Яшчэ адзін просты і карысны рэцэпт для здароўя вачэй ад шэф-повара кулінарнай студыі Le Gourmet Аляксея Радзько, выкладчыка школы здаровага харчавання Анастасіі Уласевіч і вядучага афтальмолага праекта «Я бачу!» Хрысціны Белянічавай.
Інгрэдыенты ў гэтай стравы даступныя, а прыгатаванне пад сілу любой гаспадыні!
Рэцэпт тварожнай запяканкі ў духоўцы
Для запяканкі вам спатрэбіцца:
- Гарбуз – 400 г.
- Тварог – 500 г.
- Манныя крупы – па неабходнасці
- Яйкі – 2-3 шт.
- Арэхі – па жаданні
- Цукар
- Цэдра апельсіна, карыца, ванілін
Для падліўкі:
- Грэчаскі ёгурт
- Чарніцы
Крок 1. Размінаем тварог, дадаем у яго асобна жаўткі, асобна бялкі, старанна ўмешваем.
Крок 2. Гарбуз чысцім, рэжам кубікамі, трохі адварваем, перабіваем блендарам, пасля чаго змешваем з тварожнай масай з яйкамі да кансістэнцыі муса. Калі гарбуз сакавіты і мус атрымліваецца занадта вадкім, у якасці загушчальніка можна дадаць манныя крупы.
Крок 3. На смак дадаем у масу цукар, цэдру апельсіна, карыцу або ванілін.
Можна ўмяшаць папярэдне падсмажаныя на патэльні арэхі.
Крок 4. Выкладваем масу ў злёгку змазаную алеем форму і запякаем у духоўцы на працягу паўгадзіны пры тэмпературы 180° С.
Крок 5. Гатуем соус: у грэчаскі ёгурт дадаем чарніцы (можна замарожаныя).
Старанна змешваем, дадаем цукровую пудру або цукар.
Крок 6. Падаем запяканку з падліўкай.
Соус можна замяніць смятанай або чарнічным джэмам.
Смачна есці!
Фота – Аксана Жураўлёва.