Site icon Слушна

У Мінску ўзнагародзілі «Жанчын года-2019»

Арганізатарам рэспубліканскага конкурсу, які праходзіць ужо ў 12-ы раз, з'яўляецца Беларускі саюз жанчын (БСЖ). Сёлета цырымонію давялося адкласці на два месяцы з-за эпідэміі каранавіруса.

Жанчына года.

Першымі на сцэну па ўзнагароды ўзняліся жанчыны-медыкі, праца якіх у 2020-м сталася сімвалам мужнасці і надзеі. Былі адзначаныя прадстаўнікі кожнай з абласцей Беларусі і г.Мінска. Старшыня БСЖ Марыяна Шчоткіна нагадала, што ўвесну саюз арганізаваў акцыю «Марафон падтрымкі» ў дапамогу медработнікам. Яна падзякавала ўсім, хто браў актыўны ўдзел: «Жанчыны Беларусі – гэта тыя, хто любіць і шануе нашу краіну і пацвярджае гэта не толькі прамовамі, але і ўласнымі справамі».


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава назвала ўсіх тых, хто сабраўся, «сяброўкамі» і нагадала: «Жанчыны могуць усё! Мы разам, а значыць, мы – сіла».
Шмат удзячных слоў пачулі ўдзельніцы Беларускага саюза жанчын ад віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнкі: «Дзякуй за вашую працу, вашую дабрыню, за тое, што церпіце часам моцную палову чалавецтва. Хаця невядома, хто тут моцны, а хто слабы. У Беларусі жывуць самыя прыгожыя жанчыны свету. Гэта ацэнка не толькі беларускіх мужчын, але і ўсіх, хто прыязджае да нас, а потым не хоча ад'язджаць, бачачы такую прыгажосць. Няхай мір, шчасце і росквіт заўсёды будуць у нашай краіне».
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік дадаў, што «нашы жанчыны, нягледзячы на традыцыйную ролю захавальніцы хатняга ачага, ніколі не задавольваліся толькі ёй. Зараз ім не трэба ўваходзіць у хаты, што гараць, і спыняць коней, якія скачуць. Гэтым займаюцца мужчыны з МНС і ДАІ, але нашыя жанчыны не застаюцца ў баку і адыгрываюць актыўную ролю ў жыцці краіны». Міністр заклікаў усіх мужчын сказаць словы падзякі сваім матулям за тое, што вырасцілі, і жонкам – за тое, што яны гадуюць іх дзяцей. «Пакуль у краіне чуецца дзіцячы смех, у яе ёсць будучае», – нагадаў міністр.

У размове з журналістамі Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што жаночае насельніцтва ў Беларусі пераважае – 53,8%. Жанчыны паспяваюць і кіраваць, і ствараць, і рэалізоўвацца ва ўсіх прафесіях. Па словах віцэ-прэм'ера, у Беларусі высокі паказчык колькасці жанчын у парламенце – імі занята 40% месцаў, у іншых краінах гэтая квота складае 25,6%.
Ігар Петрышэнка паведаміў, што з 1-га жніўня павялічваецца памер дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці – да 2561 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – да 3585 рублёў. Таксама павялічацца дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў. З першым дзіцем гэтая лічба складзе 428 рублёў, з другім і наступнымі – 488 рублёў. Узровень выплатаў для падтрымання мацярынства ўвязаны з сярэдняй заработнай платай па краіне. Дзякуючы праграме «сямейны капітал», за апошнія 4 гады прырост трэцяга і наступных дзяцей вырас на 140%. Ігар Петрышэнка заклікаў да стварэння гендэрнай роўнасці і павелічэння ролі мужчын пры выхаванні дзяцей.

Па выніках 12-га рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» было ўручана 38 знакаў-сімвалаў (васільковых жар-птушак) у намінацыях «Паспяховы кіраўнік», «Лідар Беларускага саюза жанчын», «Матчына слава», «Гаспадыня сяла», «Духоўнасць і культура».

Фота – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version