Site icon Слушна

Ці варта хлусіць… Хатніку? Тэст-«вандроўка» па «Думках услых»

Ну што ж, шаноўныя сябры, прапаную праверыць, наколькі ўважліва вы чытаеце матэрыялы з майго блогу «Думкі ўслых». 🙂 Спадзяюся, што пэўная інфармацыя для вас сталася карыснай?! Паее-е-е-ехалі! 🙂 За кожны правільны адказ налічваем сабе 1 бал, за няправільны – 0 балаў. Правільныя адказы можна ўбачыць пасля кожнага пытання, націснуўшы на «Даведацца больш».

1. Ці патрэбна сталым людзям спажываць семачкі?

А. Вось толькі семачак ім і не хапала! Хіба гэта добра для страўніка?!

Б. Толькі калі вельмі рэдка і калі вельмі хочацца.

В. Так, абавязкова! Герантолагі нават раяць.

Тэст. Ці патрэбна сталым спажываць семачкі.

2. Чаму нашыя продкі радаваліся, калі на Дабравешчанне згледжвалі бусла ў палёце?

А. Значыць, ураджай чакаецца багатым.

Б. Ногі балець не будуць увесь год! І справы будуць у парадку.

В. У сям’і чакаецца папаўненне.

Правільны адказ – Б.

Дарэчы, а ці ведаеце вы, што згледзець бусла на Дабравешчанне – сапраўды добрая прыкмета?! Асабліва – птушку ў палёце. Лічылася, што тады і справы будуць у парадку цэлы год, і ногі ў таго, хто ўбачыць, балець не будуць. А калі пабачыць першы раз у годзе бусла, які стаіць… Так што лепей няхай лётаюць, няхай кружаць над намі! Гэта такое захапляльнае відовішча!

Больш падрабязна – тут.

3. Ці варта хлусіць свайму Хатніку… 14 красавіка?

А. Калі ён усё ж існуе (а я ў гэтым сумняваюся), дык лепей яго не гнявіць хлуснёй.

В. А чаму толькі 14 красавіка?! Хлусіць дык хлусіць! Усіх падманваем раз-пораз… Чаму б і не Хатніка? J

С. 14 красавіка – дзень абуджэння Хатніка. І хлусіць яму людзі дасведчаныя раяць!

Правільны адказ – С.

Паводле некаторых даследчыкаў, 14 красавіка даволі цікавае… Свята – не свята… Скажам так: дзень цікавы. Абуджэнне Хатніка (Дамавіка). І, маўляў, трэба хлусіць, каб яго заблытаць. А вось навошта, не ведаю. Здаецца, Хатнік – такі мілы дух... Прынамсі, такім мы яго ўяўляем па шматлікіх малюнках, мультфільмах, казках. Калі не злаваць яго, вядома ж, а ўлагоджваць, частаваць, дарыць падарункі… А памятаеце дамавёнка Кузю?! Мілата ж! 

Больш падрабязна – тут.

4. Ці варта давяраць «амерыканскім урачам з місіяй у Сірыі» ў сацыяльных сетках?

А. Мне здаецца, што давяраць можна любым урачам, у тым ліку і гэтым…

В. Ні ў якім разе! Бо гэта (100%!) вам пішуць скамеры, махляры! І хутка вы можаце пазбавіцца сваіх грошай…

С. Нельга, бо метады амерыканскіх урачоў не падыходзяць беларусам…

Правільны адказ – В.

Сапраўды, размова ідзе пра махляроў, якія ў большасці сваёй называюцца аднатыпна: «амерыканскія палкоўнікі» альбо «амерыканскія ўрачы з Сірыі». Хаця не маюць адносінаў ні да тых, ні да другіх.

Мілыя спадарыні, калі да вас «стукаецца» ў сеціве прывабны мужчына з замежжа, не палянуйцеся зайсці да яго на старонку. Што павінна насцярожыць? Ніводнага сябра. Адзін альбо пару фотаздымкаў. Практычна пустая стужка. Зразумела, што акаунт новы. І прычына накшталт: «Я развёўся пяць гадоў таму (варыянт – мая жонка памерла) і з таго часу не быў у сацыяльных сетках» тут не каціць зусім.

Больш падрабязна (а хто прапусціў, дык і вельмі раю!) – тут.

5. Ці можна спажываць якімсьці чынам каштанавыя свечкі (кветкі)?

А. Так, можна! Самае простае – запарыць гарбату, карысна!

В. Не, што вы! Яна абсалютна не ядомыя і нават шкодныя!

С. Ну толькі калі ў букет паставіць, а для народнай медыцыны яны бескарысныя.

Правільны адказ – А.

Увогуле, свечкі каштана ўтрымліваюць прыродныя біяфлаваноіды, якія не толькі падтрымліваюць імунітэт, але і амалоджваюць арганізм. Для лячэння можна выкарыстоўваць як свежыя, так і высушаныя кветкі.

Што тычыцца настоек, якія раяць рабіць з выкарыстаннем гарэлкі і затым пэўную колькасць кропель прымаць унутр… Я нават не ведаю. І такога раіць дакладна не буду. А вось прымяняць настойку вонкава… Можна і паспрабаваць.

Зразумела, што рэцэптаў у сеціве – шмат. Толькі хочацца нагадаць, што з урачом (па магчымасці) параіцца ўсё ж трэба.

А мяне вось гарбата зацікавіла. Так-так! Лекавая гарбата з каштанавых свечак. Тым больш, што адна з яе ўласцівасцяў – танізуючая. А то ўжо надакучыла ў гэты сезон дажджоў, які, прынамсі, абрынуўся на наш горад у маі, хадзіць соннай мухай…

Больш падрабязна – тут.

6. Колькі цукру ў дзень раіць спажываць Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ)?

А. Палову кілаграма, калі п’яце 5 разоў на дзень каву ці гарбату.

В. Не больш за 12 чайных лыжачак.

С. Лепей не спажываць цукар у чыстым выглядзе зусім, але калі хочацца, дык не больш за 1 ст.л.

Правільны адказ – В.

Але, па меркаванні нашых шаноўных беларуска-расійскіх герантолагаў Андрэя Ільніцкага і Кірыла Прашчаева, цукар лепей бы не спажываць увогуле ў чыстым выглядзе. Як і соль. СААЗ жа сапраўды раіць: не больш за 12 чайных лыжачак у дзень.

Больш падрабязна – тут.

7. Ці праўда, што палепшыць памяць дапаможа… Піфагор?

А. Гэта ў якім сэнсе? Яго партрэт да галавы прыкладваць?! 🙂

В. Так, калі выкарыстоўваць яго методыку – прыгадваць увесь свой дзень перад сном.

С. Не-не-не, я тэарэмы не люблю са школы! І не ўзгадвайце мне пра Піфагора!

Правільны адказ – В.

Калі вы сапраўды ўважліва чытаеце мой блог і адчуваеце, што з памяццю ўжо не ўсё добра, дык, можа, паспрабавалі прымяніць гэтую методыку? Якую прыпісваюць, ва ўсялякім разе, Піфагору? З аднаго боку, ён нескладаны, а з іншага… Можна хутка заснуць, не ўзгадаўшы падзеі нават і за палову дня. Таксама ж карысць!

Больш падрабязна – тут.

Ну, а цяпер – падлічваем свае балы, шаноўныя сябры!

ВЫНІКІ

6-7 балаў. Оо-о-о, дык вы сапраўды мой адданы чытач! Вельмі прыемна! А напішыце, калі ласка, у каменце ў нашых групах колькі слоў пра сябе. Хочацца пабольш ведаць пра сваіх чытачоў. І чаму чытаеце «Думкі ўслых»…

3-5 балаў. Час ад часу заходзіце «ў госці»? Але таго самага часу на чытанне не стае з-за ўласнай працы і будзённых спраў? Разумею. І не ў крыўдзе. Але ж, бывае, штосьці і карыснае сустракаецца, праўда? Так што заходзьце часцей! Заўсёды рада!

1-2 балы. Чытаеце толькі пару разоў у месяц? А раптам прапусціце сапраўды штосьці карыснае і важнае? Што вам вельмі-вельмі патрэбна ў пэўны момант?!

0 балаў. А вы ў нас першы раз?! Шчыра вітаем! Усе допісы ў блогу «Думкі ўслых»тут. Выбірайце, што даспадобы…

Exit mobile version