Site icon Слушна

Трэшчыны на вуснах, сасудзістыя «зорачкі» на целе. Скурныя сігналы праблемаў са страўнікава-кішэчным трактам

Якія скурныя праявы сігналізуюць пра захворванні органаў стрававання? Ці можа хелікабактар пілоры выклікаць акнэ, а гастрыт – заўчасныя маршчыны?

Пра гэта журналіст Слушна пагутарыла з дацэнтам кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н. Аленай Адаменка.

да зместу

Скурныя праявы і хваробы органаў стравання

Праблемы з СКТ. Праблемы на скуры.

Скура як люстэрка паказвае ўсе працэсы, якія адбываюцца ў арганізме, у тым ліку і паталагічныя змены ў органах страўнікава-кішэчнага тракта. Таму часта дэрматолагі накіроўваюць сваіх пацыентаў да гастраэнтэролага.

Але трэба разумець, што скурныя паталогіі таксама могуць быць самастойным захворваннем, праявай гастраінтэстынальных, аўтаімунных, эндакрынных і іншых хваробаў або мець з захворваннямі органаў СКТ аднолькавы патагенетычны механізм развіцця, удакладняе ўрач.

Захворванні розных аддзелаў СКТ выяўляюцца па-свойму.

да зместу

Якіх вітамінаў вам не хапае?

Алена Адаменка:

– Найбольш характэрныя праявы на скуры ўзнікаюць пры дэфіцыце вітамінаў і мікраэлементаў з-за парушэння іх усмоктвання ў тонкім кішэчніку. Гэта можа казаць пра запаленчыя захворванні органа, а таксама цэліякію.

Найбольш частыя праявы на скуры і слізістых

  • Пры гіпавітамінозах скура робіцца друзлай, бляклай, лупіцца, зніжаецца яе эластычнасць, з'яўляецца ломкасць валасоў і пазногцяў.
  • Пры дэфіцыце вітаміну А скура робіцца шурпатай, з'яўляецца сып, развіваецца фалікулярны кератоз: з'яўленне на скуры своеасаблівых бляшак – участкаў з няроўнай і шурпатай паверхняй.
  • Пры дэфіцыце вітаміну В магчымае з'яўленне заедаў, язвачак у кутках вуснаў і трэшчынаў на саміх вуснах, гласіту (малінавы язык). Пры істотным недахопе нікацінавай кіслаты можа ўзнікнуць пелагра: дэрматыт, дыярэя і дэменцыя.
  • Недахоп вітаміну К прыводзіць да развіцця пецехіяльнага сыпу (кропкавыя чырвоныя або фіялетавыя плямкі ад кровазліцця) і экхімозаў (сінякі).

Пры запаленчых захворваннях кішэчніка часта могуць узнікаць:

  • афтозны стаматыт (эрозіі і язвы ў поласці рота);
  • гангрэнозная піядэрмія (цяжкі некроз скуры з гнайнічковым сыпам з наступным утварэннем вялікіх язваў);
  • вузлаватая эрытэма (шчыльныя балючыя паўшарападобныя запаленчыя вузлы, як правіла, на нагах);
  • везікулапустулёзная экзантэма (гнайнічковы сып і запаленчыя інфільтраты на розных участках скуры і вакол сасудаў);
  • булёзны эпідэрмоліз (пузыры ў вобласці локцяў і каленяў).

Белы налёт на языку можа казаць пра гастраэзафагеяльную рэфлюксную хваробу, пры якой адбываецца закід агрэсіўнага змесціва страўніка ў стрававод.

да зместу

Генетычныя хваробы

Існуюць рэдкія генетычныя захворванні, звязаныя з дэфектамі генаў транспартнай сістэмы кішэчніка, якія праяўляюцца недахопам канкрэтнага нутрыента.

Алена Адаменка:

Недахоп цынку, напрыклад, выклікае энтэрапатычны акрадэрматыт (сіндром Брандта), які праяўляецца ў выглядзе везікулабулёзных высыпанняў на ступнях і кісцях, вакол натуральных адтулінаў, дыярэі і алапецыі (аблысенне). Гэтае захворванне развіваецца ў немаўлятаў пасля спынення груднога выкормлівання і можа выклікаць затрымку росту і развіцця дзіцяці.

