Звычайна, калі проста чытаеш карысныя парады (а на нашым інфармацыйным партале Здаровыя людзі іх вельмі шмат), дык над чымсьці задумваешся, штосьці «прыкладаеш» да сябе… А штосьці проста пралятае міма. Але пасля, калі надыдзе час, гэтае «штосьці» ў якасці карыснай звычкі натуральна ўваходзіць у жыццё. Так здарылася, напрыклад, са шклянкай вады, якую раяць выпіваць раніцай нашча. А ў вас ёсць такая прывычка?! Вы ўжо адчулі ад яе карысць?!
Раней я толькі чула пра яе ад шматлікіх знаёмых. А саму на вадзічку з ранку не цягнула. А пасля… Відаць, арганізм адчуў у гэтай шклянцы патрэбу. І вось ужо не першы месяц свой ранак пасля абуджэння я пачынаю менавіта з гэтага. Плюс – практыкаванне «Вакуум» для жывата. Але пра яго – крыху пазней. А зараз – пра плюсы, бонусы ды іншую карысць вады.
Мабыць, на другім месцы пасля ўсеагульных турботаў пра ўласны імунітэт знаходзіцца якраз-такі клопат пра метабалізм. Бо пераважна сядзячая праца сапраўды накладае свой адбітак на знешні выгляд. А калі яшчэ лянота рабіць частыя перапынкі, каб хаця б рукамі-нагамі памахаць… Эх…
Але ўсё ж, спахапіўшыся ў пэўны момант, стараешся неяк і свой метабалізм запусціць. З чым, па сцвярджэнні спецыялістаў, нядрэнна спраўляецца вада, выпітая нашча. Калі верыць даследаванням, дык ужо праз паўгадзіны хуткасць абмену рэчываў павінна ўзрасці на 20-30%. П’ём?! П’ём! 🙂
Загаварылі пра метабалізм?! Узгадваем пра ўвесь страўнікава-кішэчны тракт. Што дае яму вада з раніцы? Па-першае, як вядома, чым больш вады вып’еш, тым меней з’ясі. 🙂 Па-другое, нармалізуецца страваванне. А гэта вельмі добра. Асабліва калі пераелі ўвечары. Па-трэцяе, вада мінімізуе ўзровень кіслаты ў розных аддзелах страўніка.
А вось калі вы рэгулярна церпіце ад галаўнога, менструальнага, сустаўнага болю, дык вада ў шклянцы з раніцы павінна быць не халоднай, а цёплай. Сцвярджаюць, яна выступае як спазмалітык. Праверым?! Праверым! 🙂
Многія з раніцы выпіваюць тую самую шклянку вады нашча, каб пазбавіцца ад таксінаў, шлаку ды пахудзець. Але толькі з дапамогай вады апошняе здзейсніць не атрымаецца… Фізічныя нагрузкі, нармалізацыю меню яшчэ ніхто не адмяняў…
Імунітэт, дарэчы, шклянка вады таксама ўмацоўвае, дапамагае нашаму арганізму ў рэгенерацыі клетак, а яшчэ – канчаткова прачнуцца і быць у добрым настроі. І як гэта ў яе атрымліваецца?! 🙂
З паўмесяца таму прачытала на адным з карысных сайтаў, што пасля ранішняй шклянкі вады добра было б зрабіць практыкаванне «Вакуум жывата». Абяцаюць, што яно запусціць метабалізм, дапаможа прачнуцца, справіцца з тлушчавымі адкладаннямі на жываце, ачысціць ад таксінаў... Ну што, паспрабавала і яго рабіць. Спадабался. Уцягнулася. Дзялюся!
Значыць, выпілі шклянку вады нашча – простую ці з дабаўкамі. І робім практыкаванне стоячы.
- Выдыхнуць, зрабіць глыбокі ўдых жыватом і павольна выдыхнуць, імкнучыся, каб лёгкія цалкам вызваліліся ад паветра.
- Цяпер падцягваем жывот да пазваночніка і крыху наверх, пад рэбры. І ў такім становішчы заміраем на 5-10 секунд.
- Выдыхаем, расслабляем жывот. Робім звычайныя ўдыхі-выдыхі 2-3 разы.
- Паўтараем практыкаванне яшчэ 5 разоў.
Даволі проста, праўда? Галоўнае – рабіць усё правільна, адчуваць сваё цела.
Што тычыцца таго, піць простую ваду ці з дабаўкамі, дык меркаванні даследчыкаў разыходзяцца. Плюс розныя дабаўкі могуць выклікаць непажаданыя пабочныя эфекты. Напрыклад, захацелі вы піць ваду з лімонам. Так, карысна, і вельмі. Але… зубной эмалі ад такога напою дрэнна. Ну што ты будзеш рабіць?!
А вось мае вочы сярод шматлікіх дабавак спыніліся на… куркуме. У стравах выкарыстоўваю яе даволі даўно. А яшчэ, аказваецца, калі палову чайнай лыжкі куркумы развесці ў шклянцы цёплай (!) вады і піць нашча пасля прачынання, дык будуць нам бонусы:
- паболее бадзёрасці і сіл;
- палепшыцца абмен рэчываў;
- будзе чысціцца кроў;
- знізіцца апетыт, што прывядзе да пахудзення.
Ну, у каго менавіта такая мэта?! Прызнавайцеся! Будзем спрабаваць?! Будзем! 🙂
Толькі, вядома ж, не трэба піць ваду з дабаўкамі месяцамі і нават тыднямі. Лепей курсамі. Дыетолагі ўсё ж раяць ужываць раніцай чыстую ваду…
І на заканчэнне – тое, пра што пішу часта. Не варта заводзіць прывычку, калі да яе не ляжыць душа. Пад прымусам наўрад ці пойдзе тая вада на карысць. Плюс прыслухоўваемся да ўласнага самаадчування. А калі ўсё ОК… Няхай умацоўваецца імунітэт і запускаецца метабалізм! Выдатнага самаадчування ўсім! 🙂