Site icon Слушна

У прадчуванні святаў

Пакуль снег імкнецца супрацьстаяць дажджу, а снежань адстойвае свае правы ў змаганні з лістападам, мы амаль штодня задумваемся пра хуткаплыннасць жыцця. І найперш пра тое, што вось ужо і пяты дзень першага зімовага месяца імкліва набірае хаду. Зараз суткі паляцяць проста з касмічнай хуткасцю! Зірнеш на каляндар, а там ужо 25 снежня. Каталіцкія Каляды...

А вы заўважалі, сябры, як апошнім часам нас яднаюць калядна-навагоднія святы?! І каталікоў, і праваслаўных, і вернікаў, і атэістаў... Бо часцяком у межах адной сям’і або сярод блізкіх, знаёмых абавязкова знаходзяцца тыя, хто святкуе Ражство Хрыстова 25 снежня, і тыя, хто 7 студзеня.

... Аднойчы ў межах свайго колішняга праекта «Куточак Чэрвеньшчыны» я завітала ў адну з аддаленых вёсак раёна. Там жылі толькі дзве бабулі-суседкі. Адна – шчырая каталічка, другая – такая ж шчырая праваслаўная. Дабірацца да царквы альбо касцёла ў Чэрвені яны не маглі. Маліліся кожная ў сваёй хаце. І – разам святкавалі Божае Нараджэнне. Спачатку ў адной, затым – у другой.

Памятаю, наколькі мяне расчуліла тады такая еднасць. А ўвогуле, даволі часта ў аддаленых вёсках я сустракала вернікаў розных канфесій, у якіх не ўзнікала непаразуменняў. І хто шчыра верыў і працягвае верыць у тое, што Бог для ўсіх – адзін. А той, хто лічыць сябе атэістам, таксама мірна ўжываўся ў іх кампаніі. І нават падтрымліваў пэўныя рытуалы...

Вядома ж, ва ўсіх нас абсалютна рознае стаўленне да навагодніх святаў, да традыцый нашых продкаў. Для кагосьці гэта – магчымасць адчуць далучанасць да сваіх каранёў, для іншых – нагода арганізаваць святочны стол з усімі атрыбутамі і, так бы мовіць, расслабіцца... Але і тыя, і другія не застаюцца абыякавымі да тэатралізаванай дзеі, якую нясуць ім у хаты... калядоўшчыкі! Асабліва, калі гэта адбываецца на вёсцы...

Не так даўно традыцыі калядавання аднавілі і ў нашым правінцыйным гарадку. Ну што я магу сказаць з гэтай нагоды... Калі выкарыстоўваюцца толькі прымітыўныя фрагменты касцюмаў і вымаўляецца ўсяго пару сказаў па тэме, відавочна назіраецца мэта – сабраць даніну. І пажадана вадкай валютай і грашыма. А гэта не ў традыцыях продкаў, скажу я вам...

Дакладней, для іх не было галоўным набіць мяхі кіўбасой і атрымаць у падзяку буталь самагону. Яны весяліліся самі і неслі радасць іншым. І шчыра верылі ў тое, што добрыя пажаданні гаспадару, гаспадыні, іх дзеткам абавязкова спраўдзяцца. Што цэлы год у хатах будуць панаваць лад і згода,  свойская жывёла парадуе прыплодам, а ўраджай на палетках – багаццем.

Таму калі і зараз усё ідзе ад душы і сэрца... Калі сапраўды разыгрываюцца цэлыя тэатралізаваныя дзеі з Цыганам, Казой, Мядзведзем, з каляднай зоркай – гэта вельмі здорава! І такіх прыкладаў сапраўды ведаю нямала. Калі ўдзельнічаюць у калядаванні шчырыя энтузіясты альбо супрацоўнікі сельскіх дамоў культуры.

Памятаю, як інтэрнэт-сяброўка з Украіны распавядала пра тое, што ў іх «засяваюць» (пасыпаюць вакол сябе збожжам з добрымі пажаданнямі гаспадарам) на дзень Святога Мікалая, 19 снежня. І вельмі добрая прыкмета, калі гэта робяць мужчыны. Вось яна і рыхтавалася зараней да прыходу суседзяў, гатавала пэўныя стравы.  І я тады проста па-добраму пазайздросціла тым традыцыям, якія захаваліся ў іх нават у горадзе!

А ў нас ёсць яшчэ час, каб прадумаць душэўнасць святкаванняў у беларускіх народных традыцыях, праўда?! Падрыхтаваць штосьці адметнае для сваіх блізкіх і сяброў. Каб дзесьці там, у Сусвеце, нас пачулі. І дапамаглі. І даслалі на Зямлю ў іскрыстых праменьчыках каляднай зоркі дабрыню, радасць, шчасце, веру, надзею, любоў...

Exit mobile version