Жыла-была на ўскрайку лесу сям’я зайцоў. Ды такая працавітая, што пазайздросціць можна. Гаспадар Цімох са сваёй гаспадыняй Зінкай усю працу дзялілі пароўну: хатку будавалі разам, затым рупіліся яе добраўпарадкаваць. Усё ў іх ладам ішло.
Зімою ў іх хатцы было цёпла і ўтульна, бо загадзя паклапаціліся яе ўцепліць. І на гуменцы, і ў пуні, дзе шчодрая восень аддзячыла сямейных рупліўцаў поўнымі засекамі карыснай і паўнавартаснай спажывы, паглядзець люба.
Клапаціліся зайцы не толькі пра жытло, але і пра сваё здароўе: дзень пры дні на свежым паветры знаходзіліся. Калі ж пакідалі хаціну, фортку заўсёды прыадкрывалі. У іх пакойчыку заўсёды было свежае паветра. І не адзін нават мікроб не патрапляў у кватэру.
Таму ніводнага разочку ні Цімох, ні яго жыццёвая сяброўка Зінка за ўсю зіму нават не чыхнулі. А вось суседка іх каза Белка, адно толькі і ведала ўсю зіму што кашляць, нават тады, калі Сонейка ўсміхалася. Зайчыха не забывалася наведаць суседку: даставала з льняных торбачак і мяшэчкаў сухія лекавыя травы – зверабой, ліпавы цвет, чабор, па сваіх рэцэптах рабіла збор.
Чай для Белкі з малінавым варэннем заварвала па некалькі разоў на дзень. І вылечыла козачку ад прастуды. Але параіла сур’ёзна адносіцца да свайго здароўя, іншым разам прыйдзецца доктара выклікаць, можа нават у лякарню вызначаць. А гэта дадатковы клопат усім – і дактарам, і ўстановам…
З тае пары пра зайцоў пайшла пагалоска як пра шчырых суседзяў. І пачалі прыходзіць суседзі – усеядны барсук, які толькі вылез з нары пасля зімовай спячкі і каб хутчэй узнавіць згубленую сілу – за арэхамі, янот – за кукурузнымі пачаткамі... Хаця ў абодвух сенажаць была не толькі куп’істая, але занядбаная, парослая драсёнам ды конскім шчаўем.
З раніцы зайцы гасцей сустракаюць. Зайчыха Зінка-рупліўка завіхаецца на кухні: варыць, смажыць, выпякае.
Цімох, зрабіўшы ўсё, што загадвала жонка выканаў. Выйшаў на падворак. Сонца яшчэ не схавалася за вершаліны старога яловага лесу, які цёмнай сцяною стаяў за канюшынавым палеткам. Вечар быў цёплы, трохі душнаваты. Надакучліва звінелі і лезлі ў твар камары. Зводдаль, на поплаве кігікалі кнігаўкі ды кракталі жабы.
Вярнуўся ў сваю хатку на старой яблыні шпачок, быццам франт у чорным з ліловым адлівам кафтане. Сеў на жэрдачку і засвістаў, прывячаючы Цімоху.
Невялікі дожджык пасля абеду папырскаў, але яшчэ цяпер на асобных лісцях былі бліскучыя срэбныя кроплі. І калі шпачок прыўзнімаўся для таго, каб узяць больш высокую ноту, кроплі траплялі на галаву, ён імгненна паварочваецца з боку на бок, падстаўляючы пад пырскі вады ўсяго сябе.
Крылцы яго трапяталіся, галоўка хісталася, а лапкі ажно танцавалі. Ва ўсім гэтым была такая радасная задаволенасць ад купання, што шпачок Цімоху не заўважаў. Углядаўся ўдалеч.
Хутка і госці прыйшлі. Як толькі за стол селі зрабілася яшчэ весялей. Гаспадары былі шчодрымі і шчырымі. Частаваліся блінамі з мёдам, рознае печыва ўпляталі, што гаспадар не паспяваў прыносіць, морсы на любы смак ды іван-чай, а яшчэ з мятаю ды святаяннікам, ліпаю і верасам... І ўсё гаспадарскае вабіла гасцей: частуйцеся, госці дарагія! Ад шчырага сэрца!
— Разумная жонка мужа падтрымае, за ім яна сочыць, – адзначыў Барсук.
— Яму ж і спагадае! – дадаў Янот
— Хто з добрай душою – жаданы наш госць! – адказаў Цімох.
І наноў пачалася гамонка. Суседзі хвалілі прысмакі і спрытныя рукі зайчыхі Зінкі, запрашалі гаспадароў да сябе ў госці.
Толькі адна Ліса-хітрыца маўчала ды вушамі вадзіла, а сама нібы не чула тае гаманы, толькі ела ўсё падрад, вачэй не падымаючы. Па насцярожанасці ўсяго цела можна было здагадацца, што Лісу нейкая кепская спружына падмывала зрабіць штосьці шкоднае, каб у суседзяў не надта ўсё ладзілася і не здаваўся навакольны свет занадта шчаслівым.
Але гаспадары не надавалі ўвагі зайздроснай суседцы, толькі сачылі, каб чаго добрага не парушыла іх крынічку дабрыні і ветлівасці.
— Во-во! – Быццам згаварыўшыся дружна адказалі Янот і Барсук, Бабёр ды Ласка. – Жывіце ладам, суседзі! А мы будзем на вас раўняцца, і хінуцца.
А хітрай Лісе, было відаць, не спадабаліся такія шчырыя адносіны між суседзямі. Як у ваду апушчаная сядзела і моўчкі ўплятала ўсё, што было на стале, хаця ўжо не надта вольна магла дыхаць, але з-за стала не вылазіла, адно бубнела сабе пад нос:
— Чаму не жыць, калі рыба ў двары плавае, трускалкі растуць, капуста буяе!
—Трэба добра папацець, каб усё тое займець! Кожнай птушцы сваё гняздзечка патрэбна, – агучыў, агаліўшы свае доўгія і вострыя зубы-разцы Бабёр.
— Я можа больш за іх працую, але акрамя нары нічога не маю, – агрызнулася Ліса.
— На хаценне ёсць цярпенне, – удакладніла спрытная і гнуткая Ласка і ўсміхнулася так, што бура-белыя палоскі на спіне яе футра ўзняліся быццам перад скачком на ахвяру.
Ліса нават спужалася, уся наструнілася. Але праз якую хвіліну-другую пацішэла, супакоілася і пачала даядаць-падчышчаць з усіх талерак люстранога карпа, злосна рыкаючы.
Супакоілася, таму што ведала: няхай сабе Ласка маленькая ў параўнанні з ёю, Лісой, але звярок вельмі рашучы і агрэсіўны. Яна нават лася на вачах рыжай звяла на той свет, перакусіўшы напачатку сухажыллі на нагах, пасля і да артэрыі на шым дабралася. Пасля таго выпадку не толькі Петрыкеўна, усе лясныя жыхары не чапаюць Ласку пры сустрэчы, толькі пачціва вітаюцца.
— Эх, Ліса, Ліса! Трэба быць руплівай і ўдзячнай у сяброўстве, перш-наперш, а ўжо потым як хочаш, – ачнуўся Янот.
— Будуй сваё жыццё сваімі рукамі, а калі што – суседзі заўжды першымі на дапамогу прыйдуць. Еднасць у пашане, – не сунімаўся перавыхоўваць Лісу Барсук.
— Я вас зараз усіх паразганяю! – агрызнулася рыжая так, што павольны і флегматычны Бабёр ажно спужаўся ад нечаканай жаночай пагрозы
— Рана загоіцца, а злое слова – ніколі!, – ва ўвесь голас прамовіў Бабёр.
Сорамна стала Лісе: моўчкі паднялася і – шусь за дзверы, нават не падзякавала гаспадарам...
Наступны дзень быў ясны і сонечны. Лёгкі ветрык кратаў маладыя светлыя лісточкі кветак, што раслі скрозь панадворку. Цімафей з Зінкаю адным махам прапалолі капусту ды трускалкі, як адкуль ні вазьміся, наляцеў моцны вецер.
Навокал пацямнела, неба зацягнулі чорныя хмары. Толькі верхавіны дрэў яшчэ залацілі сонечныя праменні, што прабіваліся скрозь святлейшыя дзе хмары.
Па даху, па вокнах забарабанілі буйныя кроплі дажджу. Цімоха занепакоіўся, калі яркая ўспышка на імгненне асвяціла грады капусты. Як з вядра паліў цёплы дождж.
Праз колькі хвілін на небе з’явілася вясёлка, і дождж перастаў. Абуджаныя буслы, панеслі навальніцу далей.
Усё сціхла. Пасвятлела, пасвяжэла наваколле.
Зайчыха Зінка ўсчувала свайго гаспадара: «Чаго хваляваўся? Вунь твая капуста адразу ў рост пусцілася, ды й трускалкі хутчэй узнімуцца».
Звініць у небе срэбраным званочкам жаўранак. І льецца яго дзіўная песня, хвалюючы душы маладых ды руплівых гаспадароў.
Над градамі пырхае матылёк, крылцамі трымціць. Пах з расквечаных палёў ды лугоў перабівае дурманячы пах квецені буякоў, якія ўласна даглядае сам гаспадар. Жыватворнаю музыкай заварожана ўсё наваколле.
Жыццё ў сапраўдных гаспадароў заўжды б’е крыніцаю. І кветнікі рупліўкі-Зінкі рознакаляровымі галоўкамі і роўнымі стройнымі сцяблінкамі цягнуцца да гаспадароў, аддаючы сваю ўдзячнасць і ласку. Згледзеў тую карціну сярпок срэбнатварага месячыка і ярчэй асвяціў россыпы росаў на кветніках.
Так і жывуць яны, зайка Цімох са сваёй Зінкаю ў суладдзі з прыродаю і сваім сумленнем, дзелячыся сваёй радасцю і няўдачай з сябрамі, і усімі, хто мае ў тым патрэбу.