Site icon Слушна

Удзельнікі марафону «Гарады, якія бягуць» #velcombegom прабеглі ў дапамогу дзецям на рэкордную суму – 165 тыс. рублёў

Больш за 30 тыс. кіламетраў за 42 дні прабеглі ўдзельнікі дабрачыннага марафону «Гарады, якія бягуць» #velcombegom. Вынік акцыі – рэкордная сума ў 165 тыс. рублёў, шо пойдзе шасці дзіцячым абласным цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі нашай краіны.

Галоўная ўмова марафону - выходзіць на прабежкі, рабіць скрыншот сваіх вынікаў і... зарабляць кіламетры. Сёлета забег стаў па-сапраўднаму агульнанацыянальным. Удзел у марафоне прынялі жыхары ўсіх абласцей. Усяго звыш 5 тыс. чалавек. Па ўмовах змагання пераможцам стане той рэгіён, удзельнікі якога прабягуць у суме больш «кіламетраў дабра».

Зрэшты, па словах першага намесніка генеральнага дырэктара кампаніі velcom Мікалая Юшкевіча, у гэтым дабрачынным спаборніцтве няма тых, хто прайграў: усе шэсць дзіцячых абласных цэнтраў рэабілітацыі атрымаюць фінансавую дапамогу. Дабрачынны марафон #velcombegom сёлета прайшоў ацвёрты раз. Але спыняцца кампанія не плануе. У будучым, упэўнены Мікалай Юшкевіч, гэтая добрая традыцыя будзе працягвацца.

Пераможцам цяперашняга марафону стаў Гродзенскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю. Падчас акцыі ўдзельнікі з Гарадзеншчыны прабеглі больш за 7 тыс. кіламетраў. Установа атрымала ад кампаніі velcom 40 тыс. рублёў.

 
Галіна Каляда
Галоўны ўрач Гродзенскага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю
Дзеці павінны быць шчаслівымі. Незалежна здаровыя яны ці ў іх ёсць нейкія праблемы. Такія акцыі дапамагаюць прыцягнуць на наш бок людзей. Сказаць, што мы ёсць. Сёння ў нашым цэнтры праходзяць рэабілітацыю 64 дзіцяці. Гэта дзеці-інваліды, маленькія пацыенты з дзіцячым цэрэбральным паралічом, пасля запаленчых захворванняў галаўнога мозгу, хворыя псіханеўралагічнага профілю.

Атрыманыя грошы, распавяла Галіна Каляда, якая і сама прымала актыўны ўдзел у марафоне, плануецца выдаткаваць на набыццё медыцынскага абсталявання. Запаветная мара – спецыяльная баракамера, у якой могуць знаходзіцца дзеці з мамамі.

Суму ў 35 тыс. рублёў пералічаць Гомельскаму абласному дзіцячаму цэнтру медыцынскай рэабілітацыі «Верасок», які заняў другое месца. У скарбонцы удзельнікаў з Гомельшчыны – 5960 км.

Фінансавую дапамогу ў 30 тыс. рублёў атрымае Брэсцкі абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Тамашоўка», які заняў трэцяе месца. Жыхары Брэстчыны прабеглі 5040 км.

Тыя месцы, што засталіся, падзялілі абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Космас» (Магілёўская вобласць) з вынікам 4927 км, абласны дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Ветразь» (Віцебская вобласць) – 4823 км, абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Пухавічы» (Мінская вобласць) – 4157 км . Ім кампанія velcom пералічыць 25 тыс., 20 тыс. і 15 тыс. рублёў адпаведна.

Постфактум

Стартаваў марафон у Гомельскай вобласці. 25 ліпеня ў Гомелі адбыўся масавы забег, у якім прынялі ўдзел каля тысячы чалавек, якія пераадолелі дыстанцыю ў больш чым 1 тыс. кіламетраў. Адна з самых доўгіх дыстанцый склала 42 кіламетры.

У Брэсцкай вобласці быў зафіксаваны самы працяглы забег за ўсю гісторыю правядзення акцыі #velcombegom – Пётр Рагойша за 12 гадзін прабег 108 кіламетраў.

На Магілёўшчыне жыхарка Бабруйска Вольга Няжэльская падчас 12-гадзіннага забегу пераадолела 89,3 «кіламетраў дабрыні».

У Гродзенскай вобласці ў масавым забегу прынялі ўдзел больш за 300 чалавек. Не засталіся абыякавымі жыхары Ваўкавыска, Ашмянаў, Смаргоні, Карэлічаў, Дзятлава, Шчучына, Ліды і многіх іншых гарадоў вобласці.

Самую арыгінальную дыстанцыю ў форме лагатыпа акцыі «Гарады, якія бягуць» – контуру Беларусі – прабег мінчанін Ян Пятроўскі. Падтрымала Мінскую вобласць і вядомая біятланістка Надзея Скардзіна.

Праект #velcombegom – дабрачынная спартыўная ініцыятыва кампаніі velcom. Закліканая аказаць дапамогу дзецям, якім гэта неабходна,  і дзіцячым медыцынскім цэнтрам, а таксама спрыяць папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Упершыню забегі #velcombegom прайшлі ў 2015 годзе.

Exit mobile version