Site icon Слушна

Трэці старт касманаўта Алега Навіцкага. Ён адбыўся, і стыкоўка – ёсць, а экіпаж – на МКС!

трэці палёт Алега Навіцкага

А ўсё ж такі ў цікавы час мы жывем! Сёння, 9 красавіка, ужо ў трэці (!) раз за апошняе дзесяцігоддзе я з дапамогай сеціва, сайтаў Раскосмасу і NASA, буду назіраць за стартам нашага земляка, ураджэнца Чэрвеня, касманаўта Раскосмасу.

Да Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) у свой чарговы палёт накіруецца Алег Навіцкі, чыёй аднакласніцай я маю гонар з’яўляцца. І журналістам, які падрабязна асвятляў яго падрыхтоўку і першы палёт на старонках чэрвеньскай газеты «Раённы веснік» і рэспубліканскай газеты «Звязда».

Алег Навіцкі. Святлана Адамовіч. Касманаўт і журналіст – аднакласнікі.

Старт запланаваны на 10:42:41 са стартавай пляцоўкі №31 касмадрома Байканур, а стыкоўка – на 14:07, плюс-мінус 3 хвіліны. І тое, што шлях «Саюза МС-18» да МКС павінен заняць усяго 3 гадзіны 25 хвілін, падаецца сапраўднай фантастыкай, калі прыгадваецца першы палёт Алега Навіцкага. Тады экіпаж карабля дабіраўся да касмічнай станцыі трое сутак. Як кажуць, адчуйце розніцу!

А паколькі гэты матэрыял з’явіўся на нашым інфармацыйным партале на пачатку першай ночы… Па меры атрымання навінаў ён будзе дапаўняцца. Сачыце за абнаўленнямі!

Давайце бліжэй пазнаёмімся з экіпажам касмічнага карабля «Саюз МС-18». Яго камандзір – Алег Навіцкі, Герой Расійскай Федэрацыі, лётчык-касманаўт РФ. Парадкавы нумар – 114/526. Здзейсніў 2 касмічныя палёты. Агульны налёт – 340 сутак 10 гадзін 4 хвіліны.

Бортінжынер-1 – касманаўт-выпрабавальнік Раскосмасу Пётр Дуброў, ураджэнец Хабараўска. Досведу касмічных палётаў не мае.

Бортінжынер-2 – астранаўт NASA Марк Вандэ Хай, 342-і астранаўт ЗША, 554-ы – свету. Колькасць здзейсненых палётаў – 1, працягласць – 168 сутак 5 гадзін 14 хвілін. Чатыры выхады ў адкрыты космас!!! Ён прабыў там у суме 26 гадзін 42 хвіліны.

Мяркуемая працягласць гэтага касмічнага палёту – 191 суткі.

Ну што ж… Гэтым разам мяне накрыла напярэдадні. Дзесьці па абедзе чацвярга. Што ўжо будзе падчас старту… Вы не ўяўляеце, якое гэта невыказнае хваляванне – сачыць за тым, як твой аднакласнік, якога ты ведаеш з дзяцінства, стартуе туды, да зорак! Ну і што, што не ў першы, а ў трэці раз?! А хвалявання не менее…

Што ўжо казаць пра адчуванні мамы Алега Валянціны Эдуардаўны Навіцкай, яго жонкі і дзяцей, сваякоў і сяброў!

Прызнаюся, што гэтым разам асабліва не сачыла за падрыхтоўкай экіпажаў (асноўнага і дублюючага) да старту, як упершыню. Інфармацыю атрымлівала, бадай, толькі з допісаў брата Ігара, журналіста, у раённай газеце. У той самай, дзе я ўпершыню ў жыцці паведаміла пра першы старт самага сапраўднага касманаўта! Далёкага і разам з тым блізкага…

Вось толькі днямі зайшла на сайт Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў, адкуль у свой час проста не вылазіла. Паглядзела інфу, фоткі… Усё, як і думала. Выдатная здача Алегам Навіцкім і яго экіпажам іспытаў. «Прымерка» ТПК «Саюз МС-18»… Толькі адметнасць нашага часу – ахоўныя маскі (ці рэспіратары?)… Ва ўсіх і практычна ўсюды…

Дарэчы, а ці ведаеце вы, што гэты касмічны карабель займеў сваю ўласную назву?! «Ю.А.Гагарын». Бо трэці палёт Алега Навіцкага адбываецца напярэдадні 60-годдзя першага палёту чалавека ў космас! І гэта такі гонар! Між іншым, яшчэ падчас першага старту Алега яго шчырую ўсмешку называлі гагарынскай. Так што паралеляў і асацыяцый тут сапраўды шмат…

Я спадзяюся, што гэтым разам трансляцыя старту касмічнага карабля будзе ўстойлівай. Бо падчас першага даводзілася пераключацца з сайту Раскосмасу на NASA і назад – у пошуках не толькі лепшай карцінкі, але і гуку. Мне пашанцавала – самае асноўнае я ўбачыла і пачула выдатна!

Не ведаю, як успрыму сёння трэці старт… А падчас назірання за першым сэрца літаральна выскоквала з грудзей! Прыгадваю!

