачатку разбярыцеся, у чым сутнасць праблемы, а ўжо потым спрабуйце штосьці зрабіць. Не варта дзейнічаць паспешліва. Калі вы пачынаеце супакойваць чалавека і раздаваць яму парады яшчэ да таго, як высветлілі сутнасць праблемы, дык вы дзейнічаеце няправільна. Мала таго, што вашыя парады абсалютна бескарысныя, паколькі раздаюцца ўсляпую, дык яшчэ і ваш суразмоўца лепей сябе дакладна не адчуе. Ён будзе бачыць, што вы нават не спрабуеце разабрацца ў яго праблемах, вырашыць, што вам яны не цікавыя, і папросту зачыніцца ў сабе.
Задавайце правільныя пытанні. Важна разумець, што ў большасці выпадкаў насамрэч чалавеку не патрэбная вашая парада, яму патрэбная ваша падтрымка. Чалавеку, які апынуўся ў складанай сітуацыі, важна адчуць, што ён не адзін. Дапамажыце яму раскрыцца і выказацца.
Ваша першачарговая задача – не вырашыць праблему, а супакоіць чалавека. Пытанні накшталт «Як ты сябе адчуваеш?» пакажуць вашыя зацікаўленасць і клопат.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!