Нядзеля, ды яшчэ і два святы. Вось такое супадзенне, даволі сімвалічнае. Сёння мы сустракаем Тройцу (Сёмуху, Пяцідзясятніцу) і віншуем нашых шаноўных медыцынскіх работнікаў з іх прафесійным святам!
А папярэднічала Тройцы Троіцкая (Траецкая) бацькоўская субота. І хаця не так масава, як на Радаўніцу, але людзі сапраўды ехалі і ішлі ўчора на нашы астраўскія могілкі. Хто – прыбрацца, выкараніць пустазелле, хто – пакасіць трымерам траву… Хтосьці ішоў з кветкамі, а хтосьці – проста так… І я спадзяюся, што дарагія памерлыя былі ўсцешаныя…
Ведаю, што ў некаторых мясцовасцях ёсць традыцыя наведваць могілкі і непасрэдна на Тройцу – пасля службы ў царкве. Зрэшты, як памятаць і ўшаноўваць спачылых, кожны таксама для сябе вырашае сам… Галоўнае – рабіць гэта…
А ўвогуле, Тройца – прыгожае ўзнёслае свята. З «маем» у хатах і кватэрах, а то і на летніках, з букетамі палявых кветак, з прагулкамі ў лесе ці парку… Калі толькі лясы ў вашай мясцовасці яшчэ не зачынілі для наведвання з-за высокага класа пажаранебяспекі. З абавязковым наведваннем царквы вернікамі…
Гэтае свята прыходзіць са свежым пахам зеляніны альбо духмянага аеру… З традыцыямі нашых продкаў. І абавязкова – з верай у лепшае. Вядома ж, хацелася б, каб зеляніна на дрэвах сапраўды была свежай, а не шэрай ад пылу, сасмяглай без вады. Але, на жаль, нам на Тройцу дажджоў не абяцаюць. Але магчыма, што дзесьці камусьці ўсё ж пашанцуе…
І таксама сёння, у трэцюю нядзелю чэрвеня, сваё прафесійнае свята сустракаюць медыцынскія работнікі. Прадстаўнікі прафесіі, без якой мы проста не можам абысціся. Людзі, ад якіх у пэўнай ступені залежыць наша самаадчуванне, наш настрой, а часцяком і само жыццё…
Другі год Дзень медыцынскіх работнікаў праходзіць ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Магчыма, сёлета не так востра ўжо адчуваем сітуацыю мы, староннія назіральнікі. Дзе – прызвычаіліся, дзе – проста расслабіліся… Але не думаю, што шмат чаго змянілася для ўрачоў, медсёстраў, санітарак у параўнанні з годам мінулым…
І таму традыцыйна сёння, у сваё свята, хтосьці дзяжурыць, хтосьці змагаецца з каранавірусам, а хтосьці камусьці ратуе жыццё. У сродках індывідуальнай абароны ў 30-градусную гарачыню…
Таму нашыя пашана, павага і ўдзячнасць усім медыцынскім работнікам па-ранейшаму вялікія. Бясспрэчна. Адназначна. Проста варта часцей пра гэта казаць услых альбо нават пісаць. У журналісцкіх матэрыялах, аўтарскіх блогах, сацыяльных сетках, месэнджарах, прыватных паведамленнях. І, вядома ж, не толькі адзін раз на год, у прафесійнае свята…
Але ж, традыцыйна занятыя ўласнымі справамі, ці часта мы прыгадваем тых, каму сапраўды павінны быць удзячнымі? Доўга… Усё жыццё… На жаль, адказ адмоўны. І нават калі робіцца ніякавата з гэтай нагоды вось зараз, дык пасля гэта ўсё забываецца, губляецца ў тлуме дзён. Да наступнага разу.
Таму лепей хаця б адзін раз на год, чым ніводнага, праўда?! Віншуем і кажам цёплыя словы.
Дарагія нашы медыцынскія работнікі! Шчыра – з вашым прафесійным святам! Так хочацца, каб каранавірус усё ж адступіў, аслабеў, і ўсё вярнулася на звыклыя рэйкі. Давайце пажадаем гэтага ўсім нам!
А тым, хто святкуе сёння, хто датычны да Дня медыцынскіх работнікаў, найперш – здароўя. Моцнага. Цярпення, сіл і вытрымкі. Дабрабыту, падтрымкі і разумення родных. Ладу і згоды ў сям’і. Паменей матэрыяльных праблемаў, паболей цёплых слоў ад удзячных пацыентаў штодня. Веры, надзеі, любові. Кахання. І ўсіх даброт!
Так склалася, што і мы, супрацоўнікі рускай і беларускай версіі інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі», газеты «Медыцынскі веснік» лічым гэтае свята за сваё.
І, у сваю чаргу, не толькі прымаем віншаванні, а і шчыра віншуем кіраўніка нашага аддзела інтэрнэт-праектаў, урача-анестэзіёлага-рэаніматолага вышэйшай катэгорыі, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Вольгу Іванаўну Святліцкую і галоўнага рэдактара газеты «Медыцынскі веснік» Таццяну Мікалаеўну Сівец! Зычым здароўя моцнага, шчасця найвялікшага, дабрабыту трывалага, удачы штодзённай. І ўсім нам разам – пабольш удзячных чытачоў!