Другое парушэнне клетачнага транспарту медзі можа прывесці ў немаўлятаў да хваробы Менкеса (хвароба сталёвых валасоў). Для яе характэрныя зблытаныя валасы з вузельчыкамі, себарэйны дэрматыт. Гэтае захворванне таксама можа выклікаць затрымку росту і развіцця, неўралагічныя парушэнні.

У людзей з павышанай адчувальнасцю да глютэну можа назірацца герпетыформны дэрматыт Дзюрынга: паліморфны сып у выглядзе кольцаў, паўкольцаў або караляў. Практычна ў 80% людзей з гэтым захворваннем дыягнастуюць цэліякію.

Пры захворваннях печані самая характэрная асаблівасць – жаўтушнасць скуры. Калі ж скура набывае бронзавае адценне, гэта можа сведчыць пра гемахраматоз – спадчыннае захворванне, якое суправаджаецца залішнім адкладаннем жалеза.

Больш падрабязна пра скурныя праявы пры розных захворваннях СКТ – у табліцы.

да зместу

Хелікабактар пілоры

У інтэрнэце часта можна сустрэць тэзіс, што хелікабактар пілоры выклікае акнэ, атапічны дэрматыт, псарыяз, а гастрыт – ранняе старэнне скуры. Ці так гэта?

Алена Адаменка:

– На дадзены момант няма дакладных навуковых доказаў, што хелікабактарная інфекцыя выклікае акнэ, а гастрыт – старэнне скуры, – кажа Алена Адаменка. – Існуюць асобныя работы, якія паказваюць, што ў пацыентаў з атапічным дэрматытам, крапіўніцай, разацэа, акнэ часта выяўляецца і хелікабактар пілоры. І часам лячэнне хелікабактарнай інфекцыі дазваляе палепшыць стан скуры. Але, на жаль, скурныя праявы праз пэўны час могуць вярнуцца, нягледзячы на пралечаную інфекцыю.

Існуюць тэорыі, што хелікабактарная інфекцыя можа справакаваць развіццё псарыязу, спрыяе павышэнню пранікальнасці ў кішэчнай сценцы, што прыводзіць да выхаду таксінаў і развіцця атапічнага дэрматыту, крапіўніцы. Але пакуль гэта толькі тэорыі.

да зместу

Рак органаў стрававання

Некаторыя скурныя праявы могуць казаць пра анкапаталогію органаў СКТ. Эксперт прывяла некалькі прыкладаў.

Алена Адаменка:

– У літаратуры апісанае захворванне acanthosis nigricans (чорны акантоз), пры якім на скуры, пераважна ў складках, падпахавых западзінах, пахвіннай вобласці, на кісцях з'яўляюцца цёмныя папіламатозныя барадаўчатыя разрастанні. Гэта маркер парушэння вугляводнага абмену, які таксама можа паказваць на анкалагічнае захворванне СКТ, у прыватнасці, адэнакарцыному страўніка.

Ужо ў раннім дзяцінстве праяўляецца сіндром Пейтца-Егерса – спадчыннае захворванне, для якога характэрная наяўнасць цёмных плямаў на вуснах, каля рота, на слізістых абалонках шчок. З узростам яны павялічваюцца, у падлеткавым узросце могуць знікаць. Захворванне звязанае з развіццём паліпозу кішэчніка, часцей тонкага, паліпы могуць ператварацца ў злаякасную пухліну.

Да раку можа прывесці і іншы паліпоз тоўстага кішэчніка (сіндром Гарднера). Гэта спадчыннае захворванне, якое суправаджаецца пашкоджаннем касцей і развіццём фібромаў (дабраякасных пухлінаў) на скуры.

