Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
А. Куляшоў
6 лютага споўнілася 111 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова.
Аркадзя Куляшова называюць беларускім паэтам-вундэркіндам. І небеспадстаўна — свае першыя вершаваныя спробы ён робіць у чатырохгадовым узросце.
Тады ж пачаў збіраць першыя творы ў імправізаваныя зборнікі — усяго ў юнага паэта назбіралася вершаў на два сшыткі, якія ён аб’яднаў пад назвай «Собрание сочинений Кулешова-Несчастного».
Аркадзь Куляшоў — адзін з тых, хто вывеў беларускую паэзію, а, разам з тым, і ўсю літаратуру на міжнародны ўзровень – яшчэ пры жыцці паэта на беларускай, рускай і замежных мовах было выдадзена 93 яго кнігі.
Сёння, з нагоды дня нараджэння таленавітага паэта ўспомнім цікавыя факты пра яго жыццё.
Аркадзь Куляшоў нарадзіўся на ўсходняй ускраіне Беларусі – у мястэчку Саматэвічы
Сам ён часцей за ўсё называў яе Саматэевічамі. У артыкуле «Мая Бесядзь» ён пісаў, што калісці, дакладна ніхто не ведае, на ўзбярэжжы ракі Чарнавуткі пасяліліся некалькі сем’яў. Ім гэтае месца спачатку не спадабалася, яны пакінулі яго і падаліся далей. А праз некоторы час вярнуліся. Старажылы, заўважыўшы іх, казалі: «Вунь самыя тыя…». Адсюль, нібыта, і назва «Саматэвічы».
Першая кніга вершаў Аркадзя Куляшова выйшла, калі яму споўнілася 16 гадоў
Зборнік «Росквіт зямлі» рэдагаваў паэт Міхась Чарот, які так моцна пачысціў яго ад найбольш узнёслых вершаў, што абураны Куляшоў у наступнай сваёй кнізе зрабіў адмысловую пазнаку «Першая кніга паэзіі».
А ўжо ў 20 год малады паэт стаў сябрам Саюза пісьменнікаў. Гэта і праўда фантастычны ўзлёт для вясковага хлапчука.
Паэт пісаў «гарызантальныя» вершы
Свае творы Аркадзь Куляшоў абдумваў звычайна лежачы. Гэтую яго творчую манеру добра ведалі родныя і стараліся не перашкаджаць: рабочы кабінет паэта ў такія моманты заўсёды быў зачынены, а ў іншых пакоях панавала цішыня, бо ўсе ведалі, што нават мінімальны рух мог адцягнуць увагу творцы.
Першыя вершы Аркадзь Куляшоў пісаў па-руску.
Ён вырас на Магілёўшчыне ў вёсцы Саматэвічы. Да 1924-га тыя землі былі ў складзе Расіі.
Бацькі паэта былі вясковымі настаўнікамі. У іх доме было шмат літаратуры, найперш расійскіх паэтаў. З малых гадоў ён чуў вершы Лермантава, Пушкіна і Някрасава.
Захапленне расійскай ды ўкраінскай літаратурай дала свой плён: Куляшоў з маладых гадоў захапіўся перакладам класічных твораў Шаўчэнкі і Пушкіна, Лермантава і Маякоўскага. А таксама Гамзатава, Ясеніна, Катлярэўскага ды многіх іншых.
Аркадзь Куляшоў меў iтальянскiя каранi
Яго прадзед па бацькавай лiнii, Фелiкс Мiльта, быў сынам арганiста-iтальянца, якога пан Галынскi прывёз з Польшчы ва ўнiяцкую царкву вёскi Стараселле, што на Магiлёўшчыне.
Аркадзь Куляшоў быў вялікім аматарам шахмат, у 1946 годдзе ўвайшоў у кіраўніцтва шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР.
Аркадзь Куляшоў вельмі любіў гуляць у шахматы
Па словах Міколы Аўрамчыка «ён меў першы разрад і шахматы былі ў ягоным жыцці стыхіяй. Пасля вайны Аркадзь Куляшоў намінальна быў рэдактарам “ЛіМа”. У рэдакцыю прыходзіў а 7-й гадзіне раніцы, каб знайсці партнёра для шахмат. Як знаходзіў, да канца дня яго больш не бачылі».
Сын Максіма Танка распавядаў, што падчас паездкі на сесію ААН у Нью-Ёрк Аркадзь Куляшоў амаль не выходзіў з гатэлю — сядзеў ды гуляў у шахматы з вахцёрам.