… Вядома ж, уражанняў тых хвілін не перадаць словамі. Але яны – яркія, кранальныя, трывожныя, перажывальныя – назаўсёды засталіся ў памяці і сэрцы. Без перабольшання, упэўнена, што ніколі не забуду таго, што ўбачыла, пачула і перажыла…

А найбольш уразлівым стаўся чамусьці не момант старту ракеты-носьбіта з касмічным караблём «Саюз ТМА-06М» пад камандаваннем нашага земляка Алега Навіцкага, а магчымасць бачыць яго на маніторы там, у палёце. Вось тут ужо нарэшце пашанцавала з «карцінкай» – яна зрабілася ўстойлівай. Іншы сайт, але які канкрэтна – не памятаю. А перамовы Цэнтра кіравання палётамі з касманаўтамі (а папросту – Зямлі з «казбекамі») так выразна былі чуваць…

А я ў гэтыя моманты, не ведаючы, навошта, яшчэ і спрабавала ліхаманкава запісваць асобныя сказы. Як прыемна было чуць спакойны, упэўнены голас Алега! Першыя хвіліны, у асноўным, гучалі ў адказ Зямлі два сказы: «На борце парадак» і «Экіпаж адчувае сябе добра». Яны сапраўды супакойвалі.

Вельмі цікава было назіраць, як Алег і яго калегі гарталі стос папер, які трымалі ў руках. Не ведаю, як правільна гэта называецца – бартавая дакументацыя ці па-іншаму, але для сябе я вызначыла так: кіраўніцтва да дзеяння.

І вось адведзены час для сувязі экіпажа з Зямлёй закончыўся. «Карцінка» знікла. Што-кольвечы дадаю да свайго матэрыялу ў «раёнцы» – і газету накіроўваюць у друк. Вяртаюся на сваё працоўнае месца, спрабую асэнсаваць падзею… А сэрцам, душою і думкамі – там, у кабіне карабля…

Думаю, і сённяшнія ўражанні таксама стануцца незабыўнымі. Перажываю, трымаю кулакі. І пакуль па традыцыі не выказваю ніякіх пажаданняў. Чакайма старту і стыкоўкі! Чакайма разам!

9 красавіка 2021 года. 11:15

Ну вось і адбыўся трэці старт Алега Навіцкага і яго экіпажа... Нават не верыцца... Як заўсёды: столькі размоў, а тады – раз! Секунды літаральна – і ў неба... Кранула неверагодна! Ажно расплакалася... І толькі паўтарала, прыціскаючы рукі да грудзей: «Калі ласка... Ну калі ласка... Няхай усё будзе ў парадку!!!»

На жаль, зноўку, як і першы раз, не ўбачыла на сайце Раскосмасу тое, што хацела. І ўвогуле, сайт лёг, і не толькі ў мяне. Дзякуй, NASA ТВ! Зноў выручыла! Сам старт я пабачыла. І зноўку чула ўпэўнены голас Алега... Гэта так супакойвала!

– Параметры системы управления в норме.

– Двигатель третьей системы работает нормально.

– 450 (секунд. – С.А.). Полет нормальный.

А я ўсё яшчэ ўзрушаная... Усё яшчэ не магу займацца чымсьці староннім. Пераглядаю фотаздымкі, уласныя запісы, матэрыялы... І мяне ўсё яшчэ адчувальна каўбасіць. І зноўку сэрцам, душой і думкамі я – там, у кабіне касмічнага карабля «Ю.А.Гагарын».

Па-ранейшаму пакуль ніякіх пажаданняў. Проста чакайма стыкоўкі, якая запланаваная сёння на 14:07, плюс-мінус 3 хвіліны.

9 красавіка 2021 года, 14:25

Ну што ж, чарговы хвалюючы этап закончаны. Стыкоўка адбылася! Усё штатна, што, вядома ж, радуе...

За стыкоўкай сачыла і на сайце Раскосмасу, і на NASA ТВ. Спадабалася, як каментаваў асноўныя моманты госць студыі – касманаўт Раскосмасу Алег Скрыпачка. А самі здымкі ў космасе... Фантастыка!!!

... На гадзінніку – 14.06. «Ну, давай-давай-давай!» – гэта я, гледзячы на манітор... Ёсць дотык, захоп... Здаецца, я не пераблытала?! Перамовы Зямлі з экіпажам. І такія шчырыя віншаванні з тым, што ўсё прайшло штатна! Так радасна ад гэтага!!! І зноўку слёзы ад хвалявання...

Зараз экіпаж рыхтуецца да пераходу на МКС, які павінен пачацца а шаснаццатай... А на МКС рыхтуюцца сустракаць гасцей. Чакайма!

9 красавіка 2021 года, 16:30

Нарэшце!!! Самае асноўнае – адбылося! Экіпаж касмічнага карабля «Ю.А.Гагарын» пад камандаваннем нашага земляка Алега Навіцкага перайшоў на Міжнародную касмічную станцыю! За такі непрацяглы час, які прайшоў ад моманту старту. Усё – у адзін дзень. Фантастыка!!! І вось яны ўжо на сувязі з сем'ямі!

За адкрыццём люкаў назіраць было не так хвалююча, а проста цікава. Колькі напачатку камандаў трэба было выканаць! Пачакаць, пакуль упадзе ціск у касмічным караблі і хаця б пару хвілін пратрымаецца на адным узроўні...

Але вось яны, бадзёрыя і ўсмешлівыя, уплываюць на МКС! Вітаюцца, абдымаюцца... Колькі хвілін тэхнічных пытанняў – і можна паразмаўляць з блізкімі і сябрамі. А вось якая зараз вялікая каманда на Міжнароднай касмічнай станцыі!

Мы шчыра жадаем Алегу Навіцкаму, яго экіпажу і ўсім калегам на МКС плённай працы, выдатнага самаадчування, выключных уражанняў!

Фота – з сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў, Раскосмасу, архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Exit mobile version