– А можна мне латэ?
– Вядома, – прыязна адказвае хлопец. Усміхаецца і працягвае кубак. І толькі ў гэты момант я разумею, што ён... іншы. Як кажуць, з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
Падпрацоўваць на кейтэрынгах (выязное абслугоўванне) у якасці барыста Максіму Аўрамчыкаву вельмі падабаецца. Перш за ўсё, з-за стасункаў з людзьмі. Ну і, вядома, гэта спосаб заробку ў дадатак да сціплай пенсіі па інваліднасці.
– Хтосьці палохаецца, хтосьці захапляецца. Рэакцыі ў людзей розныя. Я ўжо да гэтага прызвычаіўся, – кажа Макс.
Па цікавым супадзенні ці задумцы арганізатараў, сустрэча з Максімам адбылася на трэцім Міжнародным форуме «Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы». І аказалася, што форум гэты выйшаў далёка за рамкі размоў толькі выключна пра аўтызм. У фокусе ўвагі апынуліся ўсе людзі з асаблівасцямі развіцця і праблемы іх інклюзіі ў грамадства. Дзеля мерапрыемства Максім спецыяльна прыехаў з Гродна на маршрутцы.
«Я нармальны»
Максіму Аўрамчыкаву 23 гады. Хлопец жыве ў Гродне, вырас у інтэрнаце. Таму самая вялікая мара Макса – стварыць сям'ю, выгадаваць дзяцей і аддаць ім тое самае цяпло, якога так не хапіла самому.
– Чамусьці мне здаецца, што я буду добрым татам, – бянтэжыцца ён.
Свой дыягназ ён не памятае – занадта доўгі. Ведае толькі, што ў яго «дэфармацыя верхніх і ніжніх канечнасцяў і штосьці з ростам».
– Тое, што я адрозніваюся ад іншых, востра ўсвядоміў ужо бліжэй да падлеткавага ўзросту, калі хлопцы пачалі цікавіцца дзяўчатамі, – распавядае Максім. – Спачатку вельмі перажываў. Потым зразумеў: усё залежыць ад галавы. Як настроішся, так і будзеш сябе адчуваць. Калі будзеш ныць, усё складзецца дрэнна. І наадварот: паверыш, што нармальны – і ўсё будзе добра. А я і ёсць нармальны. Так, з асаблівасцямі. Але ў цэлым са мной усё ў парадку.
Гэтае перакананне дапамагло Максіму асвоіць прафесію тэхнолага абутковай вытворчасці. Максім скончыў Гродзенскі тэхнічны бытавы каледж. І ў яго з'явілася мара.
– У каледжы нас вучылі ствараць абутак. Я часам маляваў яго, мадэляваў. Думаю пра тое, каб атрымаць вышэйшую адукацыю ў гэтай сферы і пачаць рабіць абутак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Бо для нас туфлі робяць вельмі якасныя, скураныя, але ж яны такія цяжкія. І ўсе аднатыпныя. Скажу шчыра: сваю бясплатную пару я проста выкінуў. Яны настолькі цяжкія, што хадзіць у іх не магу. Нашу звычайныя красоўкі. Яны мне вялікія, але лёгкія і зручныя. Хачу займацца абуткам для людзей з інваліднасцю і рабіць яго прыгожым.
Захопленасць і жыццярадаснасць Максіма дапамагаюць яму заводзіць сяброў. Была і каханая дзяўчына, абсалютна здаровая. «Доўга і шчасліва» з ёй не атрымалася, але хлопец не маркоціцца і лічыць, што «галоўнае – не зацыклівацца на праблемах».
На курсы барыста Максім выпадкова трапіў год таму праз сваю знаёмую. Цікава зрабілася, ці атрымаецца. Захапіў і сам працэс: гісторыя кавы, розныя спосабы прыгатавання. На мерапрыемствы хлопец гатовы ездзіць ва ўсе куткі Беларусі сам.
– Цягнікі не вельмі люблю, а вось на маршрутках езджу часта, – кажа Максім. – Часам вадзіцелі не вельмі любяць інвалідаў сярод пасажыраў. А ў цэлым, людзі вельмі добразычлівыя. Дапамагаюць і залезці ў мікрааўтобус, і спусціцца з прыступак.
«Асноўная праблема – праца»
Такіх актыўных хлопцаў, як Максім, даволі шмат. Курсы барыста для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшлі ўжо 50 чалавек па ўсёй краіне. Аднак рэальна працуюць усяго 4! Праблема – у менталітэце працадаўцаў. Шмат хто перакананы, што людзі з асаблівасцямі не могуць паўнавартасна працаваць.
Новае грамадства – без абмежаванняў
Пра інтэграцыю ў грамадства людзей з фізічнымі і ментальнымі асаблівасцямі і казалі на трэцім Міжнародным форуме «Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы».
Як зберагчы такіх людзей ад стыгматызацыі? Як адшукаць магчымасці для атрымання прафесіі і працаўладкавання? Як пераадолець псіхалагічны бар'ер паміж «здаровымі» і «асаблівымі»? Адным з самых эфектыўных шляхоў можа стаць... мастацтва. А менавіта – тэатр. Гэта і стала адной з найважнейшых тэмаў для абмеркавання экспертаў. Таксама ў цэнтры іх увагі апынуўся вопыт інклюзіі ў сямейных і звычайных класах, асаблівасці стварэння інклюзіўнай прасторы і магчымасці альтэрнатыўнай адукацыі ў Беларусі.
Спікерамі выступілі: сузаснавальнік і праграмны дырэктар адукацыйнай інклюзіўнай студыі Studio 3/4 Марына Крысаў (Тэль-Авіў), дырэктар рэабілітацыйнага цэнтра Lootus Onnele Ганна Міконен і магістрант факультэта педагагічных навук Талінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «спецпедагог-кансультант» Вольга Нігроўская (Талін), мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «i» Ірына Кісялёва (Мінск), а таксама студэнты, бацькі, педагогі, прадстаўнікі cферы адукацыі і аховы здароўя, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, якія займаюцца стварэннем і развіццём інклюзіўных практык і тэатратэрапіі.
Пакуль высокія спецыялісты абмяркоўвалі, якой жа быць інклюзіі і ў якім жа выглядзе яе лепей ствараць, Максім і яго калега (пра гэтую выдатную дзяўчыну мы распавядзём у наступным матэрыяле) добразычліва і з усмешкай гатавалі каву гасцям. І, мабыць, гэта лепшая ілюстрацыя таго, што наш свет усё ж такі мяняецца, пашыраецца. І робіцца больш утульным для тых, у каго ёсць мэта, жаданне і мара. Бо справа не толькі ў асаблівасцях тых, хто мае групу інваліднасці, а ў абмежаваннях астатняга грамадства.
Фота забяспечанае кампаніяй «А1» і ўзятае з адкрытых профіляў Максіма Аўрамчыкава ў сацыяльных сетках.