Глюкаганома – пухліна з клетак астраўкоў Лангерганса, размешчаных пераважна ў канцы падстраўнікавай залозы, якая звычайна працякае злаякасна, выяўляецца некратызуючым скурным сыпам на тулаве: чырвоныя азызлыя плямы кольцападобнай формы са светлым цэнтрам, якія могуць быць у язвах.

Пры раку падстраўнікавай залозы магчымая чорная жаўтуха, калі скура набывае зеленавата-чорны колер. Але гэта даволі рэдкія выпадкі, удакладняе ўрач.

да зместу

Табліца: Скурныя праявы захворванняў СКТ

Захворванне СКТ Скурная праява
Хранічны панкрэатыт ·       Сімптом Грунвальда – экхімозы (сінячкі) вакол пупка.

·       Сімптом Тужыліна – дробныя «чырвоныя кропелькі» на жываце, спіне або грудзях.

Хранічныя дыфузныя захворванні печані ·       Далоневая эрытэма – устойлівае пачырваненне далоняў.

·       Пецехіяльныя высыпанні – кропкавыя чырвоныя або фіялетавыя плямкі, звычайна на нагах.

·       Экхімозы (невялікія сінячкі).

·       Расчосы.

·       Гіперпігментацыя.

Цыроз печані ·       Тэлеангіэктазія – дробныя сасудзістыя «зорачкі» на верхняй палове тулава, скуры твару.

·       Знікненне валасоў пад пахамі.

·       Чырвоны або малінавы язык.

·       Сімптом «галава Мядузы» – бачныя варыкозна пашыраныя вены ў вобласці пупка.

Першасны біліярны цыроз ·       Ксантомы і ксантэлазмы – мяккія жоўтыя вузельчыкі пад скурай.

·       Сверб і сляды расчосаў.

Хранічны вірусны гепатыт C ·       Сверб.

·       Крапіўніца.

·       Чырвоны плоскі лішай.

·       Крыяглабулінемія (змешаная альбо тыпу II) – скурная сасудзістая пурпура, артралгія і слабасць.

·       Некралітычная акральная эрытэма – акруглыя ачагі гіперкератозу фіялетавага колеру, пакрытыя лускавінкамі, у асноўным на разгінальных паверхнях кісцяў і ступняў. Часам высыпанні трансфармуюцца ў пузыры, затым у язвы.

·       Парфірыя скурная павольная – на твары, ілбе, вушах, шыі, адваротнай паверхні кісцяў лакалізуюцца пузыры, мікрацысты, пігментныя плямы, эрозіі і атрафічныя рубчыкі.

·       Вузельчыкавы поліартэрыіт – вузельчыкі на скуры.

Запаленчыя захворванні кішэчніка: хвароба Крона і язвавы каліт ·       Піядэрмія гангрэнозная.

·       Эрытэма вузлаватыя (другасная).

·       Эрытэма шматформная.

·       Некралітычная мігруючая эрытэма.

·       Далоневая эрытэма.

·       Пальцы Гіпакрата (пальцы, падобныя да барабаннай палачкі з патаўшчэннем верхніх фалангаў і пазногцяў).

·       Афтозны стаматыт.

·       Пашкоджанне слізістай абалонкі поласці рота па тыпу «бруку»; скурнымі гранулёмамі і фістуламі.

·       Ангулярны хейліт – запаленчае захворванне слізістай абалонкі і скуры твару на кутках рота з-за недастатковасці пажыўных рэчываў, асабліва цынку і нікацінавай кіслаты.

·       Везікула-пустулёзная экзантэма.

·       Булёзны эпідэрмаліз – утварэнне пузыркоў і эрозій на скуры і слізістых абалонках, ранімасць скуры.

·       Сіндром Світа – нейтрафільны дэрматоз са з'яўленнем на розных участках цела эрытэматозных бляшак і вузлоў, працякае з ліхаманкай.

·       Вузельчыкавы перыартэрыіт.

Харчовая алергія ·       Ацёк Квінке – масіўны ацёк скуры, падскурнай тлушчавай клятчаткі і слізістых абалонак.

·       Крапіўніца.

·       Анафілактычны шок як крайняя ступень праявы рэакцыі на алерген.

 

Exit mobile version