Site icon Слушна

У паралельнай рэальнасці

А ў вас таксама ёсць такое адчуванне?! Быццам мы ўсе разам апынуліся ў паралельнай рэальнасці. І здаецца, што гэта ўсё адбываецца не з намі. «Ушчыкніце мяне, я хачу прачнуцца»… Гэтае разгубленае можна пачуць раз-пораз услых, а па большасці – у маўклівых дыялогах. З кімсьці альбо з самім сабой…
Каранавірус. Паралельная рэальнасць.

Асабіста я апынулася ў гэтай рэальнасці не толькі з-за каранавіруса, але і з-за страты самага блізкага чалавека. Але пра гэта, балючае, напішу іншым разам. Зараз жа – пра каранавірус і свае адчуванні.

У сацыяльных сетках ды на сайтах цяпер шмат чытаю разважанняў, абсалютна ідэнтычных маім. І нават не здзіўляешся, што іншы чалавек, незнаёмы ў рэале, пэўным чынам падслухаў твае думкі і агучыў іх. Мы пачалі нават думаць аднолькава.

Мы з’ядналіся ў сваёй трывозе за блізкіх, знаёмых і незнаёмых… Перажываем за медработнікаў. Многія з жыхароў Беларусі разгарнулі такую актыўную дзейнасць, каб хаця б крыху дапамагчы ім!

Мая асабістая трывога – за нашага начальніка аддзела інтэрнэт-праектаў, цудоўнага Чалавека і Ўрача, анестэзіёлага-рэаніматолага, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольгу Іванаўну Святліцкую, якая знаходзіцца зараз у эпіцэнтры падзей…

Усім медыкам – пабольш сіл, цярпення і, вядома ж, здароўя.

Памятаю, як калісьці ўразіў мяне фільм «Паслязаўтра» – пра тое, як на Зямлі пачала панаваць вечная мерзлата, і ў жывых засталіся нямногія. Я ўвогуле не люблю жахі. Фільмы жахаў, кнігі… І нават падумаць не магла, што ў адным з такіх фільмаў мы апынемся.

Ну скажыце, што ўсё гэта хутка скончыцца!!! Раз і назаўсёды! Мы так прывыклі верыць, што больш не будзе вайны як самага вялікага жаху… Але тое, што адбываецца зараз, не нашмат лепей.

Я не люблю кнігі жахаў. І ўсё ж перачытваю зараз Дэна Брауна… І лаўлю сябе на думцы, што апісанае больш не пужае. І дзесьці тая фантастыка ўжо чамусьці перасяляецца ў рэальнасць… Як такое магло здарыцца?! Ну ўшчыкніце ж мяне! Я хачу прачнуцца…

Не хачу думаць, што не магу абняцца з сяброўкамі, як раней… Што зараз уся ўвага, калі выходзіш з дому, нададзеная экіпіроўцы – маска, пальчаткі, зменныя маскі і пальчаткі ў сумачцы, антысептык… Што ты спыняеш выцягнутай рукой на сацыяльнай адлегласці сябра, які радасна кідаецца табе насустрач. А ў крамах ды аптэках звыкла становішся ля жоўтай ці чырвонай лініі на падлозе і скіроўваеш сваю ўвагу на тое, каб не спяшацца, не наблізіцца да наступнай раней, чым адыдзецца той, хто перад табой у чарзе. Рэдкай-рэдкай цяпер чарзе…

Сонца?! Квецень на дрэвах?! Краем вока. Нічога не радуе. Ты прыслухоўваешся да таго, што робіцца ў цябе ўнутры. А там… Альбо бура, альбо зацішша перад бурай, альбо – абсалютнае знясіленне падчас яе. Дэпрэсія?! Я б не сказала. Магчыма, медыкі прыдумаюць іншую назву такому стану падчас пандэміі каранавіруса. А можа, і прыдумалі ўжо…

Стараюся не чытаць шмат навінаў на сайтах, але… Хапае мяне ненадоўга. Рука сама цісне кнопку мышы, а вочы ўсхвалявана бегаюць па радках. «Ну давай, давай, накруці сябе яшчэ болей», – кажу ў думках. І накручваю. Дзе ж вы, дзе, іншыя навіны, не звязаныя з каранавірусам, COVID-19?! Калі і трапляюцца, дык настолькі зрэдчас… І каб сапраўды захацелася іх пачытаць…

Але нягледзячы на ўсё напісанае, я жыву ў прадчуванні таго часу, калі ўсё гэта скончыцца. Хтосьці будуе планы, што ён зробіць найперш. А жыхары Даніі пасля зняцця пэўных абмежванняў ужо штосьці і ажыццяўляюць. Напрыклад, ірванулі ў цырульні.

Ну адпусці нас ужо, паралельная рэальнасць! Мы так хочам вярнуцца ў сваё звыклае жыццё…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version