Мастацтва для знатных
Тэмары ў перакладзе азначае «ручны мяч». Першапачаткова ўзніклі такія мячы ў Кітаі (і гулялі з імі нагамі). Аднак менавіта ў Японіі яны набылi сваё дэкаратыўнае прызначэнне. Спачатку гэтая старадаўняя японская традыцыя вышывання шароў рознакаляровымі ніткамі была прэрагатывай дзяўчат са шляхетных сем'яў. Для вышывання выкарыстоўваліся дарагія шаўковыя, залатыя ніткі. Арыстакраткі спаборнічалі паміж сабой у тым, хто створыць найбольш мудрагелісты ўзор. Паступова майстэрства наблізілася да народа.
Аснова тэмары – мяшок з тканіны, раней яго рабілі з абрэзкаў кімано. Іх разразалі на палосы, скручвалі ў мячык, абмотвалі тоўстымі ніткамі, а паверсе вышывалі. Сёння для вырабу тэмары выкарыстоўваюць любую трыкатажную мяккую тканіну. Асновай можа быць гумовы мячык і нават пенапласт. Самыя распаўсюджаныя ўзоры: геаметрычныя, хрызантэма, сакура, журавель, чарапаха, бамбук, абстракцыя.
Новы віток жыцця для трэцяга ўзросту
Ці заканчваецца актыўнае жыццё на пенсіі? Шмат у чым гэта пытанне асабістага выбару. Мама Асэль, кандыдат біялагічных навук, перакананая, што ў гэты час кожнаму пажадана завесці хобі. І 6 гадоў таму, калі прыйшла пара заслужанага адпачынку, пачала шукаць занятак па душы. Японскае мастацтва вышывання шароў, тыя самыя тэмары, трапіліся на вочы выпадкова ў інтэрнэце. Дарэчы, аўтарам аднаго з упадабаных блогаў была беларуская майстрыха Наталля Кузняцова, якая перабралася жыць у Японію. http://akisun.bloger.by
Асэль пачала дапамагаць маме шукаць інфармацыю. Ды так зацікавілася, што хобі зрабілася агульным. Шэсць гадоў таму ў Казахстане цяжка было знайсці падобных майстрых. У кнігарні па абсалютна шчаслівай выпадковасці знайшлі ўсяго адну кішэнную кнігу, пачалі па малюнках спрабаваць узнавіць узоры самастойна. Дапамог і рускамоўны сайт темари.ру, дзе падрабязна былі апісаныя спосабы вышывання на шарах. Дзякуючы тэмары, мама з дачкой захапіліся японскай культурай і нават вырашылі наведаць цэнтр японскай культуры ў Алматы. Убачыўшы вырабы майстрых, супрацоўнікі цэнтра прапанавалі жанчынам праводзіць свае майстар-класы.
Сёння на такія заняткі прыходзяць вучні розных узростаў і прафесій. Самым юным тэмарысткам – 8 гадоў. Узрост для старэйшых – не абмежаваны. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца курсы тэмары для ўдзельнікаў «Школы трэцяга ўзросту».
Тэмары дапамагаюць трэніраваць каардынацыю, дробную маторыку, здымаюць стрэс. Іх таксама называюць ёгай для розуму. Бо каб разгледзець узоры і зразумець, як яны вышытыя, трэба прыкласці немалыя ментальныя намаганні.
А яшчэ гэта выдатная магчымасць знайсці аднадумцаў і правесці час у прыемнай кампаніі. Стварэнне тэмары працуе і як арт-тэрапія. Бо падбор колераў – сапраўднае мастацтва: залежыць і ад настрою, і ад мэты стварэння шара. Чырвоныя ўзоры кажуць пра страсць, зялёныя – супакойваюць, цёмна-сінія – сімвалізуюць моцнае здароўе...
Асаблівае свята для тэмарыстаў – штогадовая выстава іх работ. Яна нязменна карыстаецца ў жыхароў Алматы вялікай цікавасцю.
Мужчыны таксама рукадзельнічаюць
Дзіўнае мастацтва тэмары натхніла Асэль і на свой праект у сацыяльных сетках «Тэмары-вандроўнікі». Два любімых «шара шчасця» пабывалі разам са сваёй гаспадыняй у самых прыгожых мясцінах Казахстана, Кітаі, Японіі... Ёсць памятныя фота і на фоне беларускіх выдатных мясцінаў.
Фота і відэа ў студыі – Андрэй Васкрасенскі.