У «Тытаніку» Джэймса Кэмерана ёсць адзін пранізлівы эпізод. Высакародная публіка занятая свецкай бяседай, мітусяцца з падносамі афіцыянты. А келіх на століку пачынае павольна рухацца да краю, затым падае і разбіваецца. Ніхто не звяртае на гэта ўвагі. А дарма...
Бяда здарылася не ў момант падзення келіха, калі судна дало крэн, і нават не ў момант сутыкнення карабля з айсбергам, а значна раней.
Нярэдка факт ужывання дзіцем наркотыкаў у сям'і заўважаюць занадта позна. На «караблі» пачынаецца паніка, робяцца захады, каб выратаваць дзіця і зразумець, з чаго ўсё пачалося. Але ж былі «званочкі», і не адзін...
Дзе ж ён, пункт невяртання, які можна і трэба ўбачыць, каб зберагчы дзяцей ад наркотыкаў?
Чаму дзеці і падлеткі пачынаюць цікавіцца наркотыкамі? Папулярныя прычыны
Адкажыце на наступныя 7 пытанняў. Яны дапамогуць разабрацца ў прычынах ужывання наркотыкаў дзецьмі і дадуць зразумець, ці ёсць пагроза наркатычнай залежнасці канкрэтна ў вашага дзіцяці.
1. З кім мае зносіны ваша дзіця? Хто для яго аўтарытэт?
Кожнаму падлетку патрэбны лідар, узор для пераймання. Калі такога няма ў сям'і, то можаце не сумнявацца: знойдзецца ў школе, у двары ці ў сацыяльных сетках. Пытанне толькі, які гэта будзе ўзор.
Патрапіўшы ў ненадзейную «крутую» кампанію, падлетак будзе старацца стаць сваім, каб у ім не бачылі слабака. Прыём псіхатропаў у такім узросце ўспрымаецца не як пагроза жыццю і здароўю, а як забаўка, сродак самасцвярджэння, збліжэння з аднагодкамі.
Вялікая колькасць дзяцей пачынае ўжываць наркотыкі, таму што «ўсё так робяць», не звяртаючы ўвагі на тое, што гэта папулярны міф. Праўда ж у тым, што «ўсё» — гэта яго кампанія. І хутчэй за ўсё, не кожны з гэтай тусоўкі дажыве да 20 гадоў.
2. Ці даводзілася вам чуць ад уласнага дзіцяці: «Ты мяне не разумееш», «Табе пляваць на мяне»?
Неразуменне ў сям'і, непрыманне інтарэсаў, захапленняў, крытыка знешняга выгляду падлетка — усё гэта толькі аддаляе вас адно ад аднаго. Не знайшоўшы паразумення ў родных людзей, дзіця будзе шукаць яго ў чужых.
Адкажыце шчыра: чаго больш у вашых стасунках — крытыкі або падтрымкі? Забаронаў або імкнення разабрацца ў тым, што яго (або яе, калі гэта дачка) хвалюе?
Дзіця не павінна заслугоўваць вашу ўвагу і разуменне. Вы павінны стаць такім бацькам (маці), каб ён вас паважаў і мог даверыць самае патаемнае.
3. Ці прысутныя ў вашым метадзе выхавання крайнасці?
Як адсутнасць кантролю з боку дарослых (бацькі ўвесь час аддаюць працы, уладкоўваюць асабістае жыццё ці не лічаць патрэбным займацца выхаваннем дзіцяці), так і гіперапека аднолькава згубныя. Як ні старайцеся, але вы не зможаце кантраляваць кожны крок свайго нашчадка, а давер знішчыце. Завышаныя патрабаванні з боку бацькоў прывядуць хутчэй да нізкай самаацэнкі падлетка, і, калі з'явіцца магчымасць расслабіцца з дапамогай наркотыку, адчуць сябе значным — хто ведае, што ён абярэ...
4. Ці імкнецца ваш сын (дачка) сысці ад рэальнасці?
Жаданне пазбегнуць рэальнасці ўзнікае ў падлетка не на пустым месцы. Да вышэйпералічаных прычын варта дадаць скандалы ў сям'і, праблемы ў школе і сярод аднагодкаў, адсутнасць мэты і неразуменне сэнсу жыцця, няшчаснае каханне, страту роднага чалавека ды інш.
Дарослыя адказныя за стварэнне прыдатнага соцыума для маладога пакалення. Паспрабуйце ўявіць, чаму ён (яна) так паступае, спытайце, падстаўце плячо — і вы зможаце ўберагчы падлетка ад ужывання наркотыкаў.
5. Ці імкнецца падлетак браць ад жыцця як мага больш задавальненняў?
Калі ідзе гаворка пра наркатычную залежнасць у дзяцей і падлеткаў з вонкава шчаслівых сем'яў, грамадства здзіўляецца: чаго яму не хапала? А корань зла — у дэфектнай сістэме каштоўнасцяў, няправільна расстаўленых прыярытэтах.
Чалавек, якому з дзяцінства дараваліся капрызы ды істэрыкі, які прывык не зарабляць, а атрымліваць, будзе імкнуцца да задавальненняў. Тым больш, калі ён лёгка можа іх атрымаць.
6. Наколькі таварыскае ваша дзіця?
Важную ролю могуць адыграць псіхалагічныя адметнасці, індывідуальныя рысы характару. Замкнёныя дзеці, якія па розных прычынах пазбягаюць зносін з аднагодкамі і роднымі, больш схільныя да ўжывання наркотыкаў.
7. Ці ўжываў (ужывае) наркотыкі хтосьці са сваякоў?
Спадчыннасць выключаць нельга. Калі тата на момант зачацця быў нарказалежны або мама прымала якія-небудзь псіхатропныя рэчывы падчас цяжарнасці, то ў плода схільнасць фарміруецца на генным узроўні.
А пабачыўшы, як хто-небудзь з блізкіх ужывае наркотыкі, або маючы зносіны з наркаманам, дзіця падсвядома захавае гэтую мадэль паводзінаў як адну з магчымых.
Парады: як даведацца, ці прымае дзіця (падлетак) наркотыкі
Знешні выгляд: скура бледная, часта глытае сліну або шмат п'е з-за сухасці ў роце.- Зрэнкі: пашыраныя (звужаныя), на святло не рэагуюць.
- Настрой: можа рэзка змяняцца ад весялосці да ныцця, нестабільны.
- Гаворка: неразборлівая, можа быць то хуткай, то павольнай.
- Голас: з'явілася сіпата.
- Паводзіны: як у п'янага, але паху алкаголю няма. Каардынацыя парушаная.
- Памяць: пагоршылася, гэта стала відавочна.
- Сон: спіць або зусім мала, або запоем. Можа спаць днём, быць актыўным ноччу.
- Апетыт: як правіла, кепскі.
- Чым займаецца: ранейшыя захапленні нецікавыя. Па тэлефоне размаўляе ціха або выходзіць, каб не пачулі.
- Круг зносін: змяніўся. З'явіліся новыя сябры, старыя аддаліліся. Дома сядзіць рэдка, часта кудысьці знікае.
- Стасункі з сям'ёй: імкнецца пазбягаць кантактаў з роднымі, часта хлусіць, хавае вочы.
- Асабістыя рэчы: шукайце іголкі або шпрыцы, ампулы, фольгу, любыя трубачкі, таблеткі, капсулы, самаробныя цыгарэты, любы невядомы парашок або засушаныя расліны, кроплі для вачэй. Любая з пералічаных рэчаў, як і сляды ад уколаў на целе, — гэта тыя самыя «званочкі», якія ні ў якім разе нельга прапусціць.
Тэсты на наркотыкі
У аптэках прадаюцца экспрэс-тэсты на вызначэнне наркатычных рэчываў у мачы (сліне). Праўда, гэта не самы дакладны спосаб праверыць дзіця на наркотыкі — яны могуць вызначыць толькі некаторыя віды і наўрад ці распазнаюць новыя, якія нядаўна з'явіліся на рынку.
Таму, калі ёсць сур'ёзныя падазрэнні, а тэст паказаў адмоўны вынік, працягвайце ўважліва назіраць за падлеткам. Калі падазрэнні ўзмоцняцца — неадкладна звяртайцеся па дапамогу.
Не дайце яму дайсці да пункту невяртання — у кожнага ён свой.