Site icon Слушна

У Мінску прайшоў XI Міжнародны бібліятэчны кангрэс

24-25 кастрычніка 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў XI Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта значная падзея, якая сабрала вядучых спецыялістаў у галіне бібліятэказнаўства, культуралогіі, гісторыі, інфармацыйных тэхналогій і іншых сумежных дысцыплін з розных краін свету.

Кангрэс

Адкрыў кангрэс міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Прывітанне на адрас удзельнікаў накіравалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў. З прывітальным словам выступілі генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, прэзідэнт некамерцыйнага партнёрства «Бібліятэчная асамблея Еўразіі» Вадзім Дуда, прэзідэнт Сербскай бібліятэчнай асацыяцыі Алена Глішавіч, генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі ім. Б. М. Ельцына Юрый Носаў, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня Савета грамадскага аб'яднання «Беларуская бібліятэчная асацыяцыя» Уладзімір Кулажэнка.

На пленарным пасяджэнні з работай сваіх бібліятэк пазнаёмілі кіраўнікі і аўтарытэтныя спецыялісты Расійскай Федэрацыі, Кыргызскай Рэспублікі, Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Індыя, Рэспублікі Казахстан, Рэспублікі Малі. Святочны настрой усім стварыў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

Першы дзень кангрэса быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі. Прайшлі секцыйныя пасяджэнні «Бібліятэка як месца захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай Вайне», «Электронныя інфармацыйныя рэсурсы і сэрвісы для навукі і адукацыі». Адным з ключавых момантаў стала абмеркаванне праектаў па цыфравізацыі бібліятэчных паслуг і пашырэнні інфармацыйных рэсурсаў на круглым стале «Электронныя бібліятэкі: ад аблічбоўкі да забеспячэння аддаленага доступу». Гэтыя пытанні асабліва цікавыя для прадстаўнікоў публічных бібліятэк.

У другі дзень адбыліся секцыйныя пасяджэнні «Бібліятэка і навука: узаемадзеянне і перспектывы», «Праектныя ініцыятывы і сацыякультурныя практыкі ўстаноў культуры і адукацыі».

На секцыі «Праектныя ініцыятывы і сацыякультурныя практыкі ўстаноў культуры і адукацыі» дакладчыкі расказалі пра рэалізаваныя праекты ў бібліятэках і музеях. Прагучалі выступленні супрацоўнікаў з Мінскага, Салігорскага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці. Дырэктар ДУК «Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка ім. П. Труса»  Аксана Драчан выступіла з дакладам «У памяці сэрца рэха вайны: з досведу працы па прапагандзе патрыятычнага выхавання», у якім распавяла пра ініцыятывы бібліятэкі ў напрамку захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне сярод падрастаючага пакалення. Прадстаўнікі ДУ «Мінская раённая цэнтральная бібліятэка» закранулі некалькі аспектаў работы бібліятэчнай сферы: загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Марына Камлюк у выступленні «Праект «Бібліятэка ў аб'ектыве як сродак захавання гістарычнай памяці і папулярызацыі дзейнасці бібліятэк» прэзентавала новы віртуальны падрыхтаваны да 100-годдзя Мінскай раённай бібліятэкі і прадстаўлены на яе сайце; метадыст 1 катэгорыі Святлана Каўзелева ў дакладзе «Для тых, хто гады не лічыць» расказала аб актыўнай рабоце бібліятэк Мінскага раёна, накіраванай на падтрымку і арганізацыю вольнага часу чытачоў пажылога ўзросту.

Такім чынам, на XI Міжнародным кангрэсе «Бібліятэка як феномен культуры» абмяркоўваліся надзённыя праблемы бібліятэчнай галіны, звязаныя з цыфрызацыяй сферы культуры, узнімаліся пытанні папулярызацыі гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, ролі і месцы бібліятэк у сістэме патрыятычнага выхавання, абмяркоўваліся новыя ініцыятывы. прыцягненне моладзі і паляпшэнне доступу да інфармацыі.

Скарбніца ведаў. Гісторыя і лёс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Exit mobile version