Першы ў Беларусі Цэнтр дапамогі пацыентам, якія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях, створаны на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава.
Унікальны для нашай краіны цэнтр – прыклад паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гісторыя сумеснага праекта пачалася два гады таму падчас візіту брытанскага прынца Майкла Кенцкага. Тады ў Мінску быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях далейшага развіцця дарожнай бяспекі ў Беларусі, які прадугледжвае, у прыватнасці, стварэнне дабрачыннага фонду. Увосень мінулага года было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы здароўя і фондам «Бяспечныя дарогі» і прынята рашэнне аб адкрыцці цэнтра дапамогі пацыентам, якія знаходзяцца пасля ДТЗ у вегетатыўным стане.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра таксама ўзялі ўдзел міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду «Бяспечныя дарогі» Дзмітрый Курносенка.
Дзмітрый Курносенка падзякаваў усім, хто датычны да стварэння цэнтра, падкрэсліўшы, што кожны чалавек заслугоўвае максімальнай увагі, асабліва калі ён трапіў у цяжкую сітуацыю.
Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ – гэта шэсць палат у аддзяленні паліятыўнай медыцынскай дапамогі шпіталя. У кожнай разам з пацыентам кругласутачна можа знаходзіцца родзіч (для яго прадугледжана спальнае месца).
Як растлумачыў галоўны ўрач шпіталя Віктар Лішакоў, на аказанне дапамогі пацярпелым у ДТЗ працуе ўся лячэбна-дыягнастычная база ўстановы, якая за апошнія гады істотна абнавілася. Аснашчэнне і кваліфікацыя медработнікаў дазваляюць укараняць новыя методыкі і праводзіць рэабілітацыю на самым сучасным узроўні.
Міністр аховы здароўя пазнаёміўся з работай новага цэнтра, паразмаўляў з медперсаналам і родзічамі пацыентаў.
Фота – Яўген Крэч.