Зразумець гісторыю сваей краіны можна праз многае: мову, дыялекты, традыцыйную кухню, абрады і, вядома, адзенне. Беларуская нацыянальная вопратка — не проста частка нашай культуры, гэта сапраўднае мастацтва, якое праяўляецца як ў маштабных аб’ектах, так і ў тонкіх дэталях.
Магчымасць пазнаёміцца дастаткова глыбока з беларускімі нацыянальнымі касцюмамі дае выстаўка «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм», якая зараз праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі.
Асаблівасці выстаўкі
Гэта маштабны праект, які паказвае рэгіянальныя асаблівасці народнага касцюма. На выстаўцы прадстаўлены аб'екты з шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Заходняга і Усходняга Палесся, Падзвіння, Падняпроўя, Панямоння і Цэнтральнай Беларусі.
На выстаўцы прадстаўены творы традыцыйнага беларускага ткацтва з калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога народнага мастацтва, а таксама беларуская арыгінальная і тыражная графіка, беларускі жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея. Дапоўняюць экспазіцыю ўнікальныя работы з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры, Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Віцебскага абласнога краязнаўчага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Сенненскага Дома рамёстваў, Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, а таксама экспедыцыйныя фотаздымкі Міхася Раманюка з прыватнай калекцыі
На жаль, з-за таго, што, напрыклад, на Віцебшчыне і Гродзеншчыне рана адмовіліся ад традыцыйнага адзення, многія камплекты былі страчаны назаўжды. Таму, каб годна прадставіць багацце кожнага рэгіёна, арганізатары звярнуліся ў Віцебскі цэнтр народнай творчасці і Гарадоцкі і Сенненскі Дамы рамёстваў — так куратары змаглі адрадзіць некаторыя веды і рэканструяваць унікальныя тэхнікі ткацтва. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Пераважная большасць касцюмаў (а іх на выстаўцы ўсяго 78) — гэта аўтэнтычныя рэчы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.
Рэгіянальнае ткацтва
Самае цікавае і каштоўнае ў экспазіцыі — гэта тое, як прадстаўлены касцюмы. Дзякуючы навукоўцам, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё вывучэнню касцюма, стала магчымым паказаць такую вялікую колькасць спосабаў нашэння жаночых галаўных убораў.
Напрыклад, у заходніх рэгіёнах ткалі тонкае, кужэльнае палатно, а ў Падняпроўі і Падзвінні была «моднай» грубейшая ільняная тканіна і меней выбеленая.
Для Заходняга Палесся характэрныя былі шырокія фартухі, з двух пашытых «паліц» па 30-40 сантыметраў. А фартухі Падняпроўя былі вузкія. І так было ва ўсім: ад рэгіёна да рэгіёна сілуэт касцюма мяняўся, крой мяняўся, тэхніка і матывы вышыўкі таксама.
Адных толькі спосабаў завівання наміткі, традыцыйнага жаночага галаўнога ўбору беларусак, налічваецца каля пяцідзесяці, а далёка не ўсе вядомыя. У руках майстрыхі галаўны ўбор ператвараўся і ў аб'ект прыгажосці, станавіўся маркерам прыналежнасці да вызначанай агульнасці — жанчыну з Турава заўсёды можна было адрозніць ад гарадзенкі ці віцяблянкі.
Праз выстаўку куратары імкнуліся паказаць таксама эвалюцыю касцюма. Мода ніколі не стаяла на месцы, таму многія рэчы ўдасканаліліся згодна з густам часу, абнаўляліся, але ні ў якім разе не выкідваліся.
У традыцыйнай культуры ўсё шанавалася і перадавалася па спадчыне ад прабабулі да праўнучкі. І калі ўважліва разгледзець некаторыя кашулі, можна прасачыць як рэчы відазмяняліся з цягам часу.
Унікальнасць строяў
Традыцыйны комплекс жаночага касцюма абавязкова ўключаў кашулю, спадніцу, фартух і галаўны ўбор — гэта непарушная традыцыя. Усё астатняе мянялася ад рэгіёна да рэгіёна. Узнікалі нават лакальныя строі, калі ў пэўнай мясцовасці было сваё разуменне таго, што прыгожа і модна. Так з'явіліся непаўторныя Неглюбскі, Дамачаўскі, Маларыцкі, Турава-Мазырскі строі…
Іх не зблытаеш з іншымі дзякуючы абсалютна ўнікальным дэталям, прыдуманым мясцовымі майстрыхамі ў адпаведнасці з іх уяўленнем пра прыгажосць, гармонію, сакральнасць і практычнасць.
У традыцыйным касцюме ўсе яго функцыі злучаны. Немагчыма было захаваць толькі нешта прыгожае ці практычнае. Абярэгавая, сакральная функцыя адзення была вельмі магутнай. Адзенне павінна было берагчы і закрываць жанчыну ад холаду. Невыпадкова пояс заўсёды завязвалі ў раёне пупка. А выйсці з непакрытымі валасамі з дому для замужняй жанчыны азначала наклікаць на ўвесь род непрыемнасці.
У традыцыйнай культуры кожная рэч унікальная, ніводная не паўтараецца: за кожным касцюмам стаіць гісторыя цэлага роду і кожнай майстрыхі. Для іх рукадзелле было спосабам праявіць сябе і паказаць свае ўменні і ўнутраны свет. Напрыклад, на выстаўцы ёсць пояс, на якім майстрыца выткала такія словы: «Просячы Васільева вышывала хустачку, не ведала, каму далі. Пойдзе міленькі ў салдаты, будзе слёзы выціраць. Два сэрцы адзін дух, кахай, сябар, адну, а не двух».
Асаблівай тонкасцю і беллю кужэльнага палатна, прастатой геаметрычных арнаментальных матываў вылучаецца Мотальскі строй Іванаўскага раёна. Філігранная тэхніка зборак палатна каля каўняра і ў ніжняй частцы рукавоў, а таксама дэкаратыўныя злучальныя швы, выкананыя ніткамі чорнага колеру, падкрэсліваюць асаблівасці мужчынскіх і жаночых кашуль і з'яўляюцца іх характэрнай рысай.
Калі ж звярнуць увагу, напрыклад, на Маларыцкі строй, то там ужо будзе лаканічны сілуэт, багацце дэкору. Жаночы касцюм упрыгожвалі тканым і вышытым арнаментам.
Калінкавіцкі строй і яго гарсэты з баскай — візітная картка рэгіёну. Іх багата ўпрыгожвалі тасьмой і металічнымі бляшкамі, гузікамі, бісерам. Жанчына павінна была блішчаць і ззяць сваёй прыгажосцю! Пры гэтым у касцюме кожнай майстрыхі была нейкая ўнікальная, прыдуманая ёю модная дэталь. Праз дзясяткі гадоў ты бачыш яе касцюм і дзівішся фантазіі і майстэрству аўтара.
Сённяшнія модніцы часта падчас экскурсіі спыняюцца каля Неглюбскага строю і вока не могуць адвесці ад шыйнага ўпрыгожвання з пацерак «гарлячкі». Такую насілі толькі ў Няглюбцы.
Шыйныя ўпрыгожванні — яшчэ адна таямніца беларускага касцюма.
У альбоме Раманюка, напрыклад, можна звярнуць увагу не толькі на шыйныя ўпрыгожанні, але і на джгуты ды вяровачкі…. Той жа сподні крыж у розных мясцовасцях насілі па-рознаму. У Неглюбцы і Маларыце — па-над касцюмам. У экспазіцыі ўсяго дзве пары аўтэнтычных народных караляў са шкла і каменя. Яны прыехалі на выстаўку з Музея народнага побыту і архітэктуры ў Строчыцах.
Падняпроўе — па-свойму ўнікальны этнаграфічны рэгіён, што абумоўлена ў тым ліку і блізкім знаходжаннем яго да некаторых абласцей Расіі і Украіны. Асабліва гэта выявілася ў жаночым гарнітуры, у якім у пачатку ХХ ст. існавалі розныя комплексы, якія адрозніваліся ў асноўным відамі паяснога адзення: з андаракам, са спадніцай-андаракам, з андаракам, пашытым з безрукаўкай. У галаўных уборах тут пераважаюць хусткі.
Звярніце увагу!
У экспазіцыітаксама можна ўбачыць і вытрымкі з альбома «Беларускі арнамент Палесся» 1957 года Леаніда Баразны. Даследчык ствараў яго, калі ездзіў у экспедыцыі і фіксаваў свае знаходкі з першых вуснаў на паперы-міліметроўцы. Сёння гэта вельмі дапамагае вучоным і музейшчыкам у рабоце па рэканструкцыі касцюмаў мінулага. Побач размешчаны аўтэнтычныя ўзоры тканін, з якіх шылі андаракі. А калі крыху памяняць курс, то заўважыце адзенне з зімовых вобразаў.
Напрыклад, зімовыя паліто, у якіх калядаваць прыходзілі, прычым адразу можна прасачыць, як мяняўся крой ад класічных мадэляў да модных куртак.
Дарэчы, у зборы Музея старажытнабеларускай культуры і Музея архітэктуры і побыту куратары адшукалі элементы дзіцячага касцюма — а гэта вялікая рэдкасць.
Выстаўка ў музеі будзе працаваць да сярэдзіны снежня. На ёй вы зможаце не толькі пазнаёміцца з асаблівасцямі народнага касцюма, але і па-іншаму раскрыць вобраз беларускай жанчыны, ну і, вядома, майстрыцы. Насамрэч, гэта праца была вельмі трудаёмкай і складанай, трэба было мець шмат фантазіі і жадання, каб ствараць такія ўнікальныя рэчы. Безумоўна, усе апісаныя факты заслугоўваюць увагі і магчымасці захавацца ў свядомасці гледача.
Беларускія ручнікі. Сюжэтнасць і адметнасці рэгіянальнага ткацтва