Па дадзеных на вечар панядзелка, 2-га сакавіка, у Беларусі выяўленыя тры пацыенты з каранавірусам. Два выпадкі зарэгістраваныя ў Мінску і адзін – у Віцебску. Усяго пад наглядам спецыялістаў знаходзіцца 271 чалавек. Пра бягучую сітуацыю распавялі на брыфінгу прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Самаадчуванне пацыентаў – здавальняючае
Самаадчуванне ўсіх траіх пацыентаў – здавальняючае. Два чалавекі, якіх выявілі ў Мінску, як распавёў галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, д.м.н., прафесар Ігар Карпаў, адчуваюць сябе нармальна. У аднаго з іх не было зафіксавана ні тэмпературы, ні катаральных з'яў.
Пацыентка з Віцебска, у якой таксама быў выяўлены РНК каранавіруса, паведаміў начальнік ГУАЗ Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач, знаходзіцца ў інфекцыйнай бальніцы. Яе стан – здавальняючы. Тэмпература нармальная.
14 дзён карантыну
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач падкрэсліла, што ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў краіне, накіраваныя на папярэджанне завозу выпадкаў каранавіруса, прадухіленне распаўсюджвання і лакалізацыі ачагу інфекцыі (выяўленне максімальнай колькасці асобаў, якія кантактавалі з захварэлым).
У першую чаргу на наяўнасць каранавіруса абследуюцца тыя, хто вярнуўся з эпідэміялагічна небяспечных краінаў, а таксама людзі, якія кантактавалі з імі, асабліва ў выпадку наяўнасці сімптомаў, што не выключаюць інфекцыю.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан распавяла, што пацыенты, якія змешчаныя ў кантактныя цэнтры, – асобы, што прыбылі з 4 краінаў (Кітай, Іран, Італія і Паўднёвая Карэя), знаходзяцца там на працягу 14 дзён. Менавіта столькі, як правіла, доўжыцца інкубацыйны перыяд развіцця каранавіруснай інфекцыі. Правядзенне гэтых прафілактычных абмежавальных мераў дазволіла выявіць трох пацыентаў, якія сёння ёсць, падкрэсліла спецыяліст.
Тым, хто знаходзіцца ў кантакт-цэнтрах, выдаюцца лісткі непрацаздольнасці на 14 дзён – з указаннем, што бальнічны лісток выдаецца ў сувязі з санітарна-эпідэміялагічнымі мерапрыемствамі, што праводзяцца. Калі ж у чалавека за гэты перыяд узнікаюць прыкметы ВРІ, бальнічны ён атрымлівае па гэтым захворванні.
СААЗ: рызыка распаўсюджвання інфекцыі – вельмі высокая
Як адзначыў прадстаўнік СААЗ Батыр Бердыклычаў, рост новых выпадкаў, які працягваецца, а таксама вялікая колькасць краінаў, у якіх быў дыягнаставаны каранавірус, паслужылі падставай для Сусветнай арганізацыі аховы здароўя перагледзець рызыку распаўсюджвання інфекцыі ва ўсім свеце і павысіць яе з «высокай» да «вельмі высокай».
Асноўныя рэкамендацыі СААЗ застаюцца ранейшымі. Увядзенне якіх-небудзь радыкальных мераў па забароне на падарожжы, паездкі або гандаль не з'яўляюцца эфектыўнымі і цягнуць за сабой негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы, падкрэсліў Батыр Бердыклычаў.
Наталля Жукава параіла: пры вяртанні з эпідэміялагічна небяспечных краінаў, дзе рэгіструюцца выпадкі захворвання, на працягу 14 дзён неабходна звяртаць увагу на стан свайго здароўя. Пры выяўленых сімптомах – выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. У выпадку, калі стан здароўя здавальняючы, але ёсць сумненні, можна звярнуцца да ўрача і правесці неабходныя даследаванні.
Фота – Вольга Стружынская і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!