Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, які ўваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, арганізуе цыкль мерапрыемтсваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Яны пройдуць з 16 па 20 лютага 2026 года.

На працягу тыдня гасцей і ўдзельнікаў чакае насычаная праграма: адкрытыя лекцыі і дыскусійныя пляцоўкі, прэзентацыі праектаў і кніжных выстаў, творчыя сустрэчы і інтэрактыўныя заняткі. Ключавая тэма: пытанні захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы ў сучасным грамадстве.
Ключавыя падзеі тыдня:
- 16 лютага, 10:00. Творчая сустрэча з Навумам Гальпяровічам
Адбудзецца дыялог маладых навукоўцаў з Навумам Гальпяровічам – вядомым пісьменнікам, журналістам і тэлевядучым, заслужаным дзеячам культуры. Сустрэча пройдзе пад назвай «Я захаваць гатовы кожны гук адзінай для мяне спрадвечнай мовы». Удзельнікі абмяркуюць ролю мовы ў мастацкай літаратуры, жыццёвыя прынцыпы пісьменніка і тэндэнцыі сучаснага літаратурнага працэсу.
- 17 лютага, 9:30. Навука і тэхналогіі: погляд у будучыню
Супрацоўнікі сектара камп’ютарнай лінгвістыкі правядуць сустрэчу з маладымі даследчыкамі Цэнтра і выкладчыкамі беларускіх ВНУ. Галоўная тэма – знаёмства з навейшымі лічбавымі распрацоўкамі сектара і іх ужыванне ў гуманітарных навуковых пошуках.
- 18 лютага, 10:00. Гульня-віктарына
Для юных удзельнікаў падрыхтавана гульня-віктарына «Беларускі каляндар». У забаўляльным фармаце дзеці даведаюцца пра паходжанне назваў месяцаў, народныя святы і традыцыі вольнага часу ў розныя поры года.
- 19 лютага, 11:00. Прафесійны дыялог
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа стартуе рэспубліканскі семінар «Слова, кніга, навука: прастора прафесійнага дыялогу». Удзельнікі абмяркуюць значэнне бібліятэк як ключавых цэнтраў па вывучэнні і захаванні моўнай спадчыны.
- 19 лютага, 13:00 – 14:15. Моўны дыктант
Тут жа пройдзе Рэспубліканскі дыктант па беларускай мове. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы і Года жанчыны. Прамая трансляцыя дыктанта будзе даступная на канале "Культура" Беларускага радыё.
Для даведак:
- Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Яго асноўная місія – падтрымка моўнай і культурнай разнастайнасці планеты, абарона нацыянальных моў і забеспячэнне права кожнага чалавека размаўляць на роднай мове.
- Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі з’яўляецца флагманам беларускай лінгвістычнай навукі. Інстытут традыцыйна выступае ініцыятарам маштабных мерапрыемстваў да Дня роднай мовы, накіраваных на ўмацаванне пазіцый беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
