Site icon Слушна

Калі зёлкі набываюць найбольшую моц? Тэст

Ну што ж, шаноўныя сябры, надышоў час праверыць, наколькі ўважліва вы чытаеце мой блог «Думкі ўслых» і што вам памятаецца з яго. Прапаную чарговы тэст па напісаным-прачытаным-усвядомленым! А першы, як што, вось тут. 🙂 Умовы – ранейшыя. За кожны правільны адказ налічваем сабе 1 бал, за няправільны – 0 балаў. Правільныя адказы можна ўбачыць пасля кожнага пытання, націснуўшы на «Даведацца больш». Гатовыя?! Пачынаем! 🙂

1. Якая галоўная забарона існавала ў нашых продкаў у Градавую сераду?

А. Жанчынам у гэты дзень нельга піць.

Б. Нельга працаваць на зямлі.

В. Ні з кім нельга сварыцца, бо градам паб’е крыўдзіцеля.

Тэст. Чаго нельга рабіць у Градавую сераду?

2. А ці праўда, што для прыемных сюрпрызаў прыдумалі асобны дзень-свята?

А. Ды вы што?! Калі на кожную драбязу свята прыдумляць, ніякіх дзён у годзе не хопіць!

Б. Прыдумалі ўжо?! А я сам хацеў (ла)…

В. Ёсць такі дзень – 2 ліпеня!

Правільны адказ – В.

Сапраўды, столькі ўжо вясёлых ды забаўных дзён-святаў папрыдумлялі, што ў асобныя дні іх выпадае па 10-20! Вядома ж, справа кожнага – адзначаць іх пэўным чынам ці не. Чытаць напісанае пра гэта альбо прапускаць міма вачэй.

Але калі штосьці мілае і добрае… Дык чаму б не завесці такую звычку?! Сусвет – ён жа ўсё бачыць і чуе… І так хочацца, каб у свеце паболела дабрыні і нагод для радасці…

А больш падрабязна пра Дзень сюрпрызаў – тут.

3. Колькі максімальна па часе раяць праводзіць ферментацыю скрыпеню (іван-чаю)?

А. Да 36 гадзін.

Б. Да 36 дзён.

В. 10 хвілін звычайна хапае.

Правільны адказ – А.

Вядома ж, можна скрыпень проста высушыць і не ферментаваць. Але ж смак зусім не той! І карысць не тая… А правільна ферментаваны і прыгатаваны іван-чай – гэта цуд! Праверана на сабе!

А вось ці варта з ім замарочвацца, што такое ферментацыя, на якія віды падзяляецца і навошта патрэбная – тут.

4. З якім святам супала сёлета Тройца?

А. З Днём усмешкі.

Б. З Днём медыцынскіх работнікаў.

В. З Днём стаматолага.

Правільны адказ – Б.

Спадзяюся, шаноўныя сябры, што вы прачыталі мой блог ад 20 чэрвеня і павіншавалі сваіх знаёмых медыцынскіх работнікаў. Якія гэтага сапраўды заслугоўваюць.

А хто яшчэ не прачытаў, таму сюды. Атрымаць карысную інфармацыю ніколі не позна. 🙂

5. Ці абароніць шпілька ад сурокаў, калі вы ва ўсё такое верыце?

А. Сапраўды, павінна. Толькі калі правільна яе прышчапіць.

Б. А вы верыце, што сурокі існуюць?! Няма сурокаў – няма патрэбы нечым бараніцца…

В. Не, адной шпількі мала. А вось калі навесіць на вопратку не менш за 10…

Правільны адказ – А.

Калі верыце, вядома ж. І калі правільна прышчэпіце – вастрыём уніз, абараняць павінна. І штосьці ў гэтым сапраўды ёсць.

Прынамсі, я пра гэтую прыкмету ведаю з дзяцінства. І калі-нікалі шпільку скарыстоўвала. Для такіх мэтаў.

Ва ўсялякім разе, пачытаць пра гэта будзе карысна. Вось тут.

6. Калі, па ўяўленнях і меркаваннях нашых продкаў, зёлкі набываюць найбольшую моц?

А. У Пятроўскі пост.

Б. На Купалле.

В. Калі іх кветкі распускаюцца цалкам.

Правільны адказ – Б.

А на наступны дзень, калі адзначаецца Іван Купала, іх можна асвяціць у храме. Каб яшчэ большую моц набылі.

Але, зноў-такі, калі вы ва ўсё гэта верыце. І ўмееце збіраць зёлкі – з любоўю, пашанай, уважлівым стаўленнем, падзякай. Тады нават гарбата станецца карыснай.

Больш падрабязна пра зёлкі – тут.

7. Да назвы якой з зёлак дадаецца звычайна слова «прадзіраўлены»?

А. Да чабору.

Б. Да святаянніку.

В. Да кіпрэю.

Правільны адказ – Б.

Вядома ж, да святаянніку. Праўда, найчасцей – у рускім варыянце назвы: «зверобой продырявленный».

Вы ж памятаеце, што гэта трава ад 99, а то і ад 100 хваробаў?! Так лічылі нашыя продкі. Так лічыць і народная медыцына.

А падрабязнасці – тут.

І плюс агульная спасылка на матэрыялы блогу «Думкі ўслых» – вось!

Ну што ж, мае актыўныя сябры… Падлічваем балы! І пішам пра вынікі ў каментах нашых суполак, размешчаных у сацыяльных сетках.

ВЫНІКІ

 6-7 балаў. Выдатна! Усё чытаеце, усё памятаеце! У зёлках разбіраецеся, у Градавую сераду не працуеце на зямлі, медработнікаў з іх прафесійным святам віншуеце… 🙂

3-5 балаў. Што не чыталі? Пра што забыліся? Можа, думаеце, што прадзіраўлены – гэта чабор?! 🙂 Ці што шпількай ад сурокаў не адмахнешся, а вось рызінку ў трусы зацягнуць ёй – самае тое?! Значыць, вечар цікавага чытання вам забяспечаны!

1-2 балы. Проста вырашылі праверыць свае веды? Без рэгулярнага чытання блогу? Яно і нядрэнна. Але ж веды за плячыма не насіць… Тым больш такія цікавыя…

0 балаў. А, вы проста пытанні пачытаць? Тады ўжо і адказы заадно! Раптам штосьці зацікавіць. І вы будзеце часцей заходзіць у госці… 🙂

Exit mobile version