Быў Аркадзь Куляшоў і вялікім футбольным заўзятарам
Пачынаючы ад 1946 года ён рэдка калі прапускаў дамашнія матчы мінскага «Дынама». У 1945 годзе ён пабываў у Лондане на футбольным матчы «Чэлсі» — «Дынама». З таго часу ён і захапіўся футболам.
У Дзень Перамогi Аркадзь Куляшоў страляў у паветра.
Пакаленне пiсьменнiкаў-франтавiкоў было дружным. Валянцiна Куляшова ўспамiнае, што Дзень Перамогi бацька святкаваў са сваймi суседзямi — Броўкам, Ахрэмчыкам, Платонавым. Выходзiлi ў двор i стралялi ў паветра. Зброя мелася — яны ж былi ваенныя. У Куляшова — пiсталет ТТ.
Пры жыцці паэт не афішаваў паходжанне сваёй маці Кацярыны.
У дзявоцтве яна была Ратабыльская. Яна паходзіла са здрабнелага шляхецкага роду.
Бацька паэта Аляксандр Куляшоў валодаў трымя славянскімі мовамі. Пры гэтым ягоны прадзед Фелікс Мільта быў сынам арганіста-італьянца, які прыехаў на Магілёўшчыну з Польшчы.
Дачка паэта Валянціна пазней казала, што пасля знаёмства з гэтай сямейнай гісторыяй ёй стала зразумела, адкуль у бацькі такі паўднёвы тэмперамент.
Няпростае выпрабаванне чакала Аркадзя Куляшова ў 1924-м. Ягоная маці трапіла ў турму.
Бацька не падтрымаў маці, падаў на развод і пераехаў з дзецьмі ў іншы дом.
Хлопчык не змірыўся з гэтым і вярнуўся ў стары дом. Там і жыў, пакуль вучыўся ў школе-сямігодцы. У хату пусціў жыць іншых вучняў, так утварылася імправізаваная дзіцячая камуна. Пра яе паэт напіша ў аўтабіяграфічнай паэме «Далёка да акіяна», у раздзеле «Восем і адна».
Восем хлапчукоў і адна дзяўчынка. Старэйшая за Куляшова на два гады Аляксандра Карыткіна, ягонае першае каханне, якое накладзе адбітак на ягоную творчасць на дзесяцігоддзі.
Юначае каханне, магчыма, было ўзаемным, але Аляксандра выбрала вучобу, а не паэта. Гэта быў цяжкі ўдар. У 1928-м у часопісе «Полымя» выйшаў ягоны верш «Бывай…», які амаль праз паўстагоддзя ляжа ў аснову песні Ігара Лучанка «Алеся».
Так, тая самая «Алеся», якая ў 1970-я ў выканні «Песняроў» стане хітом у СССР.
Дарэчы, з куляшоўскіх твораў «Песняры» спявалі не толькі «Алесю». Па-беларуску і па-руску яны выконвалі «Камсамольскі білет» — многія з нас павінные ведаць песню пра юнака, які «цвёрда трымаўся на дапросе». У іх рэпертуары была таксама куляшоўская «Балада пра маці», а таксама прысвячэнне партызану Мінаю Шмырову — «Балада пра чатырох заложнікаў».
А ў 2004-м «Камсамольскі білет» загучаў у выкананні Neuro Dubel у альбоме «Tanki».
Паэт не напісаў ніводнага верша цягам пяці гадоў пасля ХХ з’езда КПСС,
у часе якога быў асуджаны культ асобы Сталіна. У яго здарыўся працяглы творчы крызіс. Але ўжо першы ж пасля працяглай паўзы паэтычны зборнік «Новая кніга» прынёс яму Ленінскую прэмію.
А ў 1965-м выйдзе «Маналог» — зборнік вершаў, напісаных пасля таго, як ягоныя сябры Таўбін і Астапенка былі афіцыйна рэабілітаваныя.
У апошнія гады жыцця Куляшоў пісаў пра Каліноўскага.
Легендарнаму паўстанцу ён прысвяціў паэму «Хамуціус». Такім было адно з канспіратыўных прозвішчаў Каліноўскага. Над паэмай паэт працаваў у Нясвіжы.
Аркадзь Куляшоў памёр у Нясвіжы.
У ноч з 3 на 4 лютага, за два дні да свайго 65-годдзя. Сярод рукапісаў былі знойдзены апошнія ягоныя творы. У тым ліку і верш «Карусель», другі па ліку верш пад такой назвай. Першы быў прысвечаны юнацкаму каханню. Другі, фактычна, стаў развітаннем з багатым на падзеі і творчыя поспехі жыццём:
Праплывае міма пабрацімства,
Коні, коні дыхаюць гарача.
Каруселі кружаць, а дзяцінства
У баку стаіць маё – і плача.