Хто глядзеў вельмі добры фільм «Ёлкі», той павінен памятаць пра гэтую тэорыю. Сэнс яе ў тым, што ўсе людзі на Зямлі знаёмыя адзін з адным праз пэўны ланцужок. І калі яго правільна выбудаваць, ёсць магчымасць атрымаць пэўную дапамогу альбо выбудаваць стасункі з патрэбным чалавекам.
У фільме гэта не тое каб лёгка, але… З напачатку цалкам фантастычнага ператвараецца ў цалкам рэальнае. І нават маленькая выхаванка калінінградскага прытулку Вара, аказваецца, можа быць «знаёмая»… з прэзідэнтам краіны!
Зрэшты, прыдумка не новая, а мае пад сабой рэальную аснову. Пра яе заявілі яшчэ паўстагоддзя таму (у 1969 годзе) псіхолагі Стэнлі Мілгрэм і Джэфры Трэварс. Маўляў, кожны чалавек на Зямлі апасродкавана знаёмы з іншым праз ланцужок чыіхсьці знаёмых. А даўжыня ланцужка ў сярэднім і складае 6 чалавек.
Вядома ж, згаданая тэорыя не ўлічвае цяперашнія магчымасці сеціва, дзе і незнаёмца можна знайсці з лёгкасцю і адразу ж…
А што ж у жыцці? Штосьці падобнае нядаўна адбылося і са мною. Начальнік нашага аддзела інтэрнэт-праектаў Вольга Святліцкая паведаміла маёй цёзцы і каляжанцы(!!!) Святлане Стахоўскай, з якой мы працуем у адным кабінеце, што да нас павінна прыехаць цікавая жанчына з Казахстана – Асэль Калімбекава.
Маўляў, Вольга Іванаўна з ёй знаёмая і ведае, што Асэль захапляецца японскім мастацтвам тэмары. І нядрэнна было б зрабіць матэрыял з ёй і відэа для Слушна.
Пачуўшы пра тэмары, я адразу ж прыгадала, што на блогерскай пляцоўцы, дзе я зарэгістраваная і пішу не першы год, ужо дакладна чытала пра тэмары. І добра памятаю, хто пра гэтыя адмысловыя шарыкі пісаў – Наташа з нікам Акісан, якая пераехала жыць у Японію.
Хуценька знайшоўшы патрэбныя спасылкі, перасылаю іх сваёй каляжанцы-журналісту. Спадарожна прыгадваю, што даўнавата не чытала Наташыны захапляльныя аповеды. Ні пра Японію, ні пра тэмары, ні пра ігру на нацыянальным музычным інструменце… Ні пра торцікі – сапраўдныя творы мастацтва, якія яна ўласнаручна гатуе… А мы толькі охаем і ахаем, гледзячы на фота…
На наступны дзень пішу пост з пытаннем: маўляў, а дзе ж Наташа наша? Усё добра? Бо, прызнацца, і сама пэўны час не з’яўлялася на блогерскай пляцоўцы. А Наташа бывае ў сацыяльных сетках, адказваюць мне адразу дзве нашы агульныя знаёмыя, актыўныя блогеркі. І ў Наташы ў гэты дзень – асабістае свята!
Ну вось і скажыце, што Сусвет нас не чуе?! Менавіта ў гэты дзень я пачала яе шукаць. Бы падказаў хтосьці зверху… Пішу віншавальны пост. Дзяўчаты, малайцы, падказваюць Наташы, што добра было б і да нас вярнуцца.
І вось ужо мы стасуемся… Проста ў чалавека ўсё добра ў рэальным жыцці. І яно такое насычанае, што не да пісьмовых аповедаў. Але абяцае выправіцца наша Акісан. І, забягаючы наперад, скажу, што ўжо радуе нас па-ранейшаму сваімі допісамі і прыгажэннымі фота з Японіі!
А ў гэты час… У гэты час мая каляжанка Святлана Стахоўская сустракаецца з Асэль Калімбекавай у нашай студыі, распавядае ёй пра маё знаёмства з Наташай. І… Аказваецца, Асэль таксама віртуальна сябруе з Наташай!!! І менавіта з яе блога, у тым ліку, даведалася пра мастацтва тэмары!
Ну што ж… І свет сапраўды цесны… І «тэорыя 6 поціскаў рукі» (нават меншай іх колькасці!) дзейнічае… І Сусвет сапраўды нас чуе!
Яшчэ хутчэй, чым з Наташай Акісан у рэале (а яна, бывае, прыязджае з Японіі ў Мінск), я знаёмлюся з Асэль Калімбекавай з Казахстана, фатаграфуюся з ёй на памяць, фатаграфую яе… І разам з віншаваннямі дасылаю нашай агульнай віртуальнай сяброўцы-імянінніцы фота Асэль. Маўляў, сюрпрыз!
Наташа вельмі моцна здзіўленая і ўзрадаваная! Яна-то ведае, што Асэль гэтымі днямі ў Мінску. Але не ведае, якім чынам мы маглі перасячыся! Раней бы сказалі – «серыял», «дэтэктыў». А зараз… Магчыма, і ў вашым жыцці здараліся такія дзівосныя супадзенні?
Матэрыял Святланы Стахоўскай і фота ды відэа нашага вядучага рэдактара відэарэсурсу Андрэя Васкрасенскага пра Асэль Калімбекаву і тэмары атрымаліся вельмі цікавымі! Калі выпадкова прапусцілі, раім пачытаць-паглядзець!
Раптам вы таксама зацікавіцеся мастацтвам тэмары? І захопіцеся, як у свой час ім захапіліся і Наташа, і Асэль. Скажу па сакрэту: мяне тэмары зацікавілі вельмі і вельмі! 🙂