Па дадзеных на 13 сакавіка, у Беларусі РНК каранавіруснай інфекцыі выдзелена ў 27 чалавек. Тры пацыенты ўжо выпісаныя, 24 застаюцца ў стацыянарах. У аднаго з іх стан сярэдняй цяжкасці, у астатніх цячэнне захворвання – лёгкае або бессімптомнае. Усяго на медыцынскім кантролі знаходзіцца больш за 220 чалавек. Сярод медыцынскага персаналу хворых няма, але яны рэгулярна правяраюцца на наяўнасць каранавіруса, паведамілі на брыфінгу ў пятніцу прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан зазначыла, што сістэма аховы здароўя працуе ў звычайным рэжыме. Штодня адсочваецца дынаміка захворвання на пнеўманіі, праведзена праверка працаздольнасці абсталявання, якое можа быць выкарыстанае для штучнай вентыляцыі лёгкіх (больш за 2 тысячы апаратаў ШВЛ і 1,5 тысячы наркозна-дыхальных апаратаў).
Сем завазных ачагоў
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан падкрэсліла, што ў нашай краіне выяўленыя 7 завазных выпадкаў інфекцыі, якія зарэгістраваныя ў Гродна, Гомелі, Мінску, Віцебску і Мінскай вобласці (1 выпадак). Усе астатнія хворыя заразіліся каранавірусам у Беларусі.
Так, пацыент, які не прызнаўся, што ў яго з'явіліся першыя сімптомы, і не выклікаў урача, працягваў наведваць сваякоў і сяброў. У выніку давялося ізаляваць 91 чалавека, у тым ліку сына, які працягваў прыходзіць на заняткі ў ВНУ. У выніку пад медыцынскім наглядам знаходзіцца ўся група студэнтаў.
Спецыялісты яшчэ раз заклікалі ўсіх, хто вярнуўся з эпідэміялагічна небяспечных па каранавірусу краінаў, не хаваць факт іх наведвання, па магчымасці на 14 дзён прыняць меры па так званай самаізаляцыі. Не наведваць месцы масавага збору людзей, канцэрты, рэстараны, бары альбо іншыя буйныя мерапрыемствы, скараціць наведванні сваякоў старэйшага ўзросту. Менавіта яны знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі, бо захворванне працякае ў іх цяжэй з-за узроставых зменаў у арганізме і наяўнасці вялікага «багажу» хранічных захворванняў.
Што тычыцца дзяцей і падлеткаў, адзначыла Іна Карабан, як правіла, хвароба працякае ў іх у лёгкай форме, а часам і бессімптомна. Да групы рызыкі яны не адносяцца. Пра гэта сведчаць і дадзеныя сусветнай статыстыкі па каранавірусу.
Пандэмія як характарыстыка сітуацыі
Афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў растлумачыў, што абвяшчэнне пандэміі з'яўляецца больш «характарыстыкай сітуацыі, якая склалася ў свеце»: вялікая колькасць новых выпадкаў, хуткі рост і значная колькасць цяжкіх выпадкаў.
Паводле класіфікацыі СААЗ, усе краіны дзеляцца на 4 групы:
- Няма ніводнага выпадку каранавіруснай інфекцыі.
- Зафіксаваныя спарадычныя выпадкі або ачагі.
- Ёсць шматлікія ачагі, але няма прыкметаў некантралюемай перадачы інфекцыі сярод насельніцтва.
- Адбываецца масавая перадача інфекцыі сярод насельніцтва.
Усе фота ўзятыя з вольных інтэрнэт-крыніц і з'яўляюцца ілюстрацыйнымі